Кроў і Попел

чырвоныя макі

Спрэчкі на тэму "чаму нельга прыняць памаранчава-чорныя стужкі за сымболь перамогі ў 2-ой Сусьветнай вайне альбо самае вайны" вядуцца даўно і выказаўся на гэны кошт ужо кожны негультай, у тым ліку й я (толькі сёлета - разоў пяць). Прычынаў названае шмат. Гэна й расейска-імпэрскія колеры стужкі; і тое, што ёй аздабляліся ўзнагароды за перамогі ў расейскіх акупацыйных войнах; і тое, што яна ўпрыгожвала мундуры нямецка-фашысцкіх захопнікоў і іхніх калябарантоў, а ў саветоў зьявілася толькі ў канцы вайны; і тое, што яе сёньня ў якасьці знаку адрозьненьня ўжываюць крымінальнікі й тэрарыстыя, якія па-зьвярачаму жорстка катуюць і забіваюць мірнае насельніцтва.

А пакуль мы спрачаліся, тыя стужкі галосна ці негалосна былі забароненыя ў большасьці краін-удзельніц 2-ой Сусьветнай, толькі за апошнія колькі дзён ад яе адмовіліся Казакстан, Украйна й Беларусь. Украіна пайшла далей, прапанаваўшы, згодна эўропейскі традыцыяў, надаць дню сканчэньня вайны назоў "Дзень Памяці" і распрацаваўшы свой сымболь гэнага сумнага (смутнага, жалобнага) дня. Яе сымболь такі-ж, як унівэрсальны эўропейскі (чырвоны мак), і адначасова нагадвае кулявую адтуліну сьмяротнага баявога параненьня, зь якой працягвае выплёсквацца кроў.

паранены ў сэрца

А што-ж мы? Адкінуўшы бандыцка-імпэрскую стужачку, якую саме расёйцы ўжо даўна назвалі "каларацкай", застанемся ні з чым? Дык вось мы тут параіліся ў сацсетцы і прапануем вам свой варыянт сымболя заканчэньня згаданай вышэй і яшчэ не забытай нашымі бацькамі вайны - чырвона-чорную стужку. 

кроў і попел

Гэны сымболь таксама ўнівэрсальны.
Тут і вялікая перамога, азмрочаная вялікімі ахвярамі (па падлікох сучасных гісторыкоў страты Беларусі склалі да траціны насельніцтва - таму, дарэчы, такія суадносіны чорнага на стужцы - 1/3), і кроў і попел нашых знішчаных ворагам вёсак (ёсьць нават кніга краязнаўцы Віктара Хурсіка, якая так і называецца - "Кроў і попел Дражна").
Камуністыя знойдуць тут свае агонь і дым, і нават сьцяг перамогі.
Праэўропейцы - чырвоны мак.
Вернікі й патрыёты - знак Творцы, які "сьмерцяй сьмерць зваяваў", колер Сьвятога Георгія-Пераможцы і, адначасова, колер спрадвечнага беларускага сьцяга.

Радасьць вызваленьня й горыч страт. Шчасьце й Смутак. Кроў і Попел.

дзень памяці

.
08.05.14 19:00



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі