Мы рыхтуемся да перамогі

Я бачу Рух безумоўным лідэрам – як паводле колькасці, гэтак і паводле нефармальнага аўтарытэту – сярод усіх дэмакратычных арганізацый краіны.

Рух “За Свабоду“ небеспадстаўна прэтэндуе на ролю галоўнай праеўрапейскай сілы ў Беларусі. Мы дэкларуем зразумелыя і блізкія прагрэсіўнай частцы грамадства ідэі Свабоды, Незалежнасці і Дэмакратыі. Абапіраемся на падтрымку усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, хто разумее, што прывабная будучыня краіны можа быць толькі ва ўмовах дэмакратыі і еўрапейскага выбару.

Мы павінны застацца адзінымі і моцнымі, быць гатовымі да таго, каб у часе свабодных і дэмакратычных выбараў перамагчы і мець сваіх прадстаўнікоў у органах улады на ўсіх узроўнях. Тое, што я скажу, можа падасца вам парадаксальным – але я веру, што гістарычная перамога дэмакратыі ў Беларусі, магчыма, не так далёка, як усім нам здаецца.

Нашы найбліжэйшыя планы:

- праца з моладдзю, з рэгiёнамі, асвета.

- удзел сябраў Руха ў мясцовых выбарах 2018 года. Вылучэнне не менш за 100 кандыдатаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі;

- падрыхтоўка да парламенцкай кампаніі 2020 года. Вылучэнне самастойна, ці ў рамках кааліцыі не менш за 30 кандыдатаў, каманда кожнага з якіх будзе налічваць ад 50 чалавек;

- падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Стварэнне вакол вылучанага альбо падтрыманага Рухам кандыдата шырокай дэмакратычнай кааліцыі.

Рух не арганізацыя адной асобы. У нас кожны, хто гэта заслугоўвае, можа стаць аўтарытэтным лідэрам, прэтэндаваць на любую ролю і пасаду ў структурах Руху. Мы ствараем умовы для асабістага росту і пашырэння вядомасці новых асобаў, як на нацыянальным, так і рэгіянальным узроўні. Магчыма, мы часам недаацэньваем, які гэта гонар і прывілей – быць разам з аднадумцамі, аб’яднанымі супольнымі каштоўнасцямі, адзіным бачаннем Беларусі як дэмакратычнай і еўрапейскай краіны.

Адной з нашых найважнейшых напрацовак, адметнасцю і відавочнай перавагай сярод іншых дэмакратычных структур ёсць «Народная праграма» - гэта распрацаваныя найлепшымі беларускімі экспертамі прапановы новага пазітыўнага бачання будучыні Беларусі. Фактычна гэтая гатовая праграма рэформаў, – гэта тое, што мы можам смела і годна прапанаваць грамадству, калі тое пытаецца “а што ж прапануе апазыцыя?”. Гэта вельмі важна – што мы можам прапанаваць нашым цяперашнім і будучым аднадумцам прывабную і зразумелую палітычную альтэрнатыву.

Рух "За Свабоду" – паслядоўная праеўрапейская і незалежніцкая сіла, у якую асабліва апошнім часам прыйшло шмат новых людзей. У нас заўжды панавалі прынцыпы супольнай працы, агульных зацікаўленняў і ўзаемадапамогі. Менавіта агульныя каштоўнасці і стратэгія дзеянняў для нас заўсёды былі вышэй за асабістыя амбіцыі і палітычныя інтарэсы асобных людзей. Я магу гарантаваць, што гэты прынцып застанецца галоўным у выпадку майго абрання старшынём Руху.

На сёння Рух мае каля 600 актыўных сяброў, 15 зарэгістраваных падчас апошняй выбарчай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты. Але гэта толькі адпраўны пункт. Праз чатыры гады я бачу Рух безумоўным лідэрам – як паводле колькасці, гэтак і паводле аўтарытэту – сярод усіх дэмакратычных арганізацый краіны.

З іншага боку, я разумею, што як у свой час Уінстан Чэрчыль, не магу гарантаваць вам нічога акрамя цяжкай працы, слёзаў і поту. Бо наша канчатковая мэта нялёгкая – перамога над аўтарытарным рэжымам, пабудова дэмакратычнай Беларусі. Але як і Уінстан Чэрчыль, я безумоўна веру ў гэтую канчатковую перамогу. Іначай ня варта было б і працягваць нашую барацьбу. І сам, асабіста, гатовы зрабіць усё магчымае і немагчымае, бо для мяне гэта справа жыцця.

15.10.16 20:33



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрий Губаревич