“Зоры з асаблівым святлом" / “Прыват” з фатографам Віктарам Малышчыцам (відэа) 22.02.2016

Героі праграмы распавядаюць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.

Натхненне ці праца? Летуценні ці побыт? Мары і праблемы. Неба і зямля. Герой студыі “Прывату” паказвае беларускае неба і беларускую зямлю ў новым харастве. Нябесны гід, яго натхняюць таямнічыя сузор’і. Але і ў яго жыцці ёсць таямніцы і асаблівыя зорачкі… Незвычайныя дзеці – зорачкі з асаблівым святлом. Гэта клопат, але таксама і натхненне.
Госць студыі – астраном і фатограф, зоркавы тата Віктар Малышчыц, які ўпершыню распавядзе пра сваю асаблівую дачушку шырокай публіцы. Гераіня праграмы – першая у Беларусі мадэль з дыягназам ДЦП Ангеліна Уэльская і яе прыгаждуня-маці, якая перакананая, што яе дачка выйдзе на подыум разам з Анёламі Victoria's Secret. Эксперт праграмы - кіраўнік Цэнтру дапамогі аўтычным дзецям Вячаслаў Паршута, які выхоўвае сонечнага сына з адпаведным дыягназам, што і падштурхнула яго дапамагаць іншым дзеткам. “Дапамагаючы іншым – дапамагаеш сабе”, сцярджае Вячаслаў.

 

Незвычайныя ў сваёй моцы і апантанасці героі трэцяга выдання “Прывату” з Валярынай Куставай "Зоры з асаблівым святлом". Вядоўца высвятляе, адкуль бяруць сілы і натхнення яе героі і якія перашкоды і пераадоленні яны сустракаюць на сваім шляху. Ці раўнуе жонка Віктара Малышчыца яго за начных падарожжаў з зоркамі? Чым насамрэч зарабляе знаны фатограф? Ці можа кожны з гледачоў “Белсату” набыць сабе імянную зорку? Якія сузор’і маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі? Як гэта – выхоўваць дзетак-зорачак? Што трэба, каб іх жыццё было радасным і напоўненым? Як матываваць дзяцей? Напрыканцы выдання тэкст, у якім культавы фатограф беларускага неба паспрабуе ўгадаць беларускія мясціны і іншаземныя краі па фотаздымках начных зораў… Ці атрымаецца?


“Прыват” з мастачкай Нікай Сандрас: “Жыццё напаказ”: размова на пальцах (відэа) 17.02.2016 1

Героі праграмы распавядаюць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.


Прынята лічыць, што беларусы – закрытыя людзі, якія стараюцца жыць ціха і непрыкметна, і што шчасце – павінна быць ціхім. Часта сцэнай для тых, хто жыве на публіку, ёсць сацыяльныя сеткі. Кагосьці гэта раздражняе, некага натхняе, многім папросту падабаецца падглядаць за іншымі. Але ёсць сярод нас і тыя, хто не хавае свайго прыватнага жыцця ад чужых вачэй або нават жыве, як можа падацца, напаказ. І гэткая адкрытасць – вабіць! Менавіта такія яны – гераіні чарговага выдання праграмы«Прыват» з паэткаю Валярынаю Куставай. Тэма другога выдання – «Жыццё напаказ». Вядоўца высвятляе, што матывавала гераінь шчыраваць у сацыяльных сетках, выслухоўвае часам шакавальныя і правакацыйныя аповеды. Паслухайце і параўнайце: а ці змаглі б вы так «распублічніцца»? Але ўсё да пары да часу – і настае момант, калі жыццё напаказ спыняецца… Чаму? Прычыны, матывы, плюсы, мінусы, бонусы, рызыкі і небяспекі публічнага віртуальнага жыцця ў другім выданні праграмы “Прыват”.

 

На рахунку госці студыі багата скандальных публічных шчыраванняў. Часам ейныя аповеды былі правакацыйныя і шакуючымі нават для блізкіх сяброў. Раней працава на высокіх пасадах у рэкламе, выдавецкай справе і аўтабізнесе - у міжнароднай карпарацыі. Кінула працу разам з былым мужам і сябрамі. І пачала новае жыццё. Цяпер мастачка і папулярнай блогерка Ніка Сандрас. У гутарцы з госцяй студыі мы высветлім, навошта ёй была патрэбная такая колькасць споведзяў і чаму ўрэшце яе жыццё напаказ сцішылася? Гераіня сюжэта – журналістка і блогерка Ася Паплаўская. Эксперт праграмы – псіхолаг Мая Тарасевіч.




ПРЭМ'ЕРА TV-шоў "Прыват" з бізнесоўцам Сержам Наўродскім: "Сіці, гудбай!" 25.01.2016

Ну, паехалі! ПРЭМ'ЕРА новай праграмы "Прыват"! Тэма выпуску - "Сіці, Гудбай!": уцёкі ад цывілізацыі - жыццё ў Доме-мары ці ў стайне?)

Героі праграмы распавядуць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.

«Прыват» сустрэўся з тымі, хто перабраўся ў вёску. Ці складана на гэта наважыцца? Гэта ўцёкі АД сябе ці ДА сябе? Госць студыі – паспяховы бізнесовец, эканамічны аналітык, гаспадар беларускага брэнду мыла і парцаляны Karali – Серж Наўродскі. Героі выдання – даўншыфіцеры і гаспадары «Гняздоўя Вятроў» у Полацкім раёне – праграміст Ratmir Максім Новікаў і ягоная жонка мастачка Элга Папова, якія жывуць у доме-стайні з трыма канямі, катамі і сабакам. Эксперт праграмы – псіхолаг-экзістэнцыяліст Алена Жук. Эксклюзіўны камент ад натхняльнага Андрэя Горвата агучаным цягам гутаркі.

 

Станьце героем «Прывату» або прапануйце тэму, праблему, гісторыю,госця ці героя для наступнага выпуску – і сачыце за падрыхтоўкаю выданняў на старонках праграмы ў сацыяльных сетках.

"Прыват" - шчыра, востра, па-беларуску! (відэа) 18.01.2016 1

Важная ПРЭМ'ЕРА ў маім жыцці. 20 студзеня а 21.40 на "Белсаце" - прэм'ера новай аўтарскай праграмы "Прыват". Тое, што люблю і што, спадзяюся, палюбіце і вы - мая новая аўтарская праграма "Прыват". Шчыра запрашаю далучацца! У добры шлях!

Суаўтарам можа стаць кожны. Далучайцеся і прапаноўвайце. Гэта будзе супер-інтэрактыўная шчырая праграма, у якой можна стаць сустваральнікам і прапанаваць эксклюзіўныя гісторыя і цікавых герояў, якія паспяхова вырашылі свае жыццёвыя траблы ці ажыццявілі мары - і маюць чым падзяліцца (для студыі) - альбо знаходзяцца на шляху і маюць патрэбу ў разрульванні перашкодаў (для сюжэтаў). ‪Тэма прэм'ернага выдання - "Сіці, гудбай!".


Страницы: 1
Читать другие новости

Валярына Кустава