Апошняя Калыханка Бураўкіна (відэа)

Памёр Генадзь Мікалаевіч Бураўкін... Чалавек, які перавёў беларускае тэлебачанне на беларускую мову за 1 дзень, які напісаў Калыханку, пад якую мы выраслі, які быў дыплатам ў ААН і інтэлігентам, прыгожым чалавекам, рэдкім. Ён так кахаў і ставіўся да сваёй жонкі Юлі ўсё жыццё, як толькі можа марыць жанчына, каб да яе кахалі... Пад пільнымі парадамі і ўсмешкамі якога я гадавалася ў Доме літаратара на Фрунзэ, 5... Апошнім часам, хоць меў шнары па целе ад аперацый, - паказваў і расказваў пра іх з усмешкай, бо выжыў... 

Анкалогія. Бывайце, спадар Генадзь... Плачу, развітваюся, абдымаю... Як жа цяжка на сэрцы, як цяжка...

Цяпер яны разам - сябры, беларускія паэты - Быкаў, Барадулін, Бураўкін... Дарагія, хто за Вамі... Там лягчэй, там не баліць...


*    *   *
Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Зьбеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.

Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай. 

Пакрысе
На расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гульні ўсе,
Казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Сьпяць і мышкі і стрыжы.
Сьпяць машыны ў гаражы
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.

Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай. 

Калыханка на развітанне...



Назаўжды ў маім сэрцы голас Данчыка на словы Бураўкіна...

«Я не ганю землі чужыя...»

Я не ганю землі чужыя, -
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
 
Так карцела - сляза закіпала, -
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
 
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
 
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
 
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?

.
30.05.14 20:06



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Валярына Кустава