ПІРАЦКІ КАРАБЕЛЬ

Яшчэ адзін судовы фарс, палітычны працэс над Алесем Бяляцкім наблізіўся да фіналу. Пракурор запатрабаваў для праваабаронцы, абвінавачанага ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, 5 гадоў пазбаўлення волі. Лукашэнка прыняў рашэнне: Бяляцкага пасадзіць.

Мяркую, гэтае рашэнне было прынятае ўжо тады, калі Бяляцкага арыштавалі. "Хворай заходняй дэмакратыі" з яе хоць і слабым (падобным хутчэй на гіпертанічны, чым на палітычны, а тым больш на эканамічны) ціскам трэба было яшчэ раз паказаць сілу маладой беларускай дыктатуры. А як, праз што паказаць? Праз рост эканомікі, пра якую ўвогуле невядома, ці яна ёсць, ці яе няма? Паказаць праз падвышэнне дабрабыту, калі шмат каму ўжо на хлеб і лекі грошай не стае? Вось і паказвае рэжым сваю сілу праз сілу. Праз тое, на што, як у народзе кажуць, розуму не трэба.

Але Лукашэнка тут з народам не згодны. Ён лічыць, што пасадзіўшы Бяляцкага, выяўляе вялікую палітычную хітрасць. Атрымлівае дататковую магчымасць гандлю з Еўропай. Сустрэчнага ціску на яе. Найперш на палякаў, бо гэта ж не праз яго (пры чым тут ён?), а праз іх, праз палякаў нашы праваахоўнікі арыштавалі іхняга праваабаронцу. Гэты ж палякі (няхай разам з літоўцамі, але Грыбаўскайтэ свая, яе не чапаць! ⎯ для чапанак ёсць Сікорскі) "саграшылі". "Падставілі" Бяляцкага. Дык вось няхай зараз і выкупляюць грэх. Прычым, не малітвамі, не неяк там духоўна, а выключна матэрыяльна. Рэальнай сумай па рэальным курсе.

Цяпер самы час згадаць пра курс. Ён столькі разоў і гэтак рэзка мяняўся з захаду на ўсход і з усходу на захад, што карабельчык з назвай Беларусь укруціўся ў вір, з якога можна выплыць, вырвацца толькі ў тым выпадку, калі ўся каманда кінецца на мачты ставіць ветразі. Вось што трэба ўсім нам зразумець. Алесь Бяляцкі, як і Андрэй Саннікаў, і Мікола Статкевіч, і ўсе палітвязні, як усе, хто 19 снежня мінулага года выйшаў на Плошчу ⎯ матросы на адным караблі. З усімі вамі і ўсімі намі. Кожны з іх сёння патрэбны на сваім месцы, каб карабель наш не патануў. А іх ⎯ у трум! Нібы карабель захапілі піраты, на знайшлі на ім золата і вырашылі прадаваць рабоў.

Захад рабоў не купіць. Не тыя часы. Уся гэтая "палітычная хітрасць" яйка выедзенага не вартая. І той, хто збіраецца доўжыць гэткія "палітычныя хітрыкі", варты толькі аднаго: рана ці позна быць пакараным за гульню чалавечымі лёсамі.

Ні Бяляцкі, ні Саннікаў са Стакевічам, ніхто з палітвязняў, якіх судзілі іменем беларускага народа, перад беларускім народам не вінаватыя і павінны быць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці, апраўданыя і рэабілітаваныя без аніякіх хітрыкаў. Вінаватымі перад народам будуць тыя, хто іх судзіў і судзіць. Кідае ў турмы. У трумы пірацкага, ужо да вар'яцкага падобнага, карабля.

23.11.11 16:12



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў