Мову, як тую літару "Ў", можна на час спаганіць... Але знішчыць - немагчыма!

Ну што, “полацкі менталітэт”, пра які настойліва казаў Уладзімір Арлоў, – перамог: 1 верасня адрэстаўраваны помнік беларускай літары “У нескладовай” быў нарэшце афіцыйна “прэзентаваны” ўладамі. Адмыслова да Дня ведаў. Дый напярэдадні свята беларускага пісьменства.

Аднак далёка-далёка не ўсе ведаюць або памятаюць, чаму спатрэбілася тое аднаўленне і чаго яно каштавала. Урэшце – што стаіць за гэтай малазаўважанай грамадскасцю падзеяй? Пра гэта я і напісала ў сваім дзённіку на "Беларускіх Навінах"

Пачалося ўсё ў верасні 2003 года падчас святкавання юбілейнага, дзясятага «Дня беларускага пісьменства» - менавіта тады на бульвары Францыска Скарыны з’явіўся хіба ці не самы незвычайны беларускі помнік 22-й літары нашага альфабэта. А пазалетась здарылася цьмяная гісторыя, якую адны трактавалі актам мэтанакіраванага вандалізма, а іншыя – звычайнай неасцярожнасцю. То бок нехта адмыслова ці выпадкова “скалечыў” радкі Рыгора Барадуліна: “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет»…

Каб тое здарылася ў суседніх Польшчы ці Літве, то пакуль бы шукалі вінаватых, улады б папросту ўмомант ўзяліся за рамонт. Таму што помнік з шэрагу ўнікальных – яго немагчыма абыйсці! А хіба адміністрацыя не зацікаўлена ў турыстах і ў гарадскім патрыятызме?

Аднак у нас “свой путь, нам цивилизованные не указ!»

І пачалася звычайная бюракратычная валтузня. Даўжынёй у два гады – ці не найгоршая ілюстрацыя адносінаў чыноўніцтва да культуры, выхавання нацыянальнай годнасці, патрыятызму?..

А вось грамадская эліта Полацка адразу забіла ў званы. Суполка Таварыства беларускай мовы паслала запыт у гарвыканкам, у адказ – «няма сродкаў». Патрабавалася нямала: 80 мільёнаў, бо адліты з адмысловага матэрыялу падмурак не падлягаў аднаўленню. Аднак калі ўдумацца – то цалкам пасільная «ноша» для такога багатага рэгіёна, як Полацк-Наваполацк…

Аднак чыноўнікі  абвясцілі пра грамадскі збор сродкаў на рэканструкцыю. Пры гэтым чамусьці не парупіліся пра галоснасць ідэі – банкаўскія рэквізіты ведалі фактычна толькі самі бюракраты! І спатрэбіліся дзесяткі зваротаў актывістаў у розныя інстанцыі, каб з той гарвыканкамаўскай паперы знялі «грыф сакрэтнасці».

Вось і думай: што за гэтым хавалася? Сорам? Таемны супраціў? Але пры любым раскладзе аднаўленне расцягнулася на гады...

Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі я двойчы была ў Полацку і кожны раз ставіла гэтыя пытанні перад уладамі, падтрымлівала высілкі грамадскасці. Абяцалі прыслухацца – але словы тыя заставаліся “цацанкамі”…

Кажуць: праз помнікі ажывае гісторыя… Дык вось раней у Полацку была славутая беларускамоўная 7-я школа (цяпер 1-я гімназія), былі іншыя школы і садкі, дзе навучалі дзетак па-беларуску… Вынік: адсюль выйшлі вядомыя ўсёй Беларусі знаўцы матчынай мовы, нашай культуры, гісторыі – Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Вінцэсь Мудроў, Алесь Аркуш, Лера Сом…

Ну а ў час змагання за аднаўленне “У нескладовага” – ужо аніводнай беларускамоўнай школы, аніводнага беларускага садка… Выпадкова? Не, лагічна.

І так па ўсёй Беларусі. У тым ліку і ў нашай Курасоўшчыне. Вось табе і “цэнтр Еўропы”… Сітуацыю трэба мяняць. У тым ліку і праз адпаведныя законы, якія мусяць прыняць новыя дэпутаты.

Нядаўна на пікеце падыйшла супрацоўніца Тэатра юнага гледача: “Цалкам згодная з вашымі прапановамі наконт выратавання беларускай мовы. Бо гэта жах: дзеткі прыходзяць на спектаклі, але сярод іх усё больш і больш тых, хто не разумее мовы – тады сьмяюцца ды папкорн трушчаць…”

І гэта сумна сімвалічна: НЕ складваецца ў цяперашняй “вертыкалі” з нацыянальнай культурай, з роднай мовай.

Я казала гэта чыноўнікам, а ў адказ чула: “А чаму вы толькі да нашага сумлення грукаецеся? Гляньце: паспяшаліся скідывацца полацкія грамадзяне на рамонт? Што да інтэлігенцыі, пра якую вы кажаце, то гэта ж эліта – усяго купка…”

Толькі рукамі развесці і засталося.

Бо нават калі толькі купцы інтэлігенцыі патрэбна дамагацца справядлівасці, усё роўна – заўтра іх зразумее і ацэніць паспаліты люд. Так было і будзе надалей.

А вось ці паразумнее, ці падымецца ўлада?

Ну так, 1 верасня яна адкрыла адноўлены помнік “Ў”. Што – мо гэта пачатак перамен і тут?

Дык а хто вам сказаў, што ў вертыкалі спрэс дурні? Не, зусім не так! Іншая рэч – там у кабінетах пакуль не беларуская, а нейкая пруская, фрыдрыхаўская чыноўніцкая армія, для якой галоўнае – чакаць загад і маршыраваць па статуту…

Пакуль “указіўкі” няма, напрыклад у Гародні – гістарычным і культурным цэнтры беларускасці – баль ладзіцца тымі, каму бліжэй не яе пеставанне, а выкараненне. Ідзе проста планамернае вынішчэнне нацыянальнага. Тое самае і ў Полацку.

Таму, дарэчы, і нарадзілася версія, што знак быў пашкоджаны не з-за чалавечай неахайнасці, а з-за людской гнюснасці – наўмысна… Версія страшная ужо толькі з-за разумення падставаў, паводле якіх і нарадзілася…

Пад гэтыя развагі і маё тлумачэнне таго, што жыхары не надта шчыравалі з ахвяраваннямі на аднаўленне “Ў”: спадары чыноўнікі, сапраўды тое сэрцам патрэбна было найперш інтэлігенцыі, а рэшце – з большага не балела… Аднак гэты менавіта вы давялі яе да такога стану! Бо ў паспалітым людзе вельмі доўга выбівалася павага да мінулага і веда пра гэтае мінулае – вось адсюль і абыякавасць.

І нарэшце мая ацэнка першавераснёўскаму рапарту ўладаў: панове, вы за два гады урэшце давялі справу да канца ці з таго, што інтэлігенцыя вас задзяўбла, ці таму, што зверху патрабуюць паказушнага парадку, а тут у цэнтры помнік пашкоджаны столькі часу… Вось і падстрахаваліся, хоць, магчыма, многім з вас у душы напляваць на яго...

Зноў агаваруся: сказанае не тычыцца літаральна ўсіх. Бо нездарма ж сёння ў нашчэнт зруйнаваным вайной Полацку шмат таго, што жывіць міфы і памяць. На тле беззваротна вынішчанага шматлікія музеі і помнікі ствараюць своеасаблівыя прыпынкі ў часе, альбо прыпынкі часу ў прасторы. Прастора полацкая напаўняецца тым і тымі, хто яе фармаваў: Чарадзеем, Будным, Скарынам, Соф’яй…

… Вось пра што мне падумалася, як пабачыла здымак адноўленага мемарыяльнага знака ў гонар нашай унікальнай літары Ў.

Для мяне неяк вельмі нязручна называць яе “нескладовай” ці “кароткай”, бо насамрэч яна вельмі нават СКЛАДНАЯ і ВЯЛІКАЯ…

Як нашая беларуская, матчына мова.

І хоць гэтаксама як тую знакаваую літару мову нашу на нейкі момант можна нават спаганіць, аднак немагчыма знішчыць...
04.09.16 22:49



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Татьяна Короткевич