Шантаж, усціск, запалохванне.



Толькі недэмакратычная, таталітарная ўлада можа дзейнічаць такімі брутальнымі мэтадамі ў адносінах да свайго народа, сваіх сапраўдных працадаўцаў. Толькі ненародная ўлада можа так панічна баяцца любога найменшага выказвання незадаволенасці ёю ўласным народам.

Да такіх вывадаў міжволі прыходзіш, праглядаючы фота- і відэёрэпартажы нават такіх традыцыйных народных акцыяў, як Чарнобыльскі Шлях ці Дзяды, якія сёння калі і дазваляюцца, то толькі ў надта сціслым і абмежаваным фармаце. Пераглядаючы ці ня тысячу фота- і відэёздымкаў апошніх Дзядоў, я адзначыў вельмі цікавую акалічнасць (і яе не заўважыў-бы хіба сляпы). На працягу ўсяго мерапрыемства (цягам колькіх часоў) невялікая па мінскіх мерках колькасць яго ўдзельнікаў была з усіх бакоў аточаная супрацоўнікамі невядомых адмысловых дзяржаўных структур. Апошнія, нават ня ў форме ДАІ, якая мусіла гарантаваць бяcпеку руху калоны, а пераапранутыя ў цывільнае адзенне, ішлі вакол гэтай калоны і ўнутры яе, мяшаючыся з дэманстрантамі. Амаль што два дзясяткі (я налічыў васямнаццаць!), і таксама пераапранутых, спецапэратараў відэёкамэр, якія самі хавалі свае твары ад аб'ектываў (а некаторыя і проста ўцякалі, як пацукі), з розных ракурсаў і нават ПРОСТА Ў ТВАР здымалі кожнага ўдзельніка дазволенага ўладамі мерапрыемства (a якраз ня акцыі нейкага пратэсту).

Ня дзіва, што працоўная моладзь і студэнты меліся закрывацца шалікамі, калі пераапранутыя спяцы толькі што ня тыцалі ім у твары аб'ектывамі сваех аднолькавых відэёкамэр! У размовах, што я меў з удзельнікамі Дзядоў (розных узростаў) выявілася, што многія з іх банальна баяцца пераследу па месцу працы ці навучання за ўдзел нават ў санкцыянаваных ўладай мерапрыемствах. Няма ўжо чаго казаць пра звычайных абываталяў, запалоханых штодзённымі навокал затрыманнямі, збіццямі і бруднымі судамі над іншадумцамі, сфальсыфікаванымі справамі палітвязняў, якія гніюць ў тутэйшых турмах ды калоніях, і сярод якіх знаходзяцца нават колькі афіцыйна прызнаных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта краіны! Такія дзеянні ўлады інакш як шантажом, запалохваннем і ўціскам уласнага народу назваць немагчыма. Я асабіста, ня бачу іншага тлумачэння, напрыклад, дублявання спецапэратарамі працы дзясяткаў журналістаў і праваабаронцаў, якія мусілі аб'ектыўна асвятляць падзею згодна сваім прафэсыйным абавязкам.

Яшчэ тут прысутнічае і момант эканамічны. Колькі спецыялістаў, якія заўжды атрымлівалі неблагія па беларускіх мерках заробкі, утрымліваюць зараз падаткааплатнікі за тое, што гэтыя "асы" НЕ ЗАЙМАЮЦЦА СВАЁЙ СПРАВАЙ падчас цяжкага эканамічнага крызысу, у які ўцягнула краіну гэтая-ж таталітарная ўлада?

Юрась Навіцкі, хронікёр, з 1998-га года займаецца зборам фота і відэёматэрыялаў падзеяў у Рэспубліцы Беларусь.



Подпіс пад фота: Немагчыма было зрабіць ніводнага фотаздымка Дзядоў-2011, каб у кадр не патрапіла колькі супрацоўнікаў спецслужбаў.
05.11.11 9:11



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі