VIVA CATALONIA! 07.10.2017 1

На пяты дзень пасля рэферэндуму ў Каталоніі Еўрапарламент прызнаў яго незаконным.

З прававога боку яно як бы так. Але...

Няма падзеі, сутнасць якой не з’іначыла б, не перакруціла б палітыка. У поўнай меры гэта датычыць рэферэндуму, на якім каталонцы выказаліся за незалежнасць. Адразу ж аказалася, што гэта пагражае цэласнасці Еўразвязу, інтэграцыйным працэсам у Еўропе, свеце — і ўвогуле незаконна, пра што ў адну дудку дзьмуць і ў Мыдрыдзе, і ў Брусэлі. Ды яшчэ палохаюць: маўляў, калі вы аддзяляецеся ад Гішпаніі, дык вам няма месца і ў Еўразвязе (дактрына Продзі, якая, дарэчы, зусім не закон).
 Рэферэндум у Каталоніі вынікнуў не з палітычнай праблемы (якой па сутнасці няма) і нават не з эканамічнай (“мы самыя багатыя, а Мадрыд нас абірае”). Асноўны, стрыжневы складнік рэферэндуму — нацыянальны. 
“Мы не гішпанцы! — вось што заявілі каталонцы на рэферэндуме. — У нас свая (каталанская) мова, культура, гісторыя. І мы не хочам, каб яны зніклі. А захаваць іх мы зможам толькі ў тым выпадку, калі захаваемся як каталонцы”.
 Вам гэта нічога не нагадвае? Не ўзнікаюць ніякія паралелі?..
 Каталонскае Renaixença (Адраджэнне) пачалося, як і ў Беларусі, у 19-м стагоддзі, пад сярэдзіну якога (у Беларусі трохі пазней) адраджэнскі рух (напачатку, як і ў Беларусі, выключна культурніцкі, літаратурны) набыў нацыянальна-палітычныя рысы. Менавіта па гэтай прычыне ў 20-м стагоддзі (з прыходам да ўлады дыктатара Франка) каталанская мова была забароненая. Закон аб яе статусе як адной з дзяржаўных моў на тэрыторыі Каталоніі быў прыняты толькі ў 1983 годзе. Можна сказаць, што з гэтага часу і пачаўся каталонскі шлях да рэферэндуму аб незалежнасці. 
Замацуюцца вынікі рэферэндуму законам аб незалежнасці ці не, сама тэндэнцыя супраціву еўрапейскіх народаў працэсам глабалізацыі, якая напрыканцы мінулага стагоддзя абвешчаная магістральным шляхам чалавецтва, дае надзею на тое, што гэтае самае чалавецтва не страціць сябе ў сваіх адметнасцях, захаваецца ў суквецці розных культур, моў. І праз тое не ператворыцца у мільярды глабалізаваных, уніфікаваных, апрацаваных сродкамі масавай інфармацыі дэбілаў, якімі лёгка кіраваць адной кнопкай, чаго і дамагаецца так званая вялікая палітыка. 
Вялікай палітыцы, якая нават у дэмакратычных краінах мае прыкметы імперскасці, патрэбныя як мага большыя велічыні. Вялікія тэрыторыі, дзяржавы, насельніцтвы. Карацей, кожнаму каралю — найбольшае каралеўства (праз што дэманстратыўна ігнаруе вынікі рэферэндуму гішпанскі кароль). А звычайнаму чалавеку патрэбны проста ўтульны, па-свойму збудаваны і абжыты дом. Месца, у якім свае традыцыі, памяць, культура, мова. 
Між іншым, у звязку з працэсамі глабалізацыі штогод знікае ў свеце больш за 20 моў. Каталанская, як і беларуская, выйграць у канкурэнтнай барацьбе за выжыванне маюць мізэрныя шансы. Але гэта — калі не трымацца за іх. Калі не змагацца за сваю нацыянальную адметнасць, за сваю культуру, мову так, як змагаюцца за найдарагое ў жыццё.
 Што і робяць каталонцы.
 VIVA КАТАЛОНІЯ!   http://naviny.by/article/20171006/1507301605-uladzimir-nyaklyaeu-prauda-viva-catalonia  

Не апраўданне – пакаянне 24.08.2017

      Украіна адсвяткавала Дзень незалежнасці.

      Няпростым шляхам ідзе яна да самой сябе. З вясны 2014 года – праз вайну. Праз страты, ахвяры, кроў...

10 000 украінцаў загінулі на вайне, якую распачала Расія, і якую дасюль называюць (выключна па палітычных прычынах) не вайной, а “ўзброеным канфліктам”. Але калі расійскі бок вінаваціць (што адбываецца ўсё часцей) у гэтым “узброеным канфлікце” Украіну, тады “канфлікт” наўпрост называецца вайной: “Войну в Донбасе начала Украина» (http://ruspravda.info/Voynu-v-Donbasse-nachala-Ukraina-1245…).

Гэта адна са шматлікіх спробаў апраўдання вайны. Апраўдання крыві. Вось узяла Украіна і напала на Данбас – тэрыторыю, якая (хто б і што б не распавядаў пра яе “расійскую гісторыю”) – у яе межах. У дзяржаўных межах Украіны, з боку якой ніхто дзяржаўнай мяжы не пераступаў.

Дзесяць тысяч украінцаў загінулі на сваёй зямлі за сваю зямлю. Чужой зямлі яны не хапалі. Вось праўда. А ўсё астатняе – мана. Таму ўкраінцы і маюць права сказаць: “Давеку не забудзем і не даруем ніколі. І нікому» (http://www.segodnya.ua/…/poroshenko-ne-prostim-kremlyu-bole….)

Наколькі рэха гэтых слоў закоціцца ў будучыню, ніхто не ведае. Але ўжо відавочна, што закоціцца далёка. І гэта самае страшнае, што прынесла і ў Украіну, і Расію вайна. І няма гэтаму апраўданняў – і дарма іх шукаць.

Не апраўдвацца трэба.

Пакаяцца.

Чым хутчэй, тым лепш.

ПОМСТА! 02.08.2017 2

Яшчэ не скончыліся пераследы па прыдуманай справе “Белага легіёну” - і вось арышты па “справе прафсаюзаў”.

Ператрус у офісе незалежнага прафсаюза РЭП і затрыманне Генадзя Фядыніча, якога звінавачваюць у нявыплаце падаткаў, - справа наўпрост палітычная. Звязаная яна не з нявыплатай падаткаў, а з актыўным удзелам прафсаюза РЭП у акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3, у фактычнай адмене якога прафсаюзы сыгралі вырашальную ролю. Дараваць гэта рэжым не мог. І вось - помста.

Апроч таго, незалежныя прафсаюзы ў апошні час сталі ўсё больш цесна супрацоўнічаюць з дэмакратычнымі апазіцыйнымі сіламі. Зусім нядаўна Беларускі нацыянальны кангрэс дамовіўся з РЭП аб падтрымцы акцыі пратэсту супраць беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”. Падтрымаць гэтую акцыю рыхтаваліся таксама іншыя незалежныя прафсаюзы. Пратэст меўся быць масавым, па ўсёй краіне, і арышт прафсаюзных лідараў - наўпроставы крок уладаў не толькі на зрыў шырокага пратэсту супраць уцягвання Беларусі ў ваенныя блокі, але і на аслабленне усіх пратэстных акцый, запланаваных на гэтую восень. Гэта чарговая спроба рэжыму задушыць памкненні народа да свабоды і дэмакратыі! І робіцца гэта пад прыкрыццём дыялогу з Еўразвязам, пад хлуслівыя размовы пра гатоўнасць да дэмакратычных змен, да палітычных рэформаў!

Рэжым лжэ. Рэжым не спыняе рэпрэсіі. Рэжым захоўвае толькі самога сябе, не зважаючы на народ, на Беларусь.

КРЫЖ КУПАЛЫ 07.07.2017 1

Купалле.

Дзень народзінаў Янкі Купалы. 135 гадоў.

На сто гадоў меней часу прамінула паміж гэтымі тэкстамі. Вершаваным і празаічным.

 

ЛЯЎКІ

Дарога вяла на Ляўкі.

Праз ніву. Праз лес. Праз вякі.

Цяжарна ўздыхала ралля.

Храплі на аселіцах коні.

Свістала ў прасторы Зямля —

Каля небасхілу, каля

Той жылкі, што б'ецца на скроні.

Дарогу ўздымала гара,

I там, дзе дарога знікала,

Над вечнай вадою Дняпра

Стаяў нерухомы Купала.

Кацілася шляхам сваім

Рака — як магла, як хацела.

Быў страшны Купала — на ім,

Яшчэ даваенным, жывым,

Святочна кашуля гарэла.

Хісталіся цені жуды

Сляпымі маланкамі ў змроку...

Адзін толькі крок да вады!

Не зробіць ён гэтага кроку.

Ён скуру здзярэ, як луску,

I рушыць на вольны гасцінец...

Ён пройдзе яшчэ праз Маскву

Па цьмяных прыступках гасцініц.

Ён будзе на сходках начных

Спяваць, зратаваных ад кулі

Сяброў абдымаць — і на іх

Святочна запальваць кашулі.

Ён будзе!

...Кружыла Зямля.

Храплі на аселіцах коні.

Усё гэта будзе — пасля.

Усё гэта будзе — ніколі.

Пасля — у мальбе і праклёнах.

Ніколі — у спратах віны.

...Адзін і адзіны з мільёнаў,

Адзін і адзіны, спалёны

На росстанях смутных

Вайны...

 

Янка Купала. Парадны фотапартрэт за год да гібелі.

 

НА КРЫЖЫ

Урывак з аповесці

- Досыць! - зірнуўшы на Сталіна, які насуплена маўчаў, павярнуўся да Несцярэнкі Тухачэўскі. - Выконвайце абавязкі, палкоўнік! - І Несцярэнка ступіў да Купалы: “Гэта тут. Кладзіце крыж і самі кладзіцеся”.

Купала паклаў крыж. Лёг на яго спінай, раскінуўшы рукі і заціснуўшы медальён у левай, каб бліжэй да сэрца, руцэ. Над ім плыў месяц і роіліся зоркі…

На трэці дзень па смерці ён адчуў сябе шчаслівым…

“Не бойся, не бойся... - казала, кругляючы над ім, над могілкамі Спагада. - Балюча не будзе, на трэці дзень ужо не баліць…

- Прыбівайце! - падаў Несцярэнка малаток з цвікамі Маякоўскаму, які стаяў каля крыжа, нібы прымяраючыся да яго, і адступіў назад: “Я паэт, а не кат!”

Несцярэнка паглядзеў на Сталіна, той падышоў, узяў цвікі і стаў раздаваць кожнаму па адным. “Усе ўсё бралі?.. Прэміі, званні, ордэны… Дык і цвікі возьміце… Трэба было раней не браць… А цяпер позна...

- Але патрэбныя ўсяго тры цвікі, - узяўшы свой цвік, пакруціў яго ў пальцах Кіраў. - Як у Хрыста: па адным у рукі і ў ногі адзін, - а святы Серафім устрапянуўся: “Калі ўжо як у Хрыста, дык два крыжы яшчэ трэба. Для двух разбойнікаў”.

- Які Хрыстос? Якія разбойнікі?.. - выхапіў малаток з рук Несцярэнкі і замахаў ім Кашкадамаў. - Вы тут казкі папоўскія не расказвайце, а рабіце, што суд пастанавіў!

Горкі, Куйбышаў, Маякоўскі, усе, каго прыгаварылі да расстрэлу, моўчкі глядзелі на Кашкадамава, на Купалу, адзін на аднаго… Некаму трэба было ўзяць малаток і ўвагнаць першы цвік.

Доўга стаялі…

- Як выконваць?.. - нарэшце плаксіва спытаў Горкі. - Я не ўганяў цвікі ніколі…

- Не ўганяў! - стукнуў касцяшкамі пальцаў сабе ў лоб Кашкадамаў. - Карціны ніколі не вешаў?.. Хто першым быць хоча? - павярнуўся ён да старых могілкаў, дзе выйшлі з Малога сабору і наблізіліся да брамы трое русявых, у зрэбнае апранутых, з шэра-блакітнымі вачамі моцных мужчын. - Можа, нехта з вас?

Тыя запераміналіся з нагі на нагу, пра нешта перагаварылі паміж сабой, адзін ступіў наперад.

- Нельга нам. Гэта Купала. Некалі жрацы казалі, што з’явіцца чалавек з іменем бога - і павядзе нас, і зратуе. Дык, можа, ён гэта. З іменем бога. Так што нам нельга.

Кашкадамава, як на спружыне, падкінула.

- Якія яшчэ жрацы? Якога бога? Я сам і жрэц, і жнец, і на дудцы грэц! А вы хто?

Падскокі ягоныя ні на аднаго з русявых ніяк не паўздзейнічалі, і той, які ступіў наперад, сказаў спакойна: «Я Круглец. Яны, - паказаў на паплечнікаў, - Кумец і Няжыла. Жрацы нашы - крывіцкія, а імя бога - Купала. Ён бог сонца, праз якое жывем, і агню, праз які ачышчаемся. І якраз на Купалу, у дзень бога нарадзіўся чалавек з ягоным іменем, якога вы збіраецеся раскрыжаваць. Але гэта без нас, гэта вы самі, калі ваш суд...

- Ды што іх слухаць! - не вытрываў маршал Тухачэўскі. - Бог агню, бог сонца! Мы ў якім часе?.. Давай, Кашкадамаў! - махнуў ён, як малатком ударыў, правай рукой, і Кашкадамаў увагнаў цвік у правую руку Купалы. Спрытна, адным ударам, кінуўшы малаток пад ногі Горкаму. - На!..

Дарма Спагада сказала, што балець не будзе. Яшчэ як забалела! Але не так, каб не стрываць. Трываць можна было.

Боль быў не такі, як апёк чырвонага каменьчыка ў левай далоні. Не гарачы. Халодны.

“Заторгаўся…” - працадзіў Кашкадамаў, а палкоўнік Несцярэнка, насмешлівым позіркам змераўшы ўсю расстрэльную кампанію, падняў з-пад ног Горкага малаток, паклаў адну на адну, левую на правую, да крыві нацёртыя ступні Купалы: “Што гэта ў вас? Стыгматы?.. - І, выбраўшы найдаўжэйшы цвік, увагнаў яго на чвэрць. - А цяпер давайце кожны па чарзе, па адным разе…”

На гэты раз болем працяла, як токам. «Калі так, - скрозь боль падумалася, - патрыярха працінала, якога токам катавалі, дык не дзіва, што не вытрываў. І падпісаў паперу - і пачалі маліцца ў храмах за тых, хто знішчаў храмы. “За краіну нашу і ўлады яе…” Перад раскрыжаваным Хрыстом - за Сталіна.

Як лёгка вінаваціць… - яшчэ падумаў. — І як не проста павінаваціцца. Цяжэй, чым боль стрываць».

- Давайце-давайце… Сяргей Міронавіч, пакажы прыклад, ты ж ва ўсім першы хацеў быць, - узяў Сталін малаток у Несцярэнкі і падаў Кіраву. - Давайце, усе давайце… Цюк, цюк… Ці ўсе вы думаеце, як трое гэтых паганцаў, што можна глядзець, як некага катуюць, забіваюць, і заставацца чысценькімі? Маўляў, мы тут не пры чым… А хто пры чым, калі не вы? Калі вы тут?

Яны пастаялі адзін перад адным, Сталін і Кіраў, вочы ў вочы, і апошні не стрываў, адвёў позірк, узяў малаток. “Цюк” - цюкнуў па цвіку Кіраў, хуценька падаўшы, нібы яму руку апякло, малаток Куйбышаву, той таксама хуценька цюкнуў, і Горкі за імі, прамахнуўшыся і ўдарыўшы Купалу па пальцах, за што прабачыўся, а Купала кіўнуў: “Нічога, Аляксей Максімавіч, бывае…” - і Маякоўскі, і таварыш Коган, і ўсе, хто быў асуджаны, і хто проста быў на судзе, адзін за адным падыходзілі, бралі адзін у аднаго малаток: цюк, цюк, цюк, цюк, цюк…

Калі ты тут, дык ты тут.

Бог і мова 02.07.2017 3

Будслаў.

Апошні дзень чэрвеня.

Фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.



Тысячы людзей са зьнічамі, святая імша, адслужаная па-беларуску. І ўспомнілася, як у чэрвені 1999 года слухаў на плошчы ў Варшаве папу Яна Паўла ІІ, і як уразіўся, калі «Ойча наш…» падхапілі разам з ім мільён палякаў, якія былі на плошчы, і прамаўлялі малітву ўсе адным дыхам па-польску, выяўляючы дух нацыі, і як падумалася: «Госпадзі! Ці будзе такое калі-небудзь у нас, ці дачакаюся я малітвы, адным дыхам прамоўленай мільёнам беларусаў па-беларуску?..» Дык вось тут, у Будславе, нешта падобнае сталася. Няхай не мільён, але тысячы беларусаў прамаўлялі адным дыхам «Ойча наш…» па-беларуску, і я прамаўляў разам з імі, ледзь стрымліваючы шчымлівыя слёзы - праваслаўны сярод каталікоў…

Я не збіраюся пераходзіць з царквы ў касцёл. Бог адзін. Але з кожным народам размаўляе Ён на той мове, якую народу даў, каб той народ быў.

Каб была Беларусь, мусіць быць Бог, які гаворыць па-беларуску, і мусяць быць тыя, хто па-беларуску Яму ў малітвах гукаецца. Незалежна ад таго, царкоўныя яны, ці касцёльныя.

Беларуская мова і беларускі Бог - вось што трэба найперш, каб была Беларусь. Айчына. Без гэтага яе не будзе. І менавіта таму найперш беларускай мове і беларускаму Богу не даюць прадыхнуць тыя, хто не хоча, каб Беларусь была. 

На крыжы 28.06.2017 3

28 чэрвеня - 75 гадоў як не стала Янкі Купалы.

Ягоная смерць у гатэлі “Масква”, дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно й не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але “таямнічых” матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага, і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.

Яшчэ адным штуршком для напісання аповесці “На крыжы” стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго “Такі ён быў”, дык адказу на тое, які ён быў? - там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Аповесць пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным - і час ад часу сюжэт аповесці вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

 

НА КРЫЖЫ

Урывак з аповесці

 

- Ешце, ешце, - падліваў ужо трэці апалонік Сталін. - Бачыце, які чырвоны. Я люблю, калі такі чырвоны. У белай талерцы… Вы колькі не елі?

- Дні тры. Як памёр, так і не кармілі, - налягаў Купала на боршч, які не надта любіў, але Сталін сказаў, што нічога болей няма. Маўляў, вайна, і жонка захварэла.

- Дык яна ж застрэлілася дзесяць год таму, паклаў лыжку Купала. - Як яна цяпер магла захварэць?

Камісар Мяркулаў зірнуў на яго няўхвальна. Маўляў, гэта асабістае, сямейнае. Думай, пра што пытаеш.

- Ажывілі, - сказаў камісар незадаволена. - Як і вас.

Ён паглядзеў на Сталіна, які кіўнуў: маўляў, так, ажывілі. І пацікавіўся:

- А вы чаму без жонкі? Застрэлілася? Ці так памерла?

Купала хацеў перахрысціцца, пальцы склаў, але ўспомніў, хто перад ім, і пацёр складзенымі пальцамі лоб.

- Нічога, можна, - паблажліва сказаў Сталін. - Я некалі ў семінарыі вучыўся… Дык памерла?

Купала перахрысціўся.

- Не, жывая. Гэта я памёр, таварыш Сталін. Забілі мяне, таму яна не са мной.

Мяркулаў зноў зрабіў незадаволены выгляд.

- Вас ажывілі. А жонка ваша ў Казані. Таму не з вамі.

Купала задумаўся. Відаць было, што нейкі канцы з нейкімі канцамі ў ягонай галаве не сходзяцца.

- А за што?

- Што за што?.. За што ваша жонка ў Казані?

- Не. За што мяне ажывілі?

- Бо вы вялікі беларускі паэт.

- А нашто вам вялікі беларускі паэт? Каб яшчэ рускі…

Мяркулаў рукі ўскінуў.

- Ды якая розніца? Савецкі! І не зрабілі нічога шкоднага.

- Ад беларускіх паэтаў увогуле ніякай шкоды, - стаў прыбіраць са стала Сталін. - Зрэшты, як і…

“Карысці”, - хацеў ён, мусібыць, дагаварыць, але не дагаварыў, толькі махнуў рукой, выпусціўшы і ледзь не пабіўшы талерку, якую падхапіў Мяркулаў, спрыт якога здзівіў Купалу: пад стол паспеў скочыць і пад сталом злавіць.

- Як, зрэшты, і ад рускіх, - кіўком пахваліў камісара Сталін, сеў да стала і пачаў набіваць люльку. - Вось паслухайце, што адзін рускі паэт прыдумаў: “Хачу назваць яго не Сталін - Джугашвілі!” Што ён хацеў сказаць?.. Калі я Джугашвілі быў, сам лепш пісаў.

- Ды ён не рускі, - памыў талерку і вярнуўся Мяркулаў. - Габрэй.

- Габрэй... - пыхнуў люлькай Сталін. - Дык вось да нацыянальнага пытання. Калі б, скажам, Мяркулаў размаўляў на ідыш, я гаварыў па-грузінску, а вы па-беларуску, мы б адзін аднаго зразумелі?.. Вы разумееце мяне?

- Не зусім, таварыш Сталін, - асцярожна адказаў Мяркулаў. - Чаму я павінен размаўляць на ідыш, калі я грузін? - І ўбачыўшы, як Сталін усміхнуўся, асмялеў. - І яшчэ… У сорак першым я вас цалкам разумеў. А ў сорак другім, калі адправілі ў Куйбышаў працаваць…

- Ну й адправіў, - паморшчыўся і пастукаў люлькай аб край попельніцы Сталін. - Не ў Беларусь жа партызаніць паслаў. - А вы партызанілі?.. - неяк хітравата спытаў ён Купалу, і той дастаў з левай унутранай кішэні пінжака, дзе ляжалі харчовыя карткі і пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў, верш-улётку «Беларускія сыны».

- Не. Я пісаў. Пачытайце. Гэта пра партызанаў.

Сталін падняўся, перайшоў ад абедзеннага стала да пісьмовага, начапіў акуляры (ён, аказваецца, акуляры носіць!) і пачаў чытаць. Спачатку запінаючыся, а пасля, нібы ўсё болей радуючыся, што дае рады тэксту на замежнай мове, з усё большым імпэтам, па-грузінску напеўна:

Па беларускім бітым шляху,

Б'ючы ў кайданавы званы,

Брыдзе чужынец, а зь ім побач

Хто?

  - Беларускія сыны!

 У беларускім вольным краі,

Зь ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

  - Беларускія сыны!

 Над беларускай беднай хатай,

Як полка вырвана з труны,

Вісіць чужы сьцяг, а трымае

Хто?

  - Беларускія сыны!

 У Беларусі сьпеў чужацкі,

Як над касьцямі груганы,

Крумцяць чужынцы, а іх складам

Хто?

  - Беларускія сыны!

 На беларускім буйным полі

Зь вясны да новае вясны

Растуць крыжы, а пад крыжамі

Хто?

  - Беларускія сыны!

Прычытаў, як песню праспяваў. І спытаў, прачытаўшы: “Вы не будзеце супраць, таварыш Купала, калі я гэты верш сабе на памяць пакіну?..”

“Калі б тут з кінахронікі хто-небудзь быў, дык беларускае нацыянальнае пытанне было б вырашанае раз і назаўсёды! ¾ падумаў Купала. - Каб нехта зняў і ўсяму свету паказаў, як па-беларуску прамаўляе Сталін! Як правадыру ўсё болей падабаецца інтанацыя верша! Як пад самы канец ён ускідвае рукі, выдыхаючы: “Растуць крыжы, а пад крыжамі Хто? Беларускія сыны!” - і так замаўкае, гэтак сцішваецца, нібы вось-вось закрычыць ад болю за Айчыну - і абудзіць, з вечнага сну падыме беларускіх сыноў...”

Абудзіўся камісар. Зірнуўшы на Сталіна, які стаяў крыжам, чакаючы апладысментаў, Мяркулаў падышоў да Купалы і спытаў, з пятаў на наскі і з наскоў на пяты кіўнуўшыся:

- Вы што сабе дазваляеце? З каго надумалі жартаваць? Якія тут партызаны? Нацыяналісты - партызаны?

Сталін, не дачакаўшыся апладысментаў, апусціў рукі.

- Што?.. Дык чужынцы - не немцы? Рускія?

- Не толькі, - чамусьці не спалохаўся і сам здзівіўся з гэтага Купала. - Немцы таксама. І палякі…

Мяркулаў крывёў наліўся  - у ім хапала крыві.

- А ну ўстаць! - гэтак ухапіўся ён за Купалу, нібы яшчэ раз сабраўся скінуць у лесвічны пралёт, пацягнуў з кабінета, але Сталін нечакана спыніў яго:

- Ты не бойся, Усевалад. Я цябе не расстраляю. Хоць за тое, што ты дазваляеш сабе пра таварышы Сталіне ў адносінах да лаўрэата Сталінскай прэміі, можна й расстраляць. Правільна я кажу, таварыш Купала?

Купала не любіў расстрэлаў, таму прамаўчаў.

Сталін глянуў на Мяркулава, той выцягнуўся ў струнку: “Правільна, таварыш Сталін!” - і Купала ўпершыню з таго моманту, як зляцеў на мармуровую падлогу гатэля “Масква”, адчуў, як добра быць мёртвым.

- І што палякі - правільна, - вытрымаўшы паўзу, каб Мяркулаў яшчэ павыцягваўся, спакойна пыхнуў люлькай Сталін. - І правільна, што немцы. А што рускія - не. Няправільна. Рускі народ - вялікі народ, таварыш Купала. Вось маглі б немцаў перамагчы беларусы? Ці хай нават грузіны? Не. А рускія перамаглі. Яны нават Украіну могуць заваяваць, калі захочуць.

- А навошта ім заваёўваць Украіну?

- Як навошта? Бо яны рускія. Не беларусы і не грузіны. Вам не трэба? І мне не трэба. А рускім трэба. Правільна, Усевалад?

Мяркулаў стаяў, выцягваючыся, і лыпаў вачыма.

- Ён жа не ведае, што праз 70 гадоў рускія на ўкраінцаў нападуць, таварыш Сталін, - засмяяўся Купала. - Яму гэта і ў дурным сне не прысніцца!

Сталін узняў люльку цыбуком у столь.

- І нам не прысніцца!.. Але мы ведаем! Прадбачым! А што дае нам магчымасць прадбачыць гістарычную хаду падзей? Вялікае вучэнне марксізму-ленінізму дае нам такую магчымасць! Правільна, Усевалад?

- І сталінізму… - зусім ужо не разумеючы, як яму на ўсё гэта рэагаваць, каб зратавацца, сказаў Мяркулаў, на што Купала запярэчыў: “Не. Сталінізм падчас вайны Расіі з Украінай ужо цалкам будзе дыскрэдытаваны, спроба ягонай рэанімацыі не ўдасца…” - і Сталін цяжка паглядзеў на камісара:

- Чуў?.. - І пацямнеў тварам. - А праз каго будзе дыскрэдытаваны сталінізм?.. Ты скажаш, што праз яго? - тыцнуў ён цыбуком люлькі ў бок Купалы. - Праз тое, што ён кепскія вершы таварышу Сталіну прысвячаў? Дрындушкі?.. А я скажу, што не. Праз такіх, як ты, Усевалад, сталінізм будзе дыскрэдытаваны. Праз гэтакіх кіраўнікоў народнага камісарыяту дзяржаўнай бяспекі, якія замест таго, каб справай займацца, той вялікай дзяржаўнай справай, якою даручыла ім партыя, даручыў таварыш Сталін - п’есы пішуць! Хто табе сказаў п’есы пісаць?..

Сталін узяў ёршык, прачысціў цыбук пагаслай люлькі, зноў паказаў ім на Купалу.

- Хіба гэта яму даручыла партыя, даручыў таварыш Сталін кіраваць народным камісарыятам дзяржаўнай бяспекі? Не. Таму ён і піша. Вершы, п’есы. Займаецца сваёй справай, а не тваёй. А ты займаешся ягонай… Ха, - хакнуў Сталін. - Падыходзіць да мяне на прыёме ў Крамлі адна актрыса, - падышоў ён да Купалы, паказваючы, як падыйшла да яго актрыса: “Ах, таварыш Сталін! Як вы ўмееце падбіраць кадры! Ах, які ў вас геніяльны кіраўнік дзяржаўнай бяспекі! Ах, які ён драматург, якія п’есы піша!..” Я падумаў, што яна пра крымінальную справу, якую напісаў наш “драматург”, каб яе мужа пасадзіць. Але не! Яна…

Сталін вярнуўся да стала, узяў запалкі, раскурыў рэшту тытуню ў люльцы.

- Яна, актрыса тая, пра п’есу, а не пра справу. Дык у мяне ёсць іншыя людзі для п’ес, Усевалад. Я цябе не для таго з Грузіі ўзяў, каб ты мне ў Маскве п’есы пісаў. Для гэтага ў мяне Горкі ёсць, якога я ўзяў з Італіі.

Купала хоць і адчуваў, што зараз у размову лепш не ўлазіць, але не стрываў:

- Горкі памёр, таварыш Сталін. І кажуць…

Сталін люлькай паветра рассек.

- І кажуць, што я атруціў яго?.. Горкі - буравеснік рэвалюцыі! Як я мог атруціць буравесніка?

Купала нарадзіўся і жыў не ў марской, а ў балоцістай мясцовасці. Ён ніколі не бачыў буравеснікаў і не ведаў, як іх можна атруціць. Таму й сказаў: “Не ведаю”, - а Сталін, мусібыць, падумаў, што Купала ўсё ж яго падазрае, і ў вачах ягоных мільгнула нешта буравеснае.

- Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць! Гэта я напісаў? Гэта Горкі напісаў - і няхай не крыўдуе.

“Праўда што…” - падумаў Купала, і тут жа праз тое, што так падумаў, яму стала ніякавата: усё ж Горкі яго, хоць і не аднаго, а на пару з Якубам Коласам некалі пахваліў. Ёсць, сказаў, у Беларусі Колас і Купала, някепскія хлопцы. І ўспомніўшы гэта, Купала сказаў, як бы абараняючы Горкага:

- Тады і вы не крыўдуйце. 5 сакавіка 1953 года вас знішчаць.

Мяркулава на плямы пабіла, а Сталін зноў здзівіў: успрыняў словы Купалы спакойна. Пыхнуўшы люлькай, спытаў:

- Хто знішчыць?.. - І паказаў на Мяркулава. - Гэты?

Мяркулава, на якім усе плямы раптам збялелі, можна было б, вядома, даканаць, каб ведаў, як паэтам у зубы біць, але Купала не меў гэбісцкіх звычак.

- Не. Берыя.

- Сукін сын! - сеў за стол і адкінуўся на спінку крэсла Сталін. - Грузін грузіна! - І тут жа нахіліўся ўперад, да Купалы, глыбока зазірнуў у вочы. - Вось скажыце мне, таварыш Купала: беларуса, які ўзняўся на такую вышыню, што стаў правадыром усіх часоў і народаў, мог бы знішчыць беларус?..

Купала адвёў позірк.

РУСІФІКАЦЫЯ НЕБЯСПЕЧНЕЙ ЗА ТАНКІ 27.05.2017 3

Штогод у траўні ў адной з абласцей Украіны праводзяцца Шаўчэнкаўскія святы. На многіх з іх я ўжо быў, і гэтым разам не збіраўся ехаць, але… Але арганізатары патэлефанавалі і сказалі, што святкаваць Шаўчэнкаўскія дні ў гэтым годзе вырашылі на Луганшчыне. Там, дзе вайна, дзе людзям больш за ўсё патрэбная падтрымка. Калі не дзеяннем, дык словам… І я не палічыў магчымам адмовіцца ад паездкі.

Зразумела, ехаў я не страляць, як расейскі пісьменнік Прылепін, а сустрэцца з людзьмі, якія жывуць у вайне. Пагаварыць з імі, паслухаць іх, на свае вочы ўбачыць, што там адбываецца.

Пераважна Луганшчына кантралюецца ўладамі Украіны, але даволі вялікая тэрыторыя падкантрольная сепаратыстам. І сітуацыя вельмі складаная не толькі ў прыфрантавой ці так званай буфернай зоне. Яна складаная цалкам на ўсёй Луганшчыне, ва ўсім Данбасе.

Вонкава яна выглядае так: танкамі ўзараныя дарогі, блокпасты, абстрэлы пазіцый сіл АТА, а часам і мірных паселішчаў… “Што за людзі едуць?” — бясконца правяраюць дакументы на дарогах, і на адным з блокпастоў, калі сказалі, што едуць пісьменнікі, спыталі: “А на якой мове пішуць? Не на акупанцкай?..”

Менавіта ў гэтым, як я пераканаўся, найсур’ёзная праблема. Не ў спадзе прамысловасці, не ў цяжкасцях, што ўзніклі ў сельскай гаспадарцы (усе разумеюць, што пасля вайны гэта ўсё нармалізуецца), а ў тым, што Луганшчына, увесь Данбас цалкам зрусіфікаваныя. І праз тое вельмі шмат людзей, што жывуць на самым усходзе Украіны, лічаць сябе рускімі. Выключна праз мову, на якой размаўляюць.

І тут проста нельга не правесці паралель з Беларуссю, дзе зрусіфікаванасць — значна большая небяспека, чым восеньскія беларуска-рускія вайсковыя вучэнні, пра якія столькі шуму. І як ва Ўкраіне моўная сітуацыя стала фармальнай прычынай агрэсіі Расіі, гэтак яно можа стацца і ў Беларусі.

Будучыня ўкраінскай мовы — будучыня Ўкраіны. Так яно выявілася на гістарычным пераломе. А мы дасюль ва ўсіх дыскусіях, як толькі ўзнікае пытанне мовы, талерантна соплі размазваем: маўляў, можна быць беларусамі і па-руску размаўляючы.

Магчыма. Але колькі?..

Пра гэта можна, вядома, падыскутаваць. Але пры палітыцы, якую праводзіць вядучы “мовазнаўца” краіны: “Русский язык — родной язык белорусов», — дыскусіям трываць ці доўга засталося?

 

P.S. У дыскусіях часцяком на Швейцарыю спасылаюцца. Швейцарыя не мела настойлівых прапановаў усімі 26 кантонамі ўступаць у склад Расійскай Федэрацыі.

 

http://naviny.by/article/20170526/1495795619-uladzimir-nyaklyaeu-mova-rusifikacyya-nebyaspechney-za-tanki

25 ЛЕТ ВНЕШНЕЙ ПОЛИТИКИ БЕЛАРУСИ 19.05.2017 4

(Тезисы доклада на конференции)

Двадцать пять лет – большой срок. Огромный для человека. І совсем не маленький для страны.

Четверть века назад Республику Беларусь начали признавать в мире как суверенное государство. Тогда же были сформулированы четыре основные принципы нашей внешней политики.

Первый – многовекторность. Республика Беларусь позиционировалась на международной арене как государство, ориентированное в равной степени на все полюса силы и готовое интегрироваться во все международные структуры, деятельность которых соответствует нашим интересам.

Второй – это военно-политический нейтралитет. Мы не собирались вступать в какие-либо военные блоки, ожидая от других государств уважения нашего нейтрального безъядерного статуса. В соответствии с Будапештским меморандумом 1994 года, передавая советское оружие в ведение России, мы получили от ядерных государств евроатлантического пространства, среди которых были Россия, США, Великобритания, гарантии сохранения целостности и безопасности нашего государства.

Третий – безусловное соблюдение всех международных обязательств, в том числе в рамках Организации по безопасности и сотрудничеству в Европе. Одним из ведущих обязательств, взятых нами в рамках ОБСЕ, было и остается никем не отмененное соблюдение прав человека.

Четвертый – открытость, гласность в выработке и принятии основных внутриполитических и внешнеполитических решений.

В совокупности эти четыре принципа делали Беларусь надежным и вполне предсказуемым партнером для всех, сотрудничающих с нами, государств, наших близких и далеких соседей. Они давали нам перспективу развития.

За прошедшие 25 лет все эти принципы в основе своей оказались порушенными.

Мы утратили свой нейтральный военно-политический статус, поскольку вошли в состав военно-политического блока – Организации Договора о коллективной безопасности. Первыми свидетельствами этого стали факты регулярного проведения учений на территории Беларуси совместно с армией одной из стран, активно задействованной в мировом, в том числе военном противостоянии.

Несмотря на продекларированную многовекторность, все эти годы наблюдался очевидный перекос в сторону усиления не только политико-экономической, но и военной интеграции с одним из соседних государств –  Россией. Я не буду сейчас оценивать правильность или неправильность этого решения – в разное время и по разным поводам одно и то же решение дает различный результат. Но фактически наблюдался отказ от многовекторности, апогеем которого стало полунасильственное выселение ряда послов из их резиденций и последовавшие за этим события.

Приходится также констатировать, что в прошедшие годы Беларусь не придерживалась взятых на себя международных обязательств. В противоположном случае наша страна, ее должностные лица и субъекты хозяйствования не стали бы объектом многолетних санкций со стороны тех государств, которые не сделали ничего, в чем Республика Беларусь могла бы упрекнуть их.

И наконец –  далеко не последний вопрос соблюдения прав человека.

Прежде всего напомню, что до недавнего времени наша страна являлась единственным государством на территории Европы, в которой были (и могут опять быть!) официально признанные мировым сообществом политические заключенные, а сегодня Беларусь сохраняет печальный статус единственного европейского государства, в котором нет даже моратория на смертную казнь, что не позволяет принять ее в состав Совета Европы.

Все эти годы белорусская сторона упрекала своих партнеров в Европе и Америке в якобы существующих двойных стандартах. На самом деле, с моей точки зрения, речь шла как раз об отказе и государств Европейского Союза, и США применять двойные стандарты при осуществлении своей европейской политики. Если Беларусь считает себя европейским государством, она должна руководствоваться действующими в рамках Совета Европы стандартами, а не требовать для себя какие-то другие, аргументируя их необходимость молодостью белорусской демократии. Демократические принципы не являются подростковой одеждой, которая меняется со временем. Да и двадцать пять лет – возраст, в течение которого можно повзрослеть.

Внешняя политика тем эффективнее, чем эффективней политики внутренняя. Дипломаты всегда являются заложниками политических решений, принимаемых высшим руководством страны. Но, безусловно, они также несут и политическую, и правовую ответственность за то, какие именно решения и как они проводят. В этой связи хотелось бы напомнить о судьбе Константина фон Нейрата – достаточно известного в европейской истории персонажа.

Что делает река, если на ее пути камень, который она не в состоянии сдвинуть? Обтекает его. Именно эти обходные течения и были той реальной внешней и внутренней политикой, которые помогли Беларуси не упасть в экономическую пропасть, избежать политического коллапса.

Для меня очевидно, что сегодня Министерство иностранных дел Беларуси – единственное ведомство в стране, которое понимает необходимость исправления ситуации и предпринимает конкретные шаги с целью возвращения к прежним принципам внешней и, частично, внутренней политики. Проблема в том, что не МИД определяет эти принципы. Наше правительство не сформировано в результате партийных выборов, а потому не является правительством ответственным за исполнение конкретной программы. Сегодня один министр, завтра другой, и ни одному из этих министров не известно, какую именно программу ему предстоит исполнять.

Наша внешняя политика превратилась в заложницу фетишей. Все повторяют одно и то же заклинание: стабильность! Но двадцать пять лет – четверть века! – для любого государства могут и должны являться временем перемен. За четверть века появляется новое поколение с новыми политическими запросами, по-иному развивается экономика, диктующая необходимость поиска новых рынков и строительство новых союзов. Стабильность на практике – в том ее понимании, которое сводится к формуле «Мы ничего не будем менять никому в угоду, и не подкидывайте нам свои идеи!» -- в таком понимании, повторюсь, стабильность вырождается в стагнацию, в застой, что мы и видим в нашей стране. Страх перемен мешает развитию. Страх перемен стоит на пути политических реформ, сдерживает экономику, не дает по-настоящему модернизировать систему образования, фактически ограничивая необходимые реформы прибавлением часа на сон ради главного ребенка страны. Как результат этого страха – возрастание закрытости, деградация управленческого аппарата, отток национального интеллекта.

Пусть это не вина - пусть это беда Министерства иностранных дел. Но когда наши дипломаты повторяют, как мантру, что многолетние санкции были результатом двойных стандартов Запада, осознают ли они свою вину в том, что эта беда длится столько времени?

Я никогда не был сторонником санкций, следствием которых был бы реальный ущерб для белорусского народа. Да и были ли введены, например, Европейским союзом, такие санкции, экономические последствия которых почувствовали бы рядовые белорусы? По-моему, нет. Эти санкции – не более чем попытка воспитания нашего правительства. Они не принесли результата по той причине, что правительство в принятии решений не самостоятельно.

Прошедшие годы стали годами неиспользованных возможностей, годами ограниченного развития экономики, годами отсутствия инвестиций. Можно ждать милости от Китая, но Европа ближе. Можно стоять на задних лапках, вымаливая очередной кредит у России, но полноценная нормализация внешней политики и перевод ее на рельсы прагматизма позволил бы не взгромождать бремя поддержки нашей экономики лишь на одну страну.

Заканчивая свое выступление в рамках темы «Зарождение суверенной внешней политики: контекст, вызовы и достижения при выходе Республики Беларусь на международную арену», хочу еще раз подчеркнуть, что главными вызовами для нашей внешней политики были вызовы внутренние – отсутствие политической воли к реальным демократическим преобразованиям и рыночным реформам, то есть, воли к развитию, к переходу от постсоветской модели управления к современным способам оперативного реагирования на потребности экономики и общества. А главным достижением оказалось то, что, несмотря на отсутствие этой воли, страна все еще продолжает существовать как суверенное государство Республика Беларусь.

И последнее – не столько политическое, сколько поэтическое, потому что я был и остаюсь прежде всего поэтом, а затем уже, по необходимости, политиком.

Есть внутренняя и внешняя политика – и есть внешняя и внутренняя жизнь. В нашей стране они разведены, как лезвия ножниц. И я никогда не стал бы заниматься политикой, если бы этого не было. Если бы мои внутренние представления о демократии, свободе, правах человека, о чести и достоинстве, о ценности самой человеческой жизни хоть в чем-то совпадали с жизнью страны во внешних ее проявлениях. Но они не совпадают ни в чем. Они разведены, повторяю, как лезвия ножниц – и я никогда не стал бы заниматься политикой, если бы не понимал, не представлял того, что будет, если лезвия, между которыми наше будущее, сомкнуться.

Я хотел бы этого избежать. И хоть в этом, надеюсь, все мы едины.

ДЗЯКУЙ! 02.05.2017

Ад імя Беларускага нацыянальнага кангрэсу дзякую ўсім, хто прыняў удзел у Першамайскім мітынгу і шэсці салідарнасці працоўных!

Вы прыйшлі на пратэстную акцыю дэмакратычнай апазіцыі, нягледзячы на прэвентыўныя арышты, пагрозы, запалохванні рэжыму! І разам з вамі мы зрабілі тое, што ставілі на мэце: адсвяткавалі Першамай у цэнтры сталіцы нашай краіны!

Мы прынялі рэзалюцыю з патрабаваннямі спыніць рэпрэсіі, адмяніць ганебны дэкрэт №3, усеагульную кантрактную сістэму, падвысіць пенсіі і выплаты па беспрацоў'і, зліквідаваць неканстытуцыйныя сілавыя структуры, правесці свабодныя і справядлівыя выбары! На гэта ўлада агрызнулася, арыштаваўшы некалькіх арганізатараў пратэстнай акцыі. Але гэта ўсё, што яна здолела зрабіць. Палітыка рэжыму прывяла яго да такіх глыбокіх праблем, якія ён не ў стане вырашыць. Таму магчымасці ягоныя ў далейшым будуць усё болей абмяжоўвацца, нашы - узрастаць, і ўрэшце мы выканаем галоўную задачу часу: вернем уладу народу!

Яшчэ раз дзякуй за актыўна выяўленую грамадзянскую пазіцыю, за рашучасць і смеласць!

Жыве Беларусь!

 

ЗАЯВА РАДЫ БНК 30.04.2017 8

28 красавіка арыштаваны адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Да раніцы 29 красавіка ўлады не давалі ніякай інфармацыі пра арышт Статкевіча, пра ягонае месцазнаходжанне - ён проста знік.

Рада БНК звяртае ўвагу на тое, што гэтую злачынную, якая вымагае крымінальнай адказнасці, ганебную практыку выкрадання актывістаў апазіцыі ўлады скарыстоўваюць не ўпершыню. І ніхто адказнасці не нясе.

Мы мусім пратэставаць супраць выкрадання людзей! Мы павінны выступіць супраць насілля, ціску рэжыму на грамадства! Мы абавязаныя выявіць нашу салідарнасць з арыштаванымі актывістамі беларускага дэмакратычнага руху - з усімі, хто за новую, вольную, дэмакратычную Беларусь!

Беларускі Нацыянальны Кангрэс яшчэ раз заклікае на сход 1 мая а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска! Запрашаем далучыцца ўсіх не абыякавых да будучыні Айчыны грамадзян, усе дэмакратычныя арганізацыі, якім улады забаранілі Першамайскі марш салідарнасці!

11 мая, Мінск, Кастрычніцкая плошча, 14.00.

Уладу - народу! Жыве Беларусь!

 

Читать другие новости

Уладзiмiр Някляеў