МАЕ ДЗЯДЫ. Гэны ваш Гэлоўін - г...

МАЕ ДЗЯДЫ. Г... - гэны ваш Гэлоўін. Сказала б мая бабуля - і мела б рацыю. Бабулі - можна. Вось Дзяды – гэта рэч. Мы ў бабулі заўжды варылі Куццю. Часам – з разыкамі. Кожнаму – па тры лыжкі нашча на парожнюю талерку. Пад скацёрку – зерне. Запальвалі свечкі. Куцця таксама адмысловым ручніком накрывалася. А потым прабабулі Дух прыходзіў, а за ім – іншыя… Дзеткі, пагаварыце з прабабуляй… Прабабуля Усціння, мы цябе любім… Асцярожна з люстэркамі сёння, не глядзіце без прычыны….
А да таго – прыходзяць госьці, жывыя, сапраўдныя, нашыя. Марачкін, Басалыга, Сулкоўскі, акторы, рэжысёры, музыкі, журналісты, гурт “Ліцьвіны” граў, усе танчылі.
Уладзя Бярбераў знайшоў у нас ў лазенцы звычайны шланг-трубу, адклаў дуду, і граў на кавалку трубы вадаправоднай. І гарэлку піў лыжкамі чайнымі.
І Марачкін мне прывёз асадку ад Клінтана ў падарунак, якую яму той прэзентаваў пры сустрэчы. Сказаў мне, як дарыў дзядзька Алесь, – трымай, вершы будзеш пісаць незалежныя. І на сустрэчы той яшчэ святы Z. быў, але да бабулі не даехаў, бо затрымаўся, а хатку нашу ў лесе між соснаў самому было знайсці ўначы ох як няпроста… Чамусьці пра Курапаты размаўляюць, пра капцы, пра клады, пра гісторыю дзядзьку з мамкамі ды бабуляй расказваюць…
Алег Атаманаў спявае: “Беларускае танга, беларускае танга, незабыўны ўспамін, пацалуй мяне, Ганка, пацалуй мяне, Ганка, у цьвіценні шыпшын...” Мы з братам пад сталом гарэхі трушчым, малыя. Потым мяне выцягвае нехта, здаецца сяброўка сям’і, журналістка Ірына Платонаўна Крэнь, а Ірына Сяргееўна Марачкіна мне каўнерык белы папраўляе - і я верш пра Дзядоў чытаю… І зноў – пад стол. І тут бабуля заводзіць “Сіротачку”: “Бегла, бегла сіротачка… Сустрэў яе сам Гасподзь Бог… Куды бяжыш, маленькая?.. Бягу на магілу да мамачкі, каб расчасала мае косы русыя..,” Мужчыны пры стале плачуць.
А пасля танцы пачынаюцца. “Кацілася чорна галка па двары, па двары, а за ёй ясны месяц…” І мае рукі падхоплівае мастак Алесь Марачкін – і танчыць са мной, а я ледзь дастаю да яго рук, хоць ён і схіліўся… Ён – вялізны, а мне 6 гадоў… І гэта мой першы танец з дарослым мужчынам, апроч браціка Алесіка. А да гэтага – толькі з братам танчыла. З братам – спакайней, бо брат, хоць і далонькі ў яго цёплыя і потныя, заўжды за рукі ходзім…
І мы засынаем, пад бабуліны зашэптванні… І госці разыходзяцца. І душы засынаюць нашыя… І над нашымі ложкамі стаіць прабабуля, і прадзядуля, і прапрадзядуля… і зусім нястрашна. Спакойна. Іх душы сёння з намі… Дабранач, дзеткі… Дабранач, унучакі… А ў начы – у халодны пот, выццё, вусціш! І галава ваўка са сцяны! Лезе на нас!.. Але бабуля з замоўленай вадой – на яго. Прэч… І замову, замову шэпча… Воўк сыходзіць. Бабуля нас жагнае, рукамі над целамі водзіць, скідае зло ў фортку... Свечку па кутах разносіць. У вочы цалуе. Нам даюць гарачага казінага малака, яно чамусьці пахне малінамі…
Мне шэсць гадоў… Ноч на Дзяды.

02.11.14 14:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Валярына Кустава