Дзень Незалежнасці з Караткевічам

Сёння я ў Оршы. Тут як і ва ўсёй краіне – свята, гулянні з нагоды Дня Незалежнасці, дня вызвалення Беларусі.

Для гэтага горада згадка пра вайну заўсёды жывая. Тут і помнік легендарным “Кацюшам”, тут памяць пра Канстанціна Заслонава і яго сяброў, тут і наш боль пра закатаваных у мясцовым гета.

Але побач, тут жа ў парку, дзе праходзіць свята, ёсць помнік чалавеку, імя якога нібыта і не асацыюецца з апошняй вайной – Уладзіміру Караткевічу.

Аднак насамрэч свята незалежнасці Беларусі – гэта ўшанаванне не толькі герояў Вялікай Айчыннай, але і Кастуся Каліноўскага, апісаных класікам у рамане “Каласы пад сярпом тваім”, і паплечнікаў выбітнага зямляка аршанцаў – славутага гетмана вялікага літоўскага Канстанціна Астрожскага.

Ва Уладзіміра Сямёнавіча ёсць кніга з выдатнай афарыстычнай назвай: “Быў. Ёсць. Буду...” Сапраўды, гісторыя не спыняецца. І незалежнасць мы здабывалі цягам стагоддзяў.

Стоячы каля помніка пісьменніку, хочацца сказаць яшчэ пра адзін важны складнік незалежнасці Беларусі і будучыні беларушчыны.

Вялікі сорам і велізарная небяспека, што тут, у такім знакавым беларускім горадзе на мяжы з Расіяй, няма ні тое што беларускамоўнай школы, але нават клас беларускамоўны не назбіралі.

Хіба з такім можна мірыцца? Упэўнена: Караткевіч не бачыў незалежнасці нашай краіны без жывой мовы.

І апошняе. Гэта не проста прыгожая паэтычная метафара - што называецца, ля помніка і з нагоды свята.

Падзеі ў Крыме і Данбасе паказалі: тут не метафара, а жорсткая рэчаіснасць. Тут вайна. І спроба пазбавіць народ свайго выбару, сваёй нацыянальнай самаідэнтыфикацыі.

Незалежнасць і мова звязаныя гэтаксама, як Караткевіч знітаваны з Беларуссю.

.
03.07.15 14:08



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Татьяна Короткевич