Людзі гатовыя ісці на рэформы. Нават больш чым вы маглі спадзявацца

Днямі атрымаў вынікі цікавага даследвання, якое праводзілася ў чэрвені на тэрыторыі маёй выбарчай акругі. У апытанні ўзяло ўдзел 397 чалавек, якiя прыжываюць ў Першамайскім раённе Мінска.

Перш за ўсё, вынікі даследавання красамоўна дэманструюць, што людзі не вераць у здольнасць улады вырашаць іхнія праблемы. Прэзідэнт карыстаецца даверам толькі ў 20 працэнтаў апытаных – дарэчы, такі ж самы рэйтынг маюць і праваабарончыя арганізацыі. Урэшце, усе іншыя структуры ўлады і грамадства маюць яшчэ меншы рэйтынг. Яшчэ 20 працэнтаў апытаных не давяраюць нікому, а 22 працэнты не змаглі даць адказ на гэтае пытанне. 


Лагічным працягам такой тэндэнцыі можна лічыць наступныя лічбы – толькі 26,4 працэнты апытаных вераць, што прэзідэнт і ўрад здольныя справіцца з праблемамі і выклікамі, якія стаяць перад краінай. Не вераць у гэта 36 працэнтаў (астатнім – “складана адказаць”).  

Што да парламенцкай кампаніі, то 70 працэнтаў апытаных заявілі, што ведаюць пра парламенцкія выбары, але толькі 6,3 (!) працэнта змаглі назваць імя дзеючага дэпутата, які нібыта прадстаўляе інтарэсы грамадзян у Палаце прадстаўнікоў. 

Даволі паказальныя (прынамсі, для Мінска) з’яўляюцца і дадзеныя пра тое, якому кандыдату на гэтых выбарах апытаныя гатовыя аддаць перавагу. У адказе на гэтае пытанне 58 працэнтаў сказалі “незалежнаму”, 7,6 – апазіцыйнаму, 5,3 -- праўладнаму, і астатнія не вызначыліся з адказам. 

Сярод аналітыкаў і нават сярод некаторых дэмакратычных палітыкаў часам гучаць сцвярджэнні, нібыта беларусы “баяцца радыкальных рэформ”. Дадзеныя нашага апытання калі не абвяргаюць, то як мінімум істотна карэктуюць гэты тэзіс. Вы самі можаце пераканацца ў гэтым, паглядзеўшы на дыяграму, каб пабачыць, якія тэмы больш за ўсё хвалююць жыхароў Мінска. 


Як бачым, рэзкае пагаршэнне эканамічнага стану грамадзян Беларусі прыводзіць да іхняй большай рашучасці ў справе рэфармавання як палітычнай, гэтак і эканамічнай сістэмы. 44 працэнты апытаных (“так” – 17,6 і “хутчэй так” – 26, 4) гатовыя падтрымаць эканамічныя рэформы нават у тым выпадку, калі гэта прывядзе да часовага пагаршэння іхняга матэрыяльнага стану. “Не” і “хутчэй не” такім рэформам сказалі адпаведна 19 і 15 працэнтаў. У адказе на пытанне пра шляхі выхаду з цяперашняга эканамічнага крызісу меркаванні рэспандэнтаў падзяліліся амаль пароўну – 47,4 выступаюць за “ўдасканаленне існуючай эканамічнай мадэлі”, 43,6 за “поўнае рэфармаванне існуючай эканамічнай мадэлі”. Нават у такім чуллівым для насельніцтва пытанні, як форма аказання медычных паслуг,  34 працэнты апытаных выступаюць за страхавую медыцыну, 30 – за змешаную і толькі 29 за бясплатную. 


Гэта апытанне, як і мой вопыт кантактаў з выбаршчыкамі падчас пікетаў на вуліцах Мінска, прымушае па-новаму зірнуць не некаторыя ўстойлівыя міфы і стэрэатыпы. Светапогляд людзей мяняецца, іхняя незадаволенасць цяперашнім эканамічным крызісам прыводзіць за пэўных зменаў і новых трэндаў у грамадскай думцы. Гэта перш за ўсё – недавер да ўлады і яе здольнасці вырашыць праблемы краіны, гатоўнасць падтрымаць эканамічныя і палітычныя рэформы, нават пры ўмове часовага пагаршэння ўзроўню жыцця, і пры гэтым вялікі недавер як да ўлады, гэтак і да апазіцыі, прыхільнасць да “незалежных” кандыдатаў. Актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі на фоне зніження рэйтынгу ўлады стварае зручную пляцоўку для прэзентацыі альтэрнатыўных падыходаў.

.
11.08.16 13:04



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрий Губаревич