ШКЛОЎСКАЯ КАЛОНІЯ

Алесю Бяляцкаму не дазволілі развітацца з бацькам, калі той быў яшчэ жывы... Прывезлі ўжо да мёртвага.

Мікалая Аўтуховіча змусілі ўскрыць вены, каб захаваць чалавечую годнасць.

Зьміцеру Бандарэнку, якога даўно павінны былі б вызваліць праз хваробу, стварылі такія ўмовы, што ён гатовы скончыць жыццё самагубствам.

Зьміцера Дашкевіча кідаюць з карцэра ў карцэр.

Невядома як, цягаючы па этапах і падсаджваючы да яго то сухотных, то апушчаных, абыходзяцца з Андрэем Саннікавым.

І вось у Шклоўскай калоніі (у турме, каб пасадзіць у турму!) збіраюцца судзіць Міколу Статкевіча. Адміністрацыя калоніі палічыла яго рэцыдывістам, які "да вызвалення не імкнецца, мае намер весці ў далейшым злачынны лад жыцця". Усе разумеюць, ведаюць, што гэта абсурд. Што ні Статкевіч, ні Саннікаў, ні Бандарэнка, ні Дашкевіч, ні іншыя палітзняволеныя ⎯ ні ў чым не вінаватыя людзі. І іх, ні ў чым не вінаватых, кінулі ў турмы і чыняць над імі здзек. За што? Для чаго? Толькі для аднаго: каб яны папрасілі літасці. А значыць, прызналі сябе вінаватымі.

Скажыце: ці не змушалі вас, нас, увесь народ прасіць літасці? Прызнаць сябе вінаватымі? У крызісе, бо мы кепска працуем і жывем не па сродках! У дэвальвацыі, інфляцыі, бо мы пахавалі ў панчохі валюту! У росце цэнаў, у дэфіцыце то цукру, то грэчкі, бо мы ўсё скупілі і склалі ў падвалах!...

У "шклоўскай колоніі", якой ёсць сёння ўся Беларусь, усё павінны быць вінаватыя. Усе павінны прасіць літасці. І не ў Бога! У адміністрацыі. У начальніка калоніі.

Чаму начальнік калоніі трымае палітвязняў, калі вядома, што грошай за іх ён гэтым разам не займее? Палітвязні катэгарычна адмовіліся, каб начальніку за іх заплацілі. Адмовіліся ⎯ і выявілі чалавечую годнасць, якой няма ні ў адміністрацыі, ні ў начальніка. Менавіта таму яны дасюль у турмах.

І яшчэ гэтыя годныя людзі ў турмах (з якіх, як цынічна дазваляе сабе жартаваць начальнік, "не хочуць выходзіць") праз подлую помсту. І ўсе, і кожны, хто спрычыняецца да таго, каб і далей тварыўся здзек над імі, спрычыняюцца да подласці. Гэтаму не будзе даравання. Кожны адкажа. Не ўдасца ўсю віну скінуць толькі на начальніка калоніі.

10.01.12 13:45



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў