МУЖНАСЦЬ І ПОДЛАСЦЬ

З самай раніцы тэлефануе ўсхваляваная маладая жанчына, у якой я цаню многае ⎯ і найперш неабыякавасць да лёсу іншых людзей:

⎯ Трэба ратаваць нашага хлопца! Актывіста кампаніі "Гавары праўду"! Колішняга, але якая розніца!...

Розніцы няма. Ад каго ратаваць? Ад чаго? Аднойчы мы ўжо ратавалі гэтага хлопца, калі яго выключалі з інстытута. Дамагліся ад рэктара цвёрдага абяцання вярнуць яго ў спісы студэнтаў. Абяцанкі-цацанкі хлопца не задаволілі ⎯ і мы дапамаглі яму стаць не беларускім, а замежным студэнтам. Дык што ж цяпер не тут, а там, за мяжой з ім сталася?...

Аказалася, там ён прызнаўся, што тут быў завербаваны КДБ. Дык як яго ратаваць?... Выдаваць за героя? За чалавека, які знайшоў у сабе мужнасць... і далей можаце паглядзець тэксты пра тых, хто завербаваўся і прызнаўся. Пра сённяшніх герояў ці не ўсіх (у тым ліку самых сур'ёзных) інтэрнэтных інфармацыйных пляцовак. І не толькі інтэрнэтных...

Добра: няхай прызнаўся мужна. А як завербаваўся? Таксама мужна? Наперад ведаючы, што некалі скажа ўсю праўду пра подлыя беларускія спецслужбы. І праз тое ён двойчы герой?...

Я не збіраюся нікога судзіць ⎯ і без мяне хапае суддзяў. Вунь адных невыяздных колькі, а ёсць яшчэ і выяздныя. Проста мой жыццёвы досьвед дазваляе мне зрабіць выснову: чалавек, які падпісаў паперу, абавязаўшыся даносіць на іншага чалавека, гэта ўжо альбо цалкам сфармаваны нягоднік, альбо ён мае для гэтага вялікі патэнцыял. Вельмі вялікі. І няхай я ў нечым памыляўся ў жыцці, нейкія мае высновы абвяргаліся, але гэтая не была абвергнутая ніводнага разу. Ніводнага.

Даўно, калі я быў рэдактарам часопіса "Крыніца", адзін малады супрацоўнік раптам прапанаваў мне: "А давайце я буду паведамляць вам, хто і што пра вас кажа. Вам жа гэта цікава?..." Я выбіў яго з кабінета нагой пад азадак. Трэба было і з рэдакцыі гэтак жа выбіць, але мне сталі даводзіць, што ён таленавіты ⎯ і талент у ім пераможа ўсё астатняе. Не. Усё ў гэтым чалавеку (уключна з ягоным талентам) перамог нягоднік. Якім ён быў, калі падышоў да мяне са сваёй сексоцкай прапановай, і якім дажыве жыццё.

Тая жанчына, якая патэлефанавала з самай раніцы і паведаміла пра прызнанні нашага колішняга актывіста, стала казаць, што тут не столькі асабістая справа, колькі агульная, бо кінуты цень на ўсю кампанію "Гавары праўду" ⎯ і трэба ўсё гэта неяк прыпадняць, абяліць... Ну, зрабіць так, як усе робяць, бо ўсе разумеюць абставіны, пры якіх даецца згода на супрацоўніцтва са спецслужбамі. Такое адбываецца не толькі ў нашай краіне, а паўсюль, таму ўсюды да гэтага ставяцца з разуменнем... Няхай так. Але ніхто лепей за нас не ведае, што гэта за спецслужба такая ⎯ КДБ. У нашай гісторыі гэтае ведамства ⎯ інструмент рэпрэсій ў адносінах да ўласнага народа ў інтарэсах купкі людзей ва ўладзе. У нашай сучаснасці ⎯ тое самае: пад рэпрэсіі КДБ падпадае найлепшая, найчысцейшая частка грамадства. Чысцяць найчыстых. Тых, хто з сумленнем, з абвостраным пачуццёі чалавечай годнасці. Дык якія абставіны могуць апраўдаць супрацоўніцтва з такім ведамствам? Да таго ж такое спрацоўніцтва, сутнасць якога ⎯ звычайнае сексотцтва. Якія абставіны могуць абяліць подласць? Ніякія.

Калі я сядзеў ва ўнутранай турме КДБ, адзін палкоўнік, былы контрразведчык (гэта значыць той, хто якраз і займаецца вярбоўкай сексотаў), а цяпер кэдэбіст іншай спецыяльнасці, з прафесійным гонарам распавядаў мне, з якім клопатам яны ставяцца да завербаваных інфарматараў, як старанна іх аберагаюць. Прашу мне, таварыш палкоўнік, прабачыць, але тое, што вы так старанна аберагаеце, ⎯ г...но. І адпаведна патыхае. Як дома, гэтак і за мяжой.

09.11.11 17:15



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў