Рублямі па доларах 14.02.2015

Нацбанк Беларусі абвясціў шэраг захадаў дзеля дэдаларызацыі эканомікі. Ну, ці дэеўраізацыі, калі вы аддавалі перавагу агульнаеўрапейскім грашам. Замежнай валютай – ані доларамі, ані еўра, ані якой іншай – ад 1 сакавіка ў нашай краіне забараняецца браць плату за страхоўкі, аўтамабільнае паліва на запраўках, турыстычныя пуцёўкі, а таксама пры гандлі і аказанні паслугаў на дарогах з нумарацыяй М, М/Е і памежных пунктах пропуску.


З аднаго боку, гэта нармальна, калі на тэрыторыі той альбо іншай краіны можна разлічвацца толькі нацыянальнай валютай. У нашым выпадку – у Беларусі беларускімі рублямі альбо калі-небудзь талерамі.

Аднак жа такія захады пасля значнай дэвальвацыі выглядаюць сумнеўнымі. Прычым яшчэ не факт, што курс беларускага рубля датычна долара сягнуў дна.

Рэгулярнае абрынанне нацыянальнай валюты і неўтаймаваная інфляцыя падарвалі давер да яе з боку і бізнэсу, і насельніцтва. У такой сітуацыі, наадварот, эканоміка становіцца больш залежнай ад вольна канвертаваных валют.

Беларусы ўважліва сочаць за курсамі рубель-долар і рубель-еўра, балюча перажываюць дэвальвацыю і прадчувае рост коштаў. Натуральна, народ захоўвае зберажэнні ў банкнотах з партрэтамі амерыканскіх прэзідэнтаў, а не з выявамі вядомых беларускіх архітэктурных збудаванняў.

Гэта не ў Расіі, дзе дэвальвацыя вымяраецца не ў курсе рубля, а ў кошце другой нацыянальнай валюты – гарэлкі. Калі гарэлка патаннела, то, можа, і дэвальвацыі ніякай не было… Дарэчы, і аўтамабіляў наш народ апошнія месяцы выгадна накупляў у Расіі з ашчаджэнняў менавіта ў доларах.

Па спажывецкай псіхалогіі і звычцы ўдарыла і забарона гандлярам пазначаць кошты у крамах ва ў.а. – яшчэ адзін з захадаў па абмежаванні абарачэння замежнай валюты ў Беларусі. Наступнымі непапулярнымі крокамі ўладаў могуць стаць фіксацыя пашпартных дадзеных не толькі пры куплі, але і падчас продажу валюты насельніцтвам, а таксама, як у СССР, абмежаванне сумаў наяўнай валюты, якія могуць захоўвацца дома.

Можна прагназаваць, што дэдаларызацыя па-за неабходным комплексам эканамічных рэформаў і ва ўмовах падзення нацыянальнай валюты створыць новыя праблемы як для бізнэсу, так і для спажыўцоў.

На суткі за зварот да ўладаў 31.10.2014

Гісторыя з перашкодамі актывісту Руху "За Свабоду” Уладзіславу Кашалёву ў зборы подпісаў за “Народны рэферэндум” з боку ідэолагіхі, а затым затрыманне міліцыяй і суд над ім паказала: у Беларусі грамадзянін не мае вольнага права не тое, што на пратэст, а нават на зварот да ўладаў.


Напачатку аргумент, што зборшчык подпісаў кіруецца законам “Аб зваротах грамадзян”, не падзейнічаў на намесніцу дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы каледжа РIПА і старшыню Партызанскай раённай арганізацыі “Белай Русі” Зінаіду Казлоўскую.

Крамола – і ўсё тут. Рве на шматкі аркушы з подпісамі, сабранымі ў інтэрнаце. Нацкоўвае міліцыю.

Па ўсім, ідэолагі атрымалі зверху нейкі інструктаж наконт “Народнага рэферэндуму”. Пра кампанію Казлоўская ведала і паўтарала ўстаноўку, што для склікання рэферэндуму грамадзянамі патрэбна адпаведная працэдура з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы і так далей. Так, слушна. Але ідэолагі дрэнна ведаюць Канстытуцыю: грамадзяне маюць права звярнуцца да парламента з просьбай, каб ён прызначыў рэферэндум. Подпісы да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў якраз і збіраюцца паводле закона “Аб зваротах грамадзян”. 50 тысяч ужо перададзены туды.

“Мае б дзеці гэтым бы не сталі займацца! І вы б сваіх не адправілі б!” – сказала яна мне ў судзе. Між тым я якраз выхоўваю сваіх дзяцей так, каб яны мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Нібыта і Зінаіда Казлоўская – грамадская актывістка. Чытаю вось у “Мінскім кур’еры”: “С первого класса сельской школы в Сморгонском районе начиналась ее общественная карьера: от участия в сантройке в младших классах до комитета комсомола на заводе "Транзистор", от вожака школьного комсомола до такой же организации ПО "Интеграл", общественные нагрузки в училище электроники, БМРТИ”.

Але выпадак з Кашалёвым дэманструе, што актывізм ідэолагіхі – камісарскі: стаяць на варце стабільнасці рэжыму і ўладалюбна пільнаваць замахі на яе.

І, па сутнасці, удзельніца ажно трох Усебеларускіх народных сходаў, разарваўшы падпісныя аркушы, разарвала зваротную сувязь уладаў і грамадзян.

Інерцыйна паводзяцца і іншыя вінцікі сістэмы - міліцыянты. Калі ўжо забралі каго – значыць, трэба нешта “прышыць”. Такі панятак, і ён вышэй за закон. У выніку справа – у судзе.

Суддзя ж, абапіраючыся на паказанні сведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяннях зборшчыка подпісаў прыкметы правядзення схода жыхароў інтэрната на адным з паверхаў. Чаго на самой справе не было ні ў рэальнасці, ні ў пратаколе. Вырак – трое сутак адміністратыўнага арышту.

Ідэолаг Казлоўская можа спаць спакойна з пачуццём выкананага абавязку…

Страницы: 1
Читать другие новости

Юрий Губаревич