УСПАМІНЫ. СВЯТКАВАННЕ НОВАГА ГОДУ Ў "АМЕРЫКАНЦЫ"

Мінулы новы год я сустракаў у следчым ізалятары КДБ. Перад гэтым тры разы мяне перакідвалі ў новыя камеры, і ў выніку я апынуўся ў адносна камфортнай камеры з прадпрымальнікам з Расіі і "старарэжымным" злачынцам па мянушцы "вожык", які 27 гадоў адсядзеў на зоне за крадзяжы. "Вожыку" не дазволілі ўзяць у камеру кнігі Блавацкай, Рэрыха ды іншую эзатэрычную літаратуру, у якой ён быў спецыялістам, таму адзінай магчымасцю бавіць час былі бясконцыя размовы.Новы год быў вельмі прыемным часам, ўсе здзекі спыніліся, бо прэзідэнцкія ахоўнікі таксама зрабілі сабе адпачынак.

Перад камандай "адбой" мы накрылі просты стол, паелі, леглі па сваіх нарах, і пачалі распавядаць розныя навагоднія гісторыі з "свабоднага" жыцця. Замест навагодняй ялінкі на стале стаяла навагодняя паштоўка, якую мне дазволілі перадаць, бо на ёй не было надпісаў. Пра тое, што прабіла 12 гадзін мы даведаліся па шматлікіх выбухах петардаў за вокнамі – "амерыканка" знаходзіцца ў самым цэнтры горада.

Але адчуваўся спакой, з прадпрымальнікам мы гаварылі пра жонак і дзяцей, "вожык" нам ціха зайздросціў, бо яго на свабодзе ўжо ніхто не чакаў. Размовы пра дом сагравалі і стваралі ўтульнасць, якой так не хапае ў турме.

У гэту навагоднюю ноч я ўздыму тост за ўсіх палітычных вязняў, і пажадаю, каб наступны год мы ўсе сустрэлі ў Беларусі і на свабодзе. І, нават калі вы не верыце ў Бога, давайце ціха памолімся за тых, каму найцяжэй, бо малітва дзейнічае незалежна ад таго, верыш ты, ці не верыш.

31.12.11 3:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Михалевич