На суткі за зварот да ўладаў

Гісторыя з перашкодамі актывісту Руху "За Свабоду” Уладзіславу Кашалёву ў зборы подпісаў за “Народны рэферэндум” з боку ідэолагіхі, а затым затрыманне міліцыяй і суд над ім паказала: у Беларусі грамадзянін не мае вольнага права не тое, што на пратэст, а нават на зварот да ўладаў.


Напачатку аргумент, што зборшчык подпісаў кіруецца законам “Аб зваротах грамадзян”, не падзейнічаў на намесніцу дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы каледжа РIПА і старшыню Партызанскай раённай арганізацыі “Белай Русі” Зінаіду Казлоўскую.

Крамола – і ўсё тут. Рве на шматкі аркушы з подпісамі, сабранымі ў інтэрнаце. Нацкоўвае міліцыю.

Па ўсім, ідэолагі атрымалі зверху нейкі інструктаж наконт “Народнага рэферэндуму”. Пра кампанію Казлоўская ведала і паўтарала ўстаноўку, што для склікання рэферэндуму грамадзянамі патрэбна адпаведная працэдура з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы і так далей. Так, слушна. Але ідэолагі дрэнна ведаюць Канстытуцыю: грамадзяне маюць права звярнуцца да парламента з просьбай, каб ён прызначыў рэферэндум. Подпісы да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў якраз і збіраюцца паводле закона “Аб зваротах грамадзян”. 50 тысяч ужо перададзены туды.

“Мае б дзеці гэтым бы не сталі займацца! І вы б сваіх не адправілі б!” – сказала яна мне ў судзе. Між тым я якраз выхоўваю сваіх дзяцей так, каб яны мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Нібыта і Зінаіда Казлоўская – грамадская актывістка. Чытаю вось у “Мінскім кур’еры”: “С первого класса сельской школы в Сморгонском районе начиналась ее общественная карьера: от участия в сантройке в младших классах до комитета комсомола на заводе "Транзистор", от вожака школьного комсомола до такой же организации ПО "Интеграл", общественные нагрузки в училище электроники, БМРТИ”.

Але выпадак з Кашалёвым дэманструе, што актывізм ідэолагіхі – камісарскі: стаяць на варце стабільнасці рэжыму і ўладалюбна пільнаваць замахі на яе.

І, па сутнасці, удзельніца ажно трох Усебеларускіх народных сходаў, разарваўшы падпісныя аркушы, разарвала зваротную сувязь уладаў і грамадзян.

Інерцыйна паводзяцца і іншыя вінцікі сістэмы - міліцыянты. Калі ўжо забралі каго – значыць, трэба нешта “прышыць”. Такі панятак, і ён вышэй за закон. У выніку справа – у судзе.

Суддзя ж, абапіраючыся на паказанні сведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяннях зборшчыка подпісаў прыкметы правядзення схода жыхароў інтэрната на адным з паверхаў. Чаго на самой справе не было ні ў рэальнасці, ні ў пратаколе. Вырак – трое сутак адміністратыўнага арышту.

Ідэолаг Казлоўская можа спаць спакойна з пачуццём выкананага абавязку…

.
31.10.14 12:43



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрий Губаревич