Народны сход и Народны суд.

Некалькі месяцаў таму вылучана ініцыятыва правесці па ўсёй краіне 8 кастрычніка Народныя сходы.

У нацыянальны аргкамітэт і ва ўсе мясцовыя аргкамітэты (а сёння яны створаныя ў 31 горадзе) сёння ўваходзяць сябры камандаў усіх дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты, якія пад час апошняй выбарчай кампаніі шмат зрабілі дзеля данясення да людзей праўды пра сённяшнюю ўладу. Сустаршыня аргкамітэту Генадзь Федыніч больш дзесяці гадоў арганізуе працу незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, які ня гледзячы на ўсе цяжкасці бароніць правы рабочых. Станіслаў Шушкевіч, які ўзначальваў Рэспубліку Беларусь у 1991-1994 г.г., і зараз актыўна адстойвае інтарэсы дэмакратычнай Беларусі за мяжой. У аргкамітэце актыўна працуюць Сяргей Калякін і Віктар Карнеенка, якія арганізавалі і ўзначальвалі працу па назіранні за выбарамі, што дало магчымасць выявіць канкрэтныя факты фальсіфікацыяў. Леў Марголін, прадпрыймальнік з Барысава, які шмат год удзельнічае ў арганізацыі барацьбы прадпрыймальнікаў за свае правы. Вінцук Вячорка і Вацлаў Арэшка вельмі шмат рабілі і робяць дзеля развіцця незалежных няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў. Зміцер Бародка і Яўген Афнагель шмат рабілі і робяць па інфармаванні людзей аб рэальнай сытуацыі ў краіне праз газэту "Выбар" і сайт "Хартыя 97". Я сам 5 год выдаваў газэту незалежных прафсаюзаў "Рабочы" і за артыкул аб карупцыі ў адміністрацыі прэзідэнта год адбываў пакаранне на "хіміі".

Падштурхнула нас да гэтай ідэі бандытскае абрабаванне ўсяго народу (раптоўная дэвальвацыя беларускага рубля і шалёны рост цэнаў), не меньш бандыцкі гвалт над людзьмі, што мелі смеласть сказаць праўду пра сённяшнюю ўладу (зняволенне у турмах кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, дзесяткаў іншых палітзняволенных) і абурэнне подласццю і нахабствам беларускага дыктатара які ўпэўнены, што ўсё гэта яму сыйдзе з рук.





Вы самі паглядзіце, што ўлада зрабіла за ўсяго некалькі месяцаў:

23 мая, абрынуўшы беларускі рубель на 56%, Лукашэнка адным махам забраў у людзей больш за полову месячнага заробку.



З-за дэвальвацыі сярэдні памер пенсіяў у даляравым эквіваленце знізіліся са 193 (на пачатак мая) да 115 даляраў. Пенсіянеры адразу сталі бяднейшыя на 40%.

Тым часам інфляцыя ў Беларусі сёлета ўжо склала 36,2%. Але рэальна, найважнейшыя многіе тавары першай неабходнасьці падаражэлі ў два, ў чатыры разы. Прычым нават урад прызнае, што цэны будуць расьці і далей.

На пачатак мая ўклады насельніцтва ў нацыянальнай валюте складалі 10,1 трлн. рублей ці 3,3 млрд. даляраў пры курсе крыху больш 3 тысячаў рублёў. Але ў выніку дэвальвацыі аб'ём рублёвых укладаў скараціўся да 2 млрд. даляраў у эквіваленце. То бок ва ўкладчыкаў скралі адразу 1,3 млрд. даляраў.

Дык, што? Мы павінны моўчкі глядзець, што робіць улада? Ці ўзяцца за абарону сваёй маёмасці, сем'яў, правоў і годнасці?

Галоўнае патрабаванне Народнага сходу – вярніце людзям тое, што ў іх скралі!



Вярніце заробкі і пенсіі да тых памераў (у даляравым эквіваленце) якімі яны былі на пачатку года!

Вярніце ўкладчыкам банкаў 1,3 млрд. даляраў, што яны згубілі ў выніку дэвальвацыі!

Спыніце рост цэнаў!

Дайце магчымасць людзям свабодна абменьваць валюту і вяртаць валютныя крэдыты ў беларускіх рублях!

Пакуль пратэставаць будуць сотні ці нават тысячы чалавек, з намі ніхто не будзе лічыцца. Толькі калі на вуліцы дзесяткаў беларускіх гарадоў выйдуць сотні тысячаў грамадзянаў, улады мусяць пачуць нашыя патрабаванні!

А грошы ў дыктатара ёсць, пры тым асабістыя грошы.



Масква ацэньвае яго маемасьць на 8-12 мільярдаў даляраў- такую лічбу агучыў тэлеканал НТВ. ЗША – прыблізна гэтакжа. У дакладах амэрыканскіх дыпляматаў, абнародаваных на сайце Вікілікс называецца лічба на 9 мільярдаў.

Даходы ад гандлю зброяй, канфісакванымі на мытні таварамі, працэнты ад транзыту ды рээкспарту тавараў у Расею, латэрэі і азартных гульняў, арэнды дзяржаўнай маёмасці, гатэляў, турызма і многага іншага – усё гэта ідзе ў прэзыдэнцкі фонд і на рахункi ўпраўленьня справамі прэзыдэнта. Лукашэнка адзін распараджаецца грашыма гэтых структур, як уласнай маёмасьцю. Ніхто ніколі не кантраляваў гэтых сумаў.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць са стратамі не таму, што нафта дарагая, ці няма попыту на іх прадукцыю. У 2007 годзе ўрад стварыў закрытую структуру – Закрытае акцыянэрнае таварыства Беларуская Нафтавая кампанія – якая ўсе прыбыткі ад гандлю нафтапрадуктамі забірае сабе, а нашым заводам адшпільвае капейкі за выкананьне працы. Куды ідуць гэтыя грошы, колькі кампанія плаціць падаткаў, ці плаціць іх нааагул – невядома нікому, бо прадпрыемства закрытае, а значыць справаздачы даваць не абавязаная. У сьпісах найбуйнейшых падаткаплацельнікаў Беларусі, яе, прынамсі няма.

Гэтакжа зь дзяржаўных прадпрыемстваў выпампоўвае грошы і Лукашэнкава атачэнне. Украінская газэта "Дело" ацэньвае маёмасьць кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства Белтэхэкспарт Уладзімера Пефціева на мільярд даляраў. Гандаль зброяй, вядома, звышпрыбытковы бізнэс. Але чаму гэтыя грошы патрапілі ў кішэню дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства? Сёлета Эўразьвяз наклаў на гэтага чалавека санкцыі, як на прыватнага банкира Лукашэнкі.

Няхай улады абнародуюць даходы закрытых фондаў і кампаніяў. Няхай Лукашэнкава атачэньне раскрые свае даходы і патлумачыць іх крыніцы. Гэта – мільярды даляраў!

Няхай, у рэшце рэшт, дыктатар прадасць свае дзесяткі рэзідэнцыяў, асабістыя самалёты, верталёты, машыны і залатыя гадзіннікі, а з людзьмі разлічыцца!

Калі ж Лукашэнка наплюе на народныя патрабаванні, мы збярэмся ўжо не на Народны сход, а на Народны Суд і прыцягнем яго да адказнасці за махлярства.

А як яшчэ можна кваліфікаваць дзеянні, калі:

17 снежня, напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў, Аляксандар Лукашенка заяўляў: "Мы сегодня имеем достаточно золотовалютных резервов, примерно 6-7 млрд. долларов, для того, чтобы удовлетворить любой спрос на валюту. Нам нет необходимости девальвировать национальную валюту".

17 сакавіка гэтага года глава Нацбанка Пётар Пракаповіч запэўніваў людзей: "Пока я являюсь председателем правления Нацбанка, никакой разовой одномоментной девальвации никогда не будет".

16 красавіка гэтага году Лукашенка абяцаў: "Сегодня-завтра-послезавтра мы выровняем ситуацию по валюте – это дело нескольких дней, может быть, неделя".

12 мая Лукашэнка хлусіў: "Через один-два месяца мы спокойно забудем всякие валютные неурядицы".

А 23 мая Лукашенка адным махам забраў у людзей палову заробкаў і палову іхніх банкаўскіх укладаў.

Усе палітвязні павінны выйсці з турмаў, а на іх месца павінны сесці сапраўдныя злачынцы, якія подла абрабавалі ўласны народ.



Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: " Адзiнай крынiцай дзяржаўнай улады i носьбiтам суверэнiтэту ў Рэспублiцы Беларусь з'яўляецца народ. Чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянiнам за стварэнне ўмоў для свабоднага i годнага развiцця асобы. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных справаў як непасрэдна, так і праз свабодна абраных прадстаўнікоў."

Калі пракуратура, суды і міліцыя з абаронцаў людзей пераўтвараюцца ў карнікаў дыктатара, Народ мае права сам ўзяць на сябе абарону сваіх правоў, абраць народных судзяў, народных прысяжных засядацеляў, народных судовых выканаўцаў, судзіць і пакараць злачынцаў.

Тым больш, што такія народныя суды ўласцівыя беларускай традыцыі і дзейнічалі ў Беларусі са старажытных часоў па канец 18 стагоддзя (да далучэння да Расейскай імперыі) пад назвай копныя суды. Ко́пны суд - суд сельскай ці гарадзкой грамады, аб'ядноўваў сьледчыя й судовыя функцыі, дзейнічаў на аснове звычаёвага права і склікаўся калі пацярпелы падымаў гвалт. Прысуд залежыў ад вінаватасьці злачынцы і памераў учыненай ім шкоды.

Копны суд прыгаворваў да штрафу, да пакрыцця стратаў ці да смяротнага пакарання (з дапамогай шыбеніцы). Рашэнні копнага суду лічыліся канчатковымі й, як правіла, выконваліся адразу.

Спатрэбіцца, мы пойдзем на ўсеагульны страйк і няспынныя мітынгі на цэнтральных Плошчах беларускіх гарадоў і ўсёроўна даможамся свайго.

Але дзеля таго, каб Народны сход і Народны суд былі сапраўды народнымі ў іх павінны прыняць удзел сотні тысячаў грамадзянаў, якія карыстаюцца маральнай падтрымкай мільёнаў беларусаў. І тады ніякія карнікі дыктатара нам не здолеюць перашкодзіць. Бо яны сто разоў падумаюць, перш чым ісці супраць усяго народу і самім рабіцца злачынцамі.

Тым больш, што правядзенне Народнага сходу – не забароненае. Мала таго, яно забаронена быць ня можа.



Паводле Канстытуцыі: "Грамадзяне прымаюць ўдзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах."

Дзейнічае закон " Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", паводле якога ініцыятары павінны стварыць ініцыятыўную групу, сфармуляваць патрабаванні да ўлады, сабраць пад імі подпісы 10% грамадзянаў свайго гарада, ці раёна у гарадзе, ці мікрараёна, ці жыллёвага комплекса, ці квартала, ці вуліцы, ці двара, ці пасёлка, ці сяла (у залежнасці ад магчымасцяў ініцыятыўнай групы і сабраных подпісаў). У падпісным лісце павінны быць прастаўленыя прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, адрас і асабісты подпіс грамадзяніна.

Паводле гэтага закону ініцыятары самі вызначаюць дзень, час, месца Народнага сходу, інфармуюць аб гэтым насельніцтва, а ўлады не маюць права яго забараніць ці не дазволіць.

Улады толькі трэба праінфармаваць аб сходзе за 15 дзён. Лепей прызначаць сход на тыя месцы, якія мясцовымі выканкамамі спецыяльна вызначаныя для масавых мерапрыемстваў.

Вядома, улады могуць парушыць Канстытуцыю, законы, нават здаровы сэнс і паспрабаваць перашкодзіць правядзенню Народных сходаў, калі на яго прыдуць дзесяткі ці нават сотні людзей. Але калі нас будзе сотні тысячаў па ўсёй Беларусі, ніхто не пасмее нам перашкодзіць.



У рэшце рэшт, Народны сход і Народны суд павінны скончыцца тым, што:

Людзям павінна быць вернутае тое, што ў іх скралі.



Павінны быць абнародаваныя даходы закрытых фондаў і кампаніяў.



Павінны быць пакараныя злачынцы, якія рабавалі і катавалі беларусаў.



Павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні.



Павінны адбыцца сапраўды свабодныя выбары на якіх беларускі народ свабодна абярэ новую ўладу. Але новаабраныя кіраўнікі ўжо будуць ведаць, што калі яны будуць хлусіць і даваць невыканальныя абяцанкі, то іх напаткае лёс папярэднікаў.

Шмат хто кажа: "А што я магу? Ад мяне нічога не залежыць. Як Бог вырашыць, так і будзе!"

Такім людзям хачу адказаць прытчай: Адзін чалавек вельмі верыў у Бога. Аднойчы ў ягонай вёсцы пачаўся паводак. Чалавек залез на дах свайго дома і пачаў маліцца. Вось вада паднялася ўжо да даху. Побач праплывае човен і людзі клічуць чалавека: "Паплылі разам з намі!" Чалавек адказвае: "Ня трэба! Мяне Бог выратуе!" Вада ўжо па грудзь, зноў плыве човен і зноў чалавек адмаўляецца ў ім плысці. Вада ўжо па горла, зноў плыве човен і зноў чалавек адмаўляецца: "Мяне Бог выратуе!" Так і патануў чалавек і патрапляе ён да Бога. "Божа! -кажа чалавек, – чаму Ты мяне не выратаваў, я жа так ў Цябе верыў!" "Дурань! – кажа Бог, – я жа табе тры разы човен пасылаў, чаму ты не скарыстаўся!"



З аргкамітэтам Народнага сходу можна звязацца:

праз наш сайт: www.narodnyshod.org,

праз mail: [email protected],

праз Skype: kate.liudvih,

праз тэлефоны: +375297744968, +375447160622, +375296815737, +375259514003.

28.07.11 18:08



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Виктор Ивашкевич