На дне: без рамантыкі /з штодзёньніка палітарыштанта, працяг/



-Перапішэце, каліласка, заяву.

-Дык вы-ж саме мне паперы не давалі! Ды й навошта?

-Дзеля эстэтыкі...

-Якая тут у вас, да чорта, эстэтыка??? Гарачае вады няма, ложкаў няма, пасьцеляў няма, цяпла й святла няма, прагулянак няма, ёсць хіба бруд, вошы й часотка)))


Где флэшка, пі-і-п!!!

Пачалося гэта 6-га лістапада, блізу дванаццатай, калі я прыйшоў з суседняй Серабранкі да ДК камвольнага камбіната, каб асвятляць зладжаныя КХП-БНФ "лошыцкія Дзяды", гэткае сабе традыцыйнае народна-рэлігійнае мерапрыемства, якое пачынаецца штогод (яшчэ з 1980-х) з шэсця з крыжамі ды сцягамі Хрыста, а сканчаецца ўскладаннем кветак, запальваннем знічак і свечак, мітынгам і супольнай малітвай. Мерапрыемства гэтае бязкрыўднае, непалітычнае, нешматлюднае, таму штогод дазваляецца Менгарвыканкамам. Так было й сёлета. За дзень да гэтага мы з сябрамі, як звычайна, прыбралі на комплексе смецце й лісце, развесілі плякаты з фатаграфіямі мінулых падобных акцыяў (якія назаўтра амаль усе ў таямнічы спосаб зніклі).

Ужо на пачатку фотаздымкі я пачуў скаргі ад удзельнікаў маючага адбыцца мерапрыемства, нібыта, пакуль не прыйшлі журналісты, нейкія "кіношнікі" меліся разагнаць сборку. Я пачаў здымаць тых (1) , але "людзі ў штацкім", якіх было нешта зашмат, пачалі пагражаць мне турмою, паказваючы мне знакамі краты. Адзін зь іх (2) нат сказаў адкрытым тэкстам, што я сёньня пайду ў турму, на што я запрапанаваў ня лезці самім ува ўсе лепшыя кадры й не йсці неперадзе калёны, як тры багатыры (3) . Прычыны затрымліваць мяне на дазволеным уладамі мерапрыемстве я не бачыў, таму й уцякаць ня стаў. Я памыляўся, бо не чакаў, што двое міліцыянтаў абылгуць мяне. Потым выявіцца, што тыя двое, што мяне затрымаюць і зб'юць, пазьней заявяць, што я падчас "Дзядоў" "брудна лаяўся, чапляўся да невядомых, перапранутыя міліцыянты нібы рабілі мне заўвагі, на якія я не рэагаваў".



А пакуль я спакойна раскладаў кветкі й запальваў знічы. Выпрастаўшыся, хацеў зрабіць яшчэ пару здымкоў, і тут пачуў ззаду громкую размову, замінаючую прамове, нейкага "штацкага" (4) па тэлефоне. Я аўтаматычна павярнуўся й адчуў моцны ўдар па камэры, якую трымаў у руках. Камера выляцела й моцна ўдарыла ў патыліцу сівога чалавека, набіўшы таму вялікі гуз. На судзе Ўладзімеру Юхо (5) , так яго зваў судзьдзя, далі сем сутак арышту. Ён таксама потым галадаваў на пратэст супраць несправядлівага прысуду.



Як скончылася супольная малітва, я, аддаўшы адзнятыя матэрыялы ў друк, сеў у машыну да аднаго з калегаў, і мы ад'ехалі. Недалёка, бо на першым-жа скрыжаванні машыну спыніў таўсьценны гаёвы (6) , а "штацкія" Іваноў (7) і Ягор Караваеў (8) выцягнулі й запхнулі ў службовага "казла". У машыне яны збівалі мяне, патрабуючы даўно перададзеную флэшку, і, калі Іваноў ударыў мяне толькі раз, то ягоны напарнік, да таго часу, як я згубіў прытомнасць, пасьпеў нанесьці мне шэсць удароў па галаве, два – у корпус, і адзін па нагах. Пакуль пацукі збівалі мяне, я жваў паперкі з паролямі ад сацыяльных сетак, блёгаў і поштаў. Такім чынам, скончыліся мае сёлетнія Дзяды.

(1-8) Усе фоты выстаўляліся – частка ў фотарэпартажы Нашай Нівы, іншыя – калегамі на знак салідарнасці на розных сайтах і ў сацыяльных сетках, за што мая ім асабістая ўдзячнасць. Невысокая якасць турэмных малюнкоў тлумачыцца складанымі ўмовамі іхняга выраблення ў цемры, на каленьках ці нават стоючы ў дрэнна асветленай зоне, часта па начах.





"Каклета"

Есці тут даюць тройчы на дзень. Сняданак і вячэра абсалютна аднолькавыя – чарпак несалоныя кашы й кубак чаю, кавалак хлебу.

Хлеб звычайна з'ядаўся адразу, кавалак шэрага, што давалі на абед, некаторыя старажылы адкладалі на вячэру, на дэсэрт да чаю. Толькі палітычныя арыштанты, што мне сустракаліся ў турме, маладафронтаўцы Паша й Роман, мелі звычку дзяліць яго лыжкаю на дробныя кавалкі й сушыць на газэце на батарэі сярод вільготнага абутку й мокрых шкарпэтак – батарэяў у каморы звычайна не хапае. Такія сухарыкі можна есці асобна ці дадаваць у зупу. Хлеба тут, у адрозненне ад жодзінскае турмы ў снежні, ніколі не застаецца, таму для лепкі матэрыялу няма. Сам я зноў галадаваў, а просьбы заставіць мне кавалак хлебу для лепкі турэмшчыка разумення ў злодзеяў, алкаголікаў і бамжоў не знайшлі) Гэны "абмяжаваны кантынгент" заўжды галодны, што на волі, што ў турме. Адзіны выпадак лепкі, вядомы мне – падчас частых ператрусоў дробны злодзей Ігар зляпіў з хлеба загавораную дулю.



У абед даюць зноў хлеб, першае й другое, штопраўда, чаю не даюць зусім. Дарэчы, ні разу за 12 сутак я ня бачыў, каб на Акрэсцінах давалі кісялю ці якога кампоту. На першае – даволі рэдкая зупа ці капуста, на другое – звыклая каша з катлетаю, звычайна, рыбнаю. Гадзіннікаў ніўкога ў каморы няма (а пэрсанал турмы на пытанні пра час не адказвае – сыстэма працуе!), таму менавіта "каклета" з'яўляецца тут адзінкаю вымярэння тэрміну зняволення адміністратыўна арыштаваных. Так і кажуць – "засталося сем каклет" альбо "я ўжо з'еў тут без перарыву 34 каклеты".



Вось так, на кукішках, арыштанты й сілкуюцца, бо ніякай мэблі ў каморы больш няма.

Салятаў ці хаця-б якога вінегрэту я тут таксама ні разу ня бачыў. Незразумела, як такім убогім рацыёнам турэмшчыкі маюцца забяспечыць арыштантаў неабходнымі дзеля падтрымання здароўя й жыцьця рэчывамі, як то – мікраэлементамі ці вітамінамі? І гэта ўвосень, пару, багатую на ўраджай! А што тады арыштанты будуць есці ўзімку? Гузікі ад нагавіц?

Таму прапаную колькі рэцэптоў для турэмных кухароў і лекароў:

Танная па кошце й багатая на карысныя рэчывы салята

Цыбуля, кіслая капуста (гуркі альбо нат антонаўскі яблык, можна так сама кіслы). Вараныя: бульба, буракі, морква. Алей, соль па гусьце.

Салятка па-акрэсцінску

Дзве лыжкі пакрышанай стужкамі й мятай капусты з кропляю марынаду й алею, паўяйка (варонага), палова антанаўскага яблыка. Яблык і яйка не крышыць.

Усе пэрсанажы НЕвыдуманыя, а супадзеньні імёнаў, прозвішчаў і адзінак вымярэння НЕвыпадковыя)))



Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.
24.11.11 10:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі