Перадавыя баі сеткавых рэвалюцыянераў і рашучая бітва ўсяго грамадства.

Можа я выкажу нечаканую думку, але з пункту гледжаньня тактыкі і стратэгіі барацьбы, акцыя ў апошнюю сераду атрымалася найбольш пасьпяховай. Што я маю на ўвазе?



Абвясьціўшы збор ў 9 розных месцах Менску, арганізатары прымусілі карнікаў максымальна мабілізаваць свае сілы ў сталіцы і прадэманстраваць вялікай колькасьці звычайных абывацеляў (якія можа са свайго спальнага раёну наогул рэдка выязджаюць) усю дзікасьць, неадэкватнасьць і ідыятызм лукашэнкаўскіх "апрычнікаў". Магчыма наступным разам трэба зьбірацца не каля вакзалу, а ў самім вакзале, не каля гандлёвага цэнтру, а ў самім гандлёвым цэнтры! І няхай амапаўцы, ў форме і без яе, тлумачаць далёкім ад палітыкі людзям, чаму ім нельга туды ісьці.

Канцэнтрацыя карных силаў у Менску і іх вымушаная расьцярушанасьць у 30 гарадох ўжо прывяла да таго, што карнікаў стала не хапаць. Прыклад таму – Брэст, Пінск і Наваполацак, дзе пратэстоўцаў апынулася ў некалькі разоў болей за "паліцаяў" і тыя не здолелі ні разагнаць маніфестантаў, ні зрабіць масавы "хапун" (бо людзі, дзякуючы сваёй колькаснай перавазе, проста адбівалі сваіх сяброў).

Тым, хто заяўляе, што "акцыя правалілася", трэба зразумець – 3-6 тысячаў пратэстуючых на плошчах не могуць у прынцыпе самастойна зрабіць "Рэвалюцыю" ў адкрытым супрацьстаяньні з 6-12 тысячамі карнікаў (хаця-бы таму, што апошнія – сьпецыяльна падрыхтаваныя прафесіяналы).

Я ведаю, што ў сыстэме МУС лічыцца каля 140 тысячаў чалавек і кажу пра 6-12 тысячаў таму, што ад тых 140 тыс. трэба вылічыць:

а) рознага роду ахоўнікаў (турмаў, адміністрацыйных будынкаў, стратэгічных аб'ектаў і г.д.),

б) работнікаў ДАІ, якія самі ня здольныя да сілавых дзеяньняў (што паказала практыка акцыі "стоп-беньзін" і ўсе ранейшыя "палітычныя" акцыі),

в) салдацікаў-прызыўнікоў унутраных войскаў, якія максімум здольныя стаяць у ацапленьні і часта губляюць прытомнасьць перад вялікім натоўпам маніфестантаў (гэта без жартаў).

Такім чынам, застаецца 6-12 тысячаў натрэніраваных "аператыўнікаў" розных сьпецслужбаў і "адмарожаных" амапаўцаў зь біцэпсамі замест мазгоў. Дзеля таго, каб не даваць сябе арыштоўваць і разганяць, маніфестантаў павінна быць у 10 ці 20 разоў болей чым лукашэнкаўскіх "янычараў".

Каб вывесьці на Плошчы ў Менску і яшчэ ў 30-50 гарадох, 100-200 тысячаў чалавек, адных заклікаў "ШОС!" у сацыяльных сетках мала. На "маўклівыя акцыі" выходзяць людзі, якім і без словаў усё зразумела, але іх відавочна не хапае.

Міліёнам рабочых і служачых якраз словы патрэбныя, ім якраз не ўсё зразумела. Ці здольная сёньняшняя ўлада выйсьці з эканамічнага крызісу і вярнуць усё назад, як было? Хто можа прыйсьці замест сёньняшняга ўраду і ці маюць яны праграму выйсьця з крызісу? Хто будзе замест Лукашэнкі? Як можна прымусіць Лукашэнку сыйсьці? На гэтыя пытаньні трэба людзям адказваць і, што не меньш важна – данесьці гэтыя адказы да людзей, каб яны іх маглі прачытаць ці пачуць.

Арганізатары "Рэвалюцыі" перад 3 ліпеня зрабілі слушны крок – напісалі зварот да рабочых. Але пры гэтым дапусьцілі, на маю думку, дзьве памылкі. Першая – ў звароце аддзялілі сябе ад рабочых:"...дапамажыце вы нам, а мы потым дапаможам вам." На маю думку, заўсёды трэба пісаць:"Мы!" І гэта будзе праўдай, бо рэжым ёсьць перашкода ўсяму народу. Другая памылка – зварот быў надрукаваны толькі на апазіцыйных сайтах і большасьць адрасатаў яго не пабачыла.

У мяне могуць цалкам слушна спытаць:"А, што ты сам робіш, акрамя як аналізаваць і крытыкаваць чужыя дзеяньні?" І такое пытаньне трэба рэгулярна задаваць усім, хто называе сябе палітыкам.

Яшчэ 18 мая я зьвярнуўся праз СМІ з прапановай і заклікам пачаць рыхтаваць масавую акцыю на кастрычнік гэтага году ў Менску і большасьці гарадох Беларусі. Менавіта ў кастрычніку, па ацэнках самых розных эксьпертаў, эканамічны крызіс, міжнародная ізаляцыя і рост сацыяльнай напружанасьці могуць стварыць перадумовы глыбокага палітычнага крызісу рэжыму.

7 чэрвеня быў створаны нацыянальны аргкамітэт Народнага сходу, які плянуецца правесьці 8 кастрычніка адначасова ў 30-50 гарадох. Сёньня аргкамітэты пачалі дзейнічаць у 20 гарадох Беларусі. Ужо распаўсюджана 40 тыс. ўлётак і газэтаў (гл. http://www.narodnyshod.org/). Шукаем сродкі на новыя ўлёткі.

Зразумела, што 40 тысячаў улётак гэта кропля ў моры, што трэба вырабіць і распаўсюдзіць 2 мільліёна экз. і не адзін раз, а 3-4 разы.

Зразумела, што тыя 500 актывістаў, якія сёньня сабраліся ў аргкамітэтах Народнага сходу самі, без далучэньня да працы сотняў тысячаў валянтэраў, з гэтым аб'ёмам працы не справяцца.

Зразумела, цяжка прымусіць тых палітыкаў, што прапануюць дыялог з дыктатарам і рыхтуюцца да палаткавых выбараў у наступным годзе, прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы масавых акцыяў пратэсту.

Але ёсьць сотні тысячаў чытачоў апазіцыйных сайтаў і сябраў антыдыктатарскіх суполак у інтэрнэце. Калі кожны зь іх раздрукуе з сайта Народнага сходу, ці Бел. Партызана, ці Хартыі, ўлётку ці цікавы матэрыял і распаўсюдзіць іх у колькасьці 20 экз. сярод сваіх родных, калегаў па працы, суседзяў (ці проста пакідае па скрынях суседняга дому), і так зробіць да кастрычніка 3 разы, гэта выйдзе 3 выпуска ўлётак па 2-4 мільліёна экз. кожны.

І калі гэта будзе зроблена, будзьце ўпэўненыя, 8 кастрычніка на плошчы выйдуць не меньш 200 тысячаў людзей і ніякія карнікі не здолеюць НАС разагнаць. Але нельга спадзявацца, што хтосьці за вас усё зробіць. Толькі ЎСЕ РАЗАМ мы здолеем перамагчы.
07.07.11 8:32



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Виктор Ивашкевич