АСТРАЛЬНАЯ СУВЯЗЬ



На развітанне з Аленай Бонар

Я меў гонар пазнаёміцца з Аленай Георгіеўнай Бонар напачатку 80-х, выпадкова прыехаўшы ў Горкі, дзе ў той час была яна разам са сваім сасланым мужам – акадэмікам Андрэем Сахаравым, чалавекам, каханнем да якога быў падвызначаны яе лёс. На мае звыклыя ў сітауцыі знаёмства словы: "Рады пазнаёміцца", – яна сказала: "Небяспечна радавацца небяспечным знаёмствам", – і ўразіла адкрытай манерай паводзін. Адразу адчуўся характар, і я падумаў, што такая жанчына – не для размоў пра тое, колькі на рынку каштуе кроп.

Днём яе сыходу стаў дзень народзінаў чалавека з гэткім жа моцным характарам: Васіля Быкава. Гэта не выпадковасць. Гэта астральная сувязь блізкіх па духу людзей.

У родным доме Быкава, дзе адзначалася ягонае 87-годдзе, я й дазнаўся пра тое, што не стала Алены Георгіеўны.

Сыходзяць тытаны, антысавецкая прысутнасць якіх у савецкім часе зрабіла маштабнай тую эпоху. З імі мінае, сыходзіць і яна сама, каб застацца ў гісторыі не эпохай Брэжнева ці Фурцавай, а эпохай Сахарава і Бонар.

Для савецкай улады Алена Бонар была ворагам не меншым, чым яе муж. Яна, раўнапраўная з Андрэем Сахаравым, была сімвалам раўнапраўя. А значыць, сімвалам свабоды.

Алена Георгіеўна разам з Андрэем Сахаравым былі духоўнымі лідэрамі свабоднага ў несвабоднай краіне саюза вучоных, пісьменнікаў, мастакаў – людзей, якіх мы называем вялікімі не толькі за тое, што зрабілі яны ў навуцы, літаратуры, мастацтве. Яны вялікія ў сваіх парываннях, строгай маральнасці, высокіх ідэях. Калі заўгодна, у ідэалізме, з якім спрабавалі яны супрацьстаяць савецкай сістэме. Такія людзі неабходныя нам і сёння, і тое, што іх фізічна не стае, не азначае, што мы развітваемся з імі духоўна. Мы заўсёды будзем з імі, а яны – з намі. Паміж імі і намі – астральная сувязь, якая не перарвецца ў прасторы і часе, пакуль існуюць прастора і час.

19.06.2011

20.06.11 14:29



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў