Кіно і Немцы (Рут Уолер, Рут Уольлер, Рут Уоллер, Ruth Waller)


2013 
Тацяна Грачанікава ля магілы Рут Уолер, Вайсковыя могілкі, 2013. Фота P.S.

З Тамарай Хведараўнай Місейчык на тэму вайны й пасьляваеннай дапамогі амэрыканскай я размаўляў апошні раз летась, па тэлефоне, на ўгодкі памяці амэрыканскай місыянэркі Рут Уолер, калі яе (Тамары Хведараўны) дачка, Тацяна Грачанікава, прыходзіла перадаць ад яе паклон. Сёлета Пані Тамара сама прыехала ў Менск, бо адзін фонд, назавем яго вельмі ўмоўна "Салідарнасьць", дакляраваў дапамогу (штопраўда, нешта там раптом не заладзілася, але не аб тым гаворка пойдзе). Таму, карыстаючыся выпадком, я вырашыў працягнуць нашую цікавую размову, што называецца, ужывую.

Пані Тамара 

Пані Тамара, Серабранка, 2014. Фота P.S.
 
Пані Тамара, аці памятаеце Вы, як Немцы напалі на Савецкі Саюз? 

Натуральна, мне ўжо было 9 гадоў, даволі дарослай дзяўчынкай была (сьмяецца). Раньнім браньскім (Браньск зараз Польшча / заў. кар.) ранком нас без рэчаў, пад гул самалётоў і выбухі зэнітак, пасадзілі на грузавік і павезьлі прасёлкамі на ўсход у калёне іншых машын, якія йшлі вельмі шчыльна, ледзь не датыкаючыся адна да днэй. З намі разом ехалі й пілёты, якія не пасьпелі ўзьляцець - ня быў гатовы СС да вайны. Укрутцы грузавік наш разбамбавалі й надалей мы дабіраліся ў рожны спосаб: на калёсах, пешкі, нат на параходзіку. Да Менску дапялі, калі ён ужо палымнеў. Казалі, што добра паддалі вагню савецкія падпальшчыкі - каб Немцом нічога не пакідаць.

1941, 1946.

Тамара Місейчык, 1941, 1946. Фота зь сямейнага архіву.
 
Гэна адзінае вашае даваеннае фота?
 
Ну так. Усё-ж пакінулі ў Браньску. Іншыя людцы нават і дакумэнты не пасьпелі схапіць. А гэнае фота захавалася, бо было дасланае ў лісьце сваяком як раз перад нападом. 

Яшчэ траплялі пад бамбаваньне па дарозе? 

Асабіста нашая сям'я - не. Быў выпадак, калі здавалася - усё, сьмерць, але пілёт спусьціўся ніска-ніска, паглядзеў, што жанкі й дзеці - і адляцеў. 

А баяліся Немцоў? Дарэчы, падчас акупацыі сёнешняй Серабранкі не было, а Немцы жылі тут побач, празь Сьвіслач, у Лошыцкай сядзібе, дзе пасьля вайны месьцілася Вашае ЮННРА. Гэныя фота я адкапаў у архівох, калі шукаў матэрыялы пра Лошыцкую аўтарыю Панны Марыі: 

Лошыцкая сядзіба

Нямецкая акупацыя, 1941-1944. Фота архіўныя. 

Неяк ня дужа. Ведаеце, у дзяцінстве ўсё па-іншаму. Ды й стасаваліся мы зь імі ня так ужо й часта. Пасьля таго, як уся нашая сям'я (бацька тады ўжо загінуў у цяжкіх баёх пад Смаленском / заў. кар.) правяла некалькі тыдняў у паліцыі, маму й брата Лёню, як партызаноў, забралі ў канцлягер, а мяне Немец завеў у сям'ю паліцая, няшчаснага чалавека, у якога была куча-мала галодных дзяцей, і прыгразіў кулаком. Але ў іх саміх не было чаго пад'есьць, таму мы часта бегалі да цягнікоў з нямецкімі жоўнэрамі, прасіць ў іх, лазячы пад вагонамі й хаваючыся ад патруля. Немцы дзяліліся. Потым мама й брат уцяклі з канцлягеру, знайшлі й забралі мяне ў партызанскі атрад. Маці распавядала, што начальнік лягеру, калі не дасылалі вязьням ежы, езьдзіў сам на асабістыя грошы набываць для іх каровіны маслы, кроў і вантробы. 

руіны 

Кадры пасьляваеннай кіна-фотакронікі. 

А другое фота, пасьляваеннае, таксама адзінае? 

Так, неяк ня ладзілася ў мяне з фота) Недзе ў 46-м. Гэна якраз тады, калі мяне ўладкавалі ў санатор, які паставіў мяне на ногі. 14 мне было, вучылася ў беларускай школе. Сэрца вельмі кволае было. Галодная вайна, доўгі час без бацькоў, пасьля жылі ў напаўпадвальным памяшканьні блізу Нямігі, ды й тады ня шмат было наедкоў - вось і захварэла на сэрца. Зусім слабáя была. 

А што яшчэ яскравага запомнілася з тых часоў? 

Трахвэйнае кіно - прыгожае, цікавае, каляровае. Яшчэ - як у выходныя мы штурмавалі "Першы" (кінотэатар / заў. кар.), каб паглядзець кіно задарма, хоць стоючы. Шмат паказвалі пра Тарзана, потым - "Багдацкі злодзей", здаецца, "Зора", "Зялезная маска", музычныя стужкі.

   

Кадры з "трахвэйных" кінастужак. 

Дык гэна-ж не "трахвэйныя", а пірацкія))) 

Так было напісана на ахвішах і ў тытрах. А ў працоўныя дні мы перапрадавалі квіткі. 

А калі-б ня здолелі перапрадаць? 

Такога не было) Квіткоў ніколі не хапала. Бывала, кіно пускалі нават ў напаўразбураных дамох. Праробяць вакенца ў сьцяне - і прадаюць зтуль квіткі. Яшчэ любілі бегаць па руінох, па горадзе. Праўда, там, бывала, і людзей забівалі. І чорную кошку малявалі - знак такі.

А на лячэньне Вас сама Рут Уолер уладкавала?


Аці-ж я яе ведала? Мама рупілася, а дзе вадзілі-каму паказвалі - Бог бацька! Так, каб асабіста - ня памятаю. Гэна потым ужо мама прыводзіла на яе магілу й казала, тут, маўляў, ляжыць пахаваная твая выратавальніца. 


А гісторыю пра хлопчыкоў, якія тапіліся, распавядала? 


Як Рут палезла ў возера іх ратаваць, пасьля захварэла - запаленьне лёккіх, мэнінгіт - і памёрла? Не, пра гэнае ўжо я нашмат пазьней даведалася, тады пра тое не казалі)


  Тэд і Рут Уолеры 


Тэд і Рут. Кадры пасьляваеннай кінакронікі. 


Раскажэце, калі ласка, пра лячэньне. 


Санатор быў у Астрашыцкім Гарадку, яшчэ царскі, напэўно. Туды хворых дзяцей зьвязьлі. 5-разовае сілкаваньне, клапатлівы пэрсонал, гулялі ў лесе, у вялікай залі сьпявалі песьні. Пад канец у мяне адкрылася яшчэ й сьвінка, і ўсіх пакінулі ў карантыне. Сястра ля мяне і дзень, і ноч дзяжурыла. Усе былі радыя.) 


Што там больш за ўсё ўразіла? 


А ўсё было смачнае) Есьці ўжо ніколі болей не хацелася. Памятаю малако й рыбны тлушч, узвары з сухой садавіны, ігруш, рызынак, чарнасьліву. Самае галоўнае - штодня давалі вялікую шклянку чакаляднага напою. На гэнае забыцца ніяк не выпадае - такая смаката) І яшчэ я там упершыню пакаштавала жоўтыя й памаранчавыя фрукты. Пра тое, што гэна былі апэльсыны й мандарыны, я даведалася значна пазьней) 


ЮННРА 


Лошыцкі маёнток. Кадры пасьляваеннай кінакронікі. 


А амэрыканскую дапамогу Вы атрымлівалі? 


А хіба ГЭНАЯ была не амэрыканская?) Усе ведалі, што ў нас у крамах нічога свайго няма, апроч хлеба, карамелек ды, можа, бачкавых селядцоў, ды й наконт таго  вялікі сумніў маю. 


Аці было ўвогуле што ў тых крамах? 


А, ці ведаеце, былі такія крамы, "ліцерныя" называліся? - Мы туды бегалі "пазырыць". Там было ЎСЁ. Толькі нас задтуль выганялі. Дома ў нас такога не бывала. 



З амерыканскай дапамогі сям'і Тамары Хведараўне больш за ўсё запомніліся вялікія кардонныя скрынкі, хутчэй за ўсё, "рацыёны", зь невялікімі, мабыць, парцыённымі, упакоўкамі; у слойках большага памеру - мясныя кансервы, мяккія, хутчэй за ўсё, сьвіныя; гароднінныя кансервы ў высокіх банках - нешта "нязвычнае й нясмачнае" кшталту спаржы (Пані Тамара чамусьці лічыць, што гэна былі нейкія зялёныя несалодкія бананы); лярд і цёмнае масла, хутчэй за ўсё, арахісавае. Як дзіця, яна запомніла больш прысмакі: вялікую плітку чакаляды, згушчанае малако, фруктовае павідла альбо джэм у рожных невялічкіх пакункох, печыва-галеты; а таксама маркізэтавую дзявочую сукеначку й сьветлыя адкрытыя пантофлі на невысокім абцасе. Сыр, рыбныя вырабы й кансервы, бабы і гарох, садавіна-гароднінныя сокі, крупы розныя, какава- і кава-бабы, чай, фруктовы парашок, сырная паста, масла,сухое малако, цёплая вопратка - гэнае, відаць, да іхняе сям'і не даходзіла. 


ЮННРА 


Дзейнасьць ЮННРА. Кадры пасьляваеннай кінакронікі. 


Партызанская даведка: Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН — Адміністрацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтоў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР. 


Улічваючы вельмі цяжкае эканамічнае становішча Беларусі пасля вайны, і было прынятае рашэньне аб аказаньні ёй дапамогі. У сьнежні 1945-га ў Вашынгтоне было падпісанае Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавароў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх дáлероў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945-1946 гг. Гэтыя сродкі вылучаліся на абнаўленьне гаспадаркі, забеспячэньне насельніцтва самымі неабходнымі сродкамі існаваньня: ежай, адзеньнем, абутком, лекамі і г.д.


Гэная падтрымка беларускаму народу была надзвычай неабходная. Савет рэспублікі выказаў падзяку на адрэсу ААН. Дапамога была даволі істотнай — з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезенае звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу-ж трапіла пад кантроль Бюро ЦК КПБ, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузоў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш. Бюро тады фактычна зьяўлялася вышэйшым ворганом улады ў БССР. 


Аднак гэная гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархоў была пахаваная на доўгія гады — яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946-га Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладох і гутарках прыводзіць будзь-якія лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытаньні дапамогі з боку ЮННРА”. 


http://www.belaruspartisan.org/blogs/navicki/16547/



вышыванка 


Калі Музэй Таталітарызму й Салідарнасьці рыхтаваў апошнюю публікацыю з цыклю "Невядомая Беларусь" пра місыю ААН у справе дапамогі й аднаўленьня (ЮННРА) - "Кіно і Немцы, ЮННРА, Рут і Лошыца / Успаміны жывой сьведкі" (http://salidarnasc.livejournal.com/77509.html), то мы зьвярнулі ўвагу, што на пасьляваенных фота многія беларусы, як, напрыклад, сваяк гэраіні нашага артыкулу (ён на правым фота побач зь юнай Тамарай), красуюцца ў нацыянальных строях. Аднак ня толькі беларусы. У кроніцы ЮННРА мы знайшлі, як мінімум, тры фота амэрыканцоў у вышыванках. Дакладна вядома, што такую-ж з гонаром насіў і першы кіроўнік місыі ЮННРА (месьцілася ў Лошыцкім маёнтку), вядомы ню-ёркскі юрысты Рычард Скандрэт. Ён на ніжнім левым фота. 


Лошыца 


Місыя ў панскім паляцы. Фрагмэнт кронікі.



У 1946-1947, пра якія вядзецца ў нашым цыклі публікацый пра ЮННРА (бо яны больш за ўсё зьвязаныя зь дзейнасьцяй згаданай арганізацыі ў Беларусі), саветамі ва Ўкрайне быў учынены чарговы, трэйці, галадамор. Беларусы таксама галадавалі разом з украінцамі ўтрэйце, але і ў гэны раз голад на нашай тэрыторыі меў менш цяжкія наступствы. Як згадвае пані Тамара, украйнцы ехалі на дахох вагоноў, з апошніх сіл чапляліся за парэнчы. Некаторыя, маладыя ці ня вельмі, мужчыны й жанкі, гінулі проста на вачах ад голаду, траплялі пад колы, яна апісвае колькі такіх выпадкоў.


  АРА 


ЮННРА – ня першая амэрыканская місыя, якая аказвала дапамогу пацярпелым ад вайны й голаду беларусом. Раней ужо была АРА (Амэрыканская адміністрацыя дапамогі), сума дапамогі якой у 1920-1923 ў пераліку на кошты 2004 склала каля 80 мільёноў далероў. 


Тэд і Рут 


Тэд і Рут Уолеры пабраліся шлюбам на вайсковай базе Макдзіл. Там і згулялі cьціплае вайсковае вясельле. Рут было тады блізу 20. Яна служыла ў жаночым корпусе Узброеных Сіл ЗША.


  Пошук 


У 1948-ым на кінаэкраны выйшла мастацкая стужка «Пошук» http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%BE%D0%B8%D1%81%D0%BA_(%D1%84%D0%B8%D0%BB%D1%8C%D0%BC,_1948), што распавядае гісторыю чэскага хлопчыка, якая нечым пераклікаецца зь лёсам нашай гэраіні. Яго таксама ўратавала ЮННРА (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, UNRRA). Фільм ёсьць на торэнтох. 


каштоўны груз 


Каштоўны груз. Фрагмэнт кронікі.


.
15.07.14 23:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі