Што агульнага ў Алімпіяды і выбараў?

11 жніўня стануць вядомыя прозвішчы ўсіх кандыдатаў у дэпутаты ў Палату Прадстаўнікоў. Але ўжо зараз можна з дакладнасцю 99% спрагназаваць вынікі “выбараў“, проста зазірнуўшы ў спісы тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю. 


Як правіла, у кожнай акрузе знаходзіцца прэтэндэнт, які адначасова скарыстаў два спосаба вылучэння: праз збор подпісаў і пры падтрымцы працоўнага калектыву. Калі знаёмішся з месцам працы такога чалавека (дзеючы дэпутат, прадстаўнік выканкама, дырэктар прадпрыемства ці ўстановы), то апошнія сумневы знікаюць - вось ён, шчаслівы ўладальнік будучага дэпутацкага мандата, пра што, як правіла яшчэ і не здагадваюцца яго выбарцы. 


Навіной бягучага палітычнага сезона стане пашырэнне прысутнасці палітычных партый у Палаце прадстаўнікоў. Будучых дэпутатаў ад праўладнай Камуністычнай партыі, і такіх “вядомых” грамадству структур як Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці таксама можна пазнаць па выкарыстанні падвойнага (а то і патройнага) спосабу вылучэння.


Зразумела, што праўладным кандыдытам не было неабходнасці даказваць крыштальную чысціню здадзеных подпісаў, альбо ўвогуле збіраць неабходную для рэгістрацыі тысячу. Але на гэты раз куратары “выбарчага працэсу” прымусілі іх варушыцца -- хай выйдуць на вуліцу, хай пастаяць у пікетах, хай патрэніруюцца, раптам у далейшым жыцці спатрэбіцца. Відавочна, што некаторыя самыя прасунутыя людзі ва ўладзе ўжо зараз разумеюць, што неўзабаве прыйдзе час сапраўды канкурэнтнай барацьбы на выбарах – і да яе трэба быць гатовымі.


А што ў стане палітычных апанентаў рэжыму, ці існуе разуменне таго, што Алімпіяду не выйграеш, калі не будзеш трэніравацца? Са здзіўленнем пераконваюся, што пераважная большасць з 215 апазіцыйных вылучэнцаў абрала лёгкі шлях і пайшла на рэгістрацыю праз вылучэнне ад палітычных партый. Паглядзіце, шэсць дэмакратычных партый (БНФ, АГП, БХД, “Справядлівы свет”, БСДП і “Зялёныя”) здолелі падаць на рэгістрацыю толькі 9 кандыдатаў з сабранай тысячай подпісаў. Натуральна, нельга забываць, што патрабаванні да подпісаў ад рэальна апазіцыйных кандыдатаў абсалютна іншыя, таму падаваць подпісы на рэгістрацыю маглі толькі тыя, хто іх рэальна сабраў.


У выпадку з Рухам за Свабоду, які не партыя, большасць нашых вылучэнцаў і не мелі магчымасці абраць іншы шлях, акрамя як вылучэнне праз збор подпісаў. Таму ўся каманда была скіравана на рэальны збор. 10 чалавек сабралі і здалі подпісы, але ў пэўных выпадках і мы скарысталіся падстрахоўкай праз партыйнае вылучэнне.


Трэба разумець, што на гэтай выбарчай кампаніі (не будзем ужываць слова выбары) жыццё не заканчваецца. Збор подпісаў – гэта дадатковая магчымасць выйсці да людзей, проста нагадаць пра сваё існаванне, бо многія людзі на пікетах шчыра пытаюцца – “Дзе вы хаваецеся, апазіцыя. Чаму мы вас не бачым?”


Вельмі важна для апазіцыі ў цэлым, калі яна хоча быць заўважаная грамадзянамі — працаваць на кантрасце. Паказваць, што ёсць альтэрнатыва. І яна не толькі ў праграмах і асобах, яна павінна вылучацца і візуальна — таму мы выстаўляем пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Калі б мы сядзелі ў гэты час дома на канапах, то, напэўна, не змаглі б скарыстацца такой магчымасцю — здабыць новых прыхільнікаў і данесці свае ідэі.

.
05.08.16 15:49



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрий Губаревич