Гэроі й ахвяры

75-й гадавіне разьвязаньня ІІ Сусьветнай вайны, якая забрала дзясяткі мільёной жыцьцяў і траціну насельніцтва Беларусі, прысьвячаецца

архіўныя фота

Архіўныя фота.

 …Я йшоў на Вайсковыя могілкі зь цяжкім сэрцам. Па нашаму роду, як і па многіх іншых беларускіх родох, таксама пракаціўся цяжкі каток гэнай тотальнай, бязьлітаснай, цяжкай, крывавай, подлай, жудаснай, бруднай, несправядлівай вайны ўсіх супроць усіх, якую кіроўнікі нашае краіны ўжо шмат гадоў называюць “пераможнай” і “вызвольнай”. Яшчэ жывыя колькі маех родных і сваякоў старэйшага пакаленьня, у асноўным, жанкі, якія бачылі гэную вайну на ўласныя вочы. Іншыя, мужчыны, паляглі, хто на самым пачатку ў гіганцкіх беларускіх катлах, хто абараняючы Расею. Адзін, праўда, дзед, вымушаны чырвоны партызан, вярнуўся жывым, аднак адразу быў асуджаны на 15 гадоў гулагоў. Таму, каб сабрацца з духом, я прыйшоў на месца за гадзіну да пачатку цырымоніі, але не пайшоў да мэмарыялу чырвонаармейцоў, а блукаў між магіл партызан і цывільных, сярод якіх было нямала й дзяцей…

 Чаму на Вайсковых могілках, спытаеце вы? Таму што падобныя акцыі па ўшанаваньню памяці ахвяр ужо праводзіліся сёлета й у Курапатах, і ў Трасьцянцы, і нават у Катыні пад  Смаленском (пра апошнюю я пісаў у блёгу).  Чаму я шукаў натхненьня, блукаючы сярод магіл ваенных часоў? Бо-ж я насамрэч ня ведаў, як умясьціць ў кароткую прамову такую вялізарную па аб’ёме тэму, як ахвяры ІІ Сусьветнай вайны. Пяцьцю гадамі раней я паспрабаваў напісаць працу “Ахвяры вайны”, дык каб хоць крыху азначыцца, сыстэматызаваць гэныя ахвяры з прыкладамі, давялося надрукаваць 24 старонкі тэксту.

 Там, сярод магіл, я сустрэў колькі жанок, будучых удзельніц мэмарыяльнай акцыі, і пару дзясяткоў хвілін да яе пачатку мы прабавілі ва ўспамінах і агляданьні помнікоў, што канчаткова зьняло маю ўнутраную напружанасьць. А прамовы, дзякуй Богу, знайшлося, каму казаць. А зараз – пра самую акцыю.

клясыфікацыя

Схема-клясыфікацыя, navicki.

У Кіеве й Менску зь ініцыятывы Руху салідарнасьці «Разом» прайшлі акцыі па ўшанаваньню памяці гэрояў і ахвяр Другой Сусьветнай, прысьвечанай 75-ым угодкам яе пачатку.

 Усе жалобныя мерапрыемствы адбываліся якраз 1 верасьня, спачатку ў Кіеве, у Бабіным Яры, а потым, бліжэй да вечара, на Вайсковых могілках у Менску.

 У сумную гадавіну нападу нацысцкай Нямеччыны й Савецкага Саюзу на Рэч Паспалітую старшыня Руху салідарнасьці «Разом» і Беларускага цэнтру ва Ўкрайне Вячаслаў Сіўчык, лідэр грамадскай ініцыятывы “Луганцы” Сяргей Каваленка, каардынатарка Руху салідарнасьці «Разом» ва Ўкрайне Галіна Сарочык у кароткіх прамовах узгадалі гэрояў украйнскай і беларускай нацыяў, а таксама распавялі пра тыя страшныя ахвяры, якія панеслі Ўкрайна й Беларусь у выніку Другой Сусьветнай вайны.

 Каля манумэнтоў у Бабіным Яру, які зьяўляецца адным з самых трагічных мэмарыялоў Другой Сусьветнай вайны, актывістыя руху ўсклалі кветкі й запалілі зьнічкі. Потым, каля крыжа, ўсталяваннага ў памяць 621 АУНаўца, забітых ў Бабіным Яры, адбыўся жалобны мітынг, які пачаўся зь хвіліны маўчаньня па ўкраінскіх гэроях, якія сёлета загінулі ўсходзе Ўкрайны ў барацьбе са страшнай пагрозай ўсяму чалавецтву – расейскім імпэрыялізмам.

 Агучвалася й трывожная інфармацыя з франтоў Данбаса, казалася й пра нябесьпеку трэцяй сусьветнай вайны. Напрыканцы імпрэзы, ушанаваўшы хвілінай маўчаньня гэрояў і ахвяр Другой Сусьветнай вайны, удзельнікі акцыі, стоючы пад бела-чырвона-белымі й украінскімі(жоўта-блакітным і АУН) сьцягамі, выгукнулі: Слава Україні! Жыве Беларусь! Слава Нацыі!

ніжняе фота - navicki

 У Кіеве й у Менску. Верхняе фота - Рух салідарнасьці "Разом". Ніжняе фота navicki.

У Менску каля двох дзясяткоў грамацкіх актывістых усклалі кветкі да мемарыялу вызваліцелям Менска ад гітлероўцоў, і да помніка беларускаму пясьняру Янку Купалу, які загінуў пры нявысьветленых абставінах,  ушанавалі іхнюю памяць хвілінай маўчаньня.

 Як адзначыў кінадраматург Уладзімер Халіп, менавіта 1 верасьня 1939 а 45 хвіліне на пятую нямецкі вучэбны браненосец “Шлезьвіг-Гальштынія” абстраляў польскую паўвыспу на беразе Балтыкі Вэстэрпляте і высадзіў дэсант. “Шмат каму здавалася, што гэная чужая вайна, што яна хутка скончыцца. Сярод абаронцаў Вэстэрпляте было шмат беларусоў, у тым ліку родны дзядзька маёй жонкі — шэраговец і выдатны беларускі пісьменьнік Янка Брыль — падхарунжы баталёна марской пяхоты», — сказаў спадар Уладзімер.

 Ён нагадаў, што вайна прынесла Беларусі вялікія страты, выкліканыя сталінскімі рэпрэсыямі пасьля захопу Заходняй Беларусі, а таксама ваеннымі дзеяньнямі, у якіх беларусы змагаліся на рожных франтох супроць нацыстых, а часом і па рожныя бакі фронту. На вялікі жаль, іх безымённыя магілы да гэнай пары раськіданыя па ўсім сьвеце. А гэроі-беларусы, якія змагаліся на Заходным фронце супроць нацыстых, у Савецкім Саюзе пасьля перамогі былі не прызнанымі за ўдзельнікоў вайны, у тым ліку гэроі абароны Вэстэрплятэ, штурму кляштару Монтэ-Касына ў Італіі й дэсантнай аперацыі “Аверлёрд” у францускай Нармандыі.

вайна

Вайна. Пэйнт navicki.

 Саветы палічылі ворагамі народа і тых сумленных беларусоў, хто ва ўмовах акупацыі вучыў беларускіх дзяцей роднай мове, сапраўднай гісторыі й традыцыйнай культуры свайго народа. Усе краіны — удзельнікі антыгітлероўскае кааліцыі атрымалі нейкія дадаткі да сваёй тэрыторыі, а Беларусь — адзіная з кран, што змагаліся супроць нацыстых, панесла тэрытарыяльныя страты, падкрэсьліў Уладзімер Халіп.

 На  ягоную думку, беларусы могуць спадзявацца ў гэтым сьвеце толькі на саміх сябе, на сваю слаўную гісторыю, на сваіх бацькоў і дзядоў, якія замагаліся за гэную зямлю й заплацілі за яе сваёю крывёю і жыцьцём, на сваё яднаньне, на сваю супольнасьць, на сваю мужнасьць, а не на Расею, якая ў чарговы раз паказала ўсяму сьвету ва Украіне сваю імпэрскую крыважэрную захопніцкую сутнасьць.

 Толькі тыя людзі, якія не адмаўляюцца ад сваёй мовы, гісторыі й культуры, але шануюць іх, могуць звацца народам і прэтэндаваць на тое, каб у іх была самастойная незалежная краіна, паўнавартасная нацыя і шчаслівая будучыня, падкрэсьліў Уладзімер Халіп. Ён выказаў спадзяваньне, што беларусам хопіць развагі, розуму і мужнасьці ацаніць ўсё тое, што сёньня адбываецца ў сьвеце, каб трымацца за сваю зямлю й за яе мяжы, а ў цяжкі час, калі такі час, крый Божа, прыдзе, стаць на абарону сваёй Бацькаўшчыны.*   

         У сваю чаргу нзаступнік старшыні Руху салідарнасьці «Разом» Алесь Макаеў правёў паралелі паміж Другой Сусьветнай вайны і сучаснымі падзеямі ва Украіне, параўнаўшы дзеяньні Расеі з аналягічнымі - гітлероўскай Нямеччыны. Скончылася акцыя гімном “Магутны Божа”.

 *Прамова Ўладзімера Халіпа ўзятая з «Новага Часу»

Загрузка плеера

 Фота navicki.

Дарэчы, калі пісаўся гэны артыкул, прыйшло паведамленьне з Горадні, што там на тэрыторыі вайсковай часткі знойдзенае чарговае масавае пахаваньне – парэшткі 47 вайскоўцоў, у некаторых былі гузікі з Пагоняй. Хто іх насамрэч забіваў, немцы ці энкавэдыстыя, мы даведаемся няхутка.

знаходка
Фота "Гродзенскай праўды"..
03.09.14 20:11



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі