Фінальны Фітнес-Шмітнес: -45 кг (відэа!) 23.01.2015 2

Фітнес-Шмітнес - ФІНАЛЬНЫ ВЫПУСК!
Цяпер, калі вы глядзіце фінальны выпуск праграмы і чытаеце гэты блог - Валярына ўжо схуднела на -45 кг і працягвае свой шлях. А Павел, натхніўшыся вынікамі, піша свой новы альбом і працягвае трэніроўкі. Блог №15 на сайце Belsat_TV. А фінальнаясерыя №13 на Ютубе -
 
У калядным выніковым выпуску Фітнес-Шмітнес вы даведаецеся, якія метамарфозы адбыліся з паэткай Валярынай Куставай, ці ператварылася яна папросту з няшкі ў фітаняшку, ці стала Валярына балярынай, наколькі пахуднела цягам праекту, за якімі гледачы каналу назіралі практычна год! Якім коштам Валярыне даліся змены - спаленыя нервы, устрыманні, цяжкія трэніроўкі, зрывы... што змянілася ў яе асабістым жыцці ў звязку з праектам, а таксама Вас чакаюць сустрэчы з самым высокім беларускамоўным баскетбалістам Alexander Koul і найлепшым беларускамоўным хірургам, якія павіншуюць нашу фітаняшку з вынікамі! Музыка і трэнер Павел Аракелян правядзе конкурс прыгажосці ў жорстка-іранічным стылі, у якім пераможа... Вы даведаецеся пра гэта ў калядным выпуску Фітнесу-Шмітнесу! А таксама шмат сюрпрызаў і нечаканак у фінальным 13-м выпуску.



Cпецвыданне: Фітнес-Шмітнес у Парыжы!) 30.07.2014 1

Блог №4 - Фітнес-Шмітнес у Парыжы! Гэтым разам – менш тэксту, больш візуалкі! “Яна была ў Парыжы – і сам Марсэль Марсо ёй нешта гаварыў…” Так, была ў Парыжы. І здымала там для вас, дарагія гледачы. Карцела перадаць увесь цуд гораду. І аспекты яго ўспрыняцця акурат у звязку з праграмаю Фітнес-Шмітнес, якой кіруюся: як адпачываць так, каб застацца задаволеным сабою і не сапсаваць здароўе.


Хтосьці называе Парыж кічаватым, халодным, дарагім і маленькім – але такі ён толькі для тых, каму горад не адкрыў сваё сэрца напоўніцу. У нашым выпадку – мы трапілі ў лік тых, каму пашанцавала паразумецца з радзімаю бліскучых паэтаў – Віёна, Апалінэра, Бадлера, Верлена, Рэмбо… З горадам асалодаў і невымоўных грахоў, якія, зрэшты, грэх абмінуць. З горадам пачуццяў, горадам даступным для разнастайных радасцяў.З горадам моды, смачнюшак і натхнёных людзей, што з шармам штовечар гуляюць па Манмартры. З горадам, дзе лепей жыць, але й паміраць – таксама нічога, бо на могілках Пэр-Лашэз вас чакае сапраўды сімпатычная кампанія – Оскар Уайлд, Эдыт Піяф, Фрэдырык Шапэн, Джым Морысан і нават наш беларус, прэзідэнты Рады БНР Мікола Абрамчык.

Я доўга думала, ці шукаць спартовую залю ў Парыжы. Але першы раз падняўшыся па бясконцых стромных прыступках парыжскага метрапалітэну, зразумела, што трэнажорка тут – непатрэбны лішак. І гэтыя колькі дзён я дам рады пратрымаць сябе ў дынаміцы. Тут быць актыўным і спартовым можна паўсюль, не ахвяруючы часам, магчыма сумяшчаць прыемнае з карысным – зрабіць прабежку па Елісейскіх Палях, узняцца па прыступках Эйфеля, вырашыцца на марш-кідок праз увесь Луўр да “Джаконды” Леанарда да Вінчы, наведаць танцавальны мітынг за вызваленне з-за кратаў прэзідэнта Кот-дЫвуара… Можна есці экзатычных слімачкоў і жабак, і нават лёгкі ранішні круасанчык – і схуднець. Галоўнае, каб затрачаная энергія перавышала энергію здабытую. Ты бярэш у Парыжа эмоцыі, але аддаеш яму сілы.

Да вашай увагі – мініфільм пра прыгоды Фітнесу-Шмітнесу ў Парыжы:

Новыя памеры ў сталіцы моды. Калі ты едзеш у Парыж і ты дзяўчына – табе абавязкова трэба прыехаць адтуль з парыжскай сукенкай. Я прывезла, нават дзве! Сяброўка з ФБ папрасіла, каб я параіла, у якіх крамах набывала НАШЫЯ памеры, бо ТАКІЯ знойдзеш не паўсюль. І мне давялося адказаць, што цяпер «нашыя» – не мае. Бо мой памер цяпер ёсць практычна ПАЎСЮЛЬ! І ў фірмовых буціках, і ў французскіх фэшн-стоках было даволі лёгка адшукаць неабходныя памеры. А калі ўладальнік крамы – абаяльны француз, пабачыў, як сукенкі сядзяць, то зрабіў зніжку 10 адсоткаў. І сказаў: “Толькі абавязкова выкарыстайце яе па прызначэнні!” Так ён сказаў пра ружовую сукенку маркі “Femmes, je vous aime” (жанчыны, я вас кахаю). Памеры мяне напраўду прыемна ўразілі…


Харчаванне ў падарожжах. На кожным кутку – кавярні. Па сеціве іх можна загугліць і спраўдзіць меню. Мяне цікавіла, каб была запечаная рыба ці морапрадукты і штосьці накшталт свежай салаткі. Гэта былі асноўныя прыёмы ежы. Порцыя былі не такія гіганцкія, як, прыкладам, у Празе ці Берліне, але і не такія маленькія. Звычайныя такія порцыя – і пад’еў, і не пераеў (бульбяныя дадаткі звычайна заставаліся ці папросту прасіла пакласці больш салаткі). Але праз тое, што я мушу харчавацца 6 разоў на дзень, брала з сабой персікі, чарэшні, арэшкі, кефірчыкі, памідоркі, – загадзя набытыя ў звычайных крамах поруч з гатэлем. Ваду падавалі ва ўсіх кавярнях перад ежай, што мяне цалкам задавальняла – можна было за 25-30 хвілінак выпіць. Але збольшага ваду я таксама насіла з сабою, штодня сыходзіла недзе па 2,5 літры, у сонечныя дні – болей. З іншага боку – і цяжар нейкі ў заплечніку, нагрузачка. Памяталася, што большую частку вады варта ўжываць у першай палове дня, каб не было ацёкаў і лепш працаваў арганізм. А ў другой – перад ежай за хвілін 30-40. Ну і проста – калі хочацца па глыточку. Да таго ж, калі шмат рухаешся на экскурсіях ці проста гулях, альбо ў пошуках магілы Джыма Морысана пад залевай ідзеш угару – піць хочацца. І гэта добра. Набывала 5 літровыя балейкі ў нумар – і не было ўвогуле праблемаў. На ўсялякі выпадак я прыхапіла крыху пратэіну (на выпадак, калі трэба будзе тэрмінова перакусіць, а магчымасці іншай не будзе) – але ён так і не прыдаўся. Хапіла пратэіну ў звараных слімачках ды жабках. Я нават некалькі разоў дазволіла сабе пірожку і круасан (да 12.00, як і завяшчаў трэнер). І ведаеце, у выніку, вярнуўшыся з Парыжу і ўзважыўшыся – я здзівілася: страціла 1,2 кг. Не набрала, а страціла! Дарэчы, не забывайцеся на наш летні таталітазатар! Агучвайце Вашыя версіі на нашых фан-старонках ці наўпрост у каментарах: колькі мусіла б скінуць за лета?!

Не праспі новую серыю Фітнес-Шмітнес: як правільна патнець? (відэа) 27.05.2014 2

Пазарамкавы выпуск Фітнес-Шмітнес №11! У ім вы даведаецеся, як правільна патнець, якім чынам салідарнасць пампуецца ў Беларусь, пра вымотвальны крос-фіт на свежым паветры з чэмпіёнкай па армрэслінгу Марыяй Багданавай. А таксама - колькі цісне Павел Аракелян і з кім гойсае на роварах Валярына Кустава па рамантычным Сухарава. Ну і, канечне, новыя серыі "Качарыкаў" і кансультацыі дыетолага і флеболага па вашых заяўках! +БОНУС: пазасцэнарнае збіццё трэнера дзеўкамі. Увага, 18+).

Фітнес-Шмітнес і нацыянальны БДСМ (відэа) 18.05.2014 1

Феерычны юбілейны выпускФітнес-Шмітнес №10! У ім вы даведаецеся пра сумнеўныя сняданкі Lavon Volski, пра інтымныя мары Паўда Аракеляна і ягоных жывёлак, пра нацыянальна-правільныя стоп-словы ў БДСМ ака Уладзімір Някляеў і Пабло Севярынец, пра падарожжа ў Тонунь, арышт і таксоўку на канцэрт Салідарнасці з Сяргеем Пелясам, пра адцісканні на свежым паветры з чэмпіёнкай па армрэслінгу Марыяй Багданавай і практыкаванні для грудзёў, каб умелі рабіць імі так, як Шакіра і Валярына Кустава. Шмат мячыкаў і адказаў любімым феміністкам. Будзьце шчырымі, сябры, і ў ложку, і ў спартазалі! Кажыце пра тое, што вас сапраўды непакоіць - а іначай чорны крумкач пракрычыць: "Nevermore"!

Глядзіце на сайце Belsat_TV http://goo.gl/R37PkUі на Ютубе - http://youtu.be/bDehZs0xIOg

V выпуск Фітнес-Шмітнес: Вольскі, самцы і біцэпс! (відэа) 09.04.2014 16

У новым 5 выпуск Фітнес-Шмітнес - заняткі з суддзём міжнароднай катэгорыі па паўэрліфтынгу і прафесійным фітнес-інструктарам літоўцам Саўлюсам, бег з бітай па Гародні, адказы на Вашыя пытанні з сац.сетак, а таксама разборкі з Лявонам Вольскім і ня толькі - http://goo.gl/axXPf9

ВІДЭА 5-га ВЫПУСКУ:


Які гумар беларускі? (відэа) 02.04.2014 14

VІІ выпуск Чорным па белым з Валярына Кустава і Юляй Рымашэўскай. Тэма праграмы - "Які гумар беларускі?". Ці можна выхаваць у сабе пачуццё гумару? Ці мае гумар нацыянальнасць? Пра што жартуюць беларусы? Госці першакрасавіцкага выдання – адмыслоўцы індустрыі гумару, стваральнік першага беларускамоўнага гумарыстычнага шоу «Стэндап-кавярня» Яўген Свірыдовіч і стэндапер з Берасця Александр Янкович. Нашы эксперты - пісьменнік Уладзімір Ліпскі і псіхіятар Ігар Сарокін.


Відэа праграмы:



Фітнес-Шмітнес: плечы Някляева і размовы з Купалам (відэа) 01.04.2014 3

4-ты падвынікавальны сакавіцкі выпуск Фітнес-Шмітнес! Глядзіце - і Вы даведаецеся: які памер плячэй ва Уладзіміра Някляева, хто ўзгадаў у таталізатары наколькі пахуднела Валярына, ці можа напампаваць дзяўчына да памераў Шварцэнэгера, як падкідвае штангу Аракелян, адказы на Вашыя пытанні, што дасылалі нам у сацыяльныя сеткі, а таксама размовы пра галоўнае з Янка Купала і не толькі - http://youtu.be/sDaOGIndFFoggg

ВІДЭА 4-ГА САКАВІЦКАГА ПАДВЫНІКАВАЛЬНАГА ВЫПУСКУ ФІТНЕС-ШМІТНЕС:

Фітнес-Шмітнес. Трэнінг №2 18.03.2014 1

Тым часам з'явіўся Другі трэнінг першага аздараўляльна-забаўляльнага шоў Фітнес-Шмітнес!


Запрашаем глядзець, лайкаць, рэагаваць:
Хутка і дадатковыя матэрыялы з'явяцца ака карысныя парады-бонусы тутака: http://goo.gl/ZYbzPO


Першае беларускае аздараўляльна-забаўляльнае шоў! (відэа) 10.03.2014 1

Вы хочаце змяніцца? Схуднець? Стаць моцным або проста адпачыць і пасмяяцца? Гэтая праграма для Вас! Першае беларускае аздараўляльна-забаўляльнае шоу "Фітнес-Шмітнес" з элементамі буфанады, інтэрактыву і лёгкай эротыкі з паэткаю Валярынаю Куставай і музыкам Паўлам Аракелянам. А таксама з прафесійнымі трэнерамі, лекарамі, пластычнымі хірургамі, чэмпіёнамі свету ў розных відах спорту. І ўсё гэта – дзеля таго, каб спыніць беларускую дэпрэсію, сказаць «не!» беларускай апатыі, сказаць «так!» разумнай прыгожай нацыі, здольнай за сябе пастаяць! Праграма будзе ісці кожную суботу а 18.30 на тэлеканале “Белсат”. Пілотны выпуск пабачыў свет – 8 сакавіка.
АФІЦЫЙНЫ ТРЭЙЛЕР:
Іt's really hot, спадарства! Прадстаўляем першае выданне! Вам спатрэбіцца пачуццё гумару ды нататнік з асадкай! Трэнінг №1:
Страницы: 1
Читать другие новости

Валярына Кустава