Адкрыты лiст Эрыксану

АДКРЫТЫ ЛІСТ Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму амбасадару Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь                                                               спадару Стэфану Эрыксану Найшаноўны спадар амбасадар! Перш за ўсё ад мяне асабіста, ад ўсёй дэмакратычнай супольнасці Беларусі прашу прыняць прабачэнні за брутальныя дзеянні сённяшняга беларускага рэжыму. Рэжым выслаў Вас з нашай краіны, але ён не можа, не здольны выслаць Вас з нашых сэрцаў. Ваша дзейнасць на пасадзе амбасадара Швецыі - прыклад таго, што здольны зрабіць адзін чалавек, адданы сваёй справе. Да Вашага прыезду ў Беларусь Швецыя была для беларусаў адной з найдалёкіх краін. За сем гадоў Вашай самаадданай працы яна стала адной з краін найблізкіх. Тысячы беларусаў не проста болей дазналіся пра Швецыю і шведаў - тысячы беларусаў Швецыю і шведаў палюбілі. У маім разуменні гэта і ёсць найвялікшая, найвышэйшая дыпламатыя. Афіцыйная прапаганда рэжыму пачала супраць вас абсурудную кампанію дыскрэдытацыі. Вас абвінавацілі нават у тым, што Вы актыўна карыстаецеся беларускай мовай! Папрокаў дыпламату ў карыстанні нацыянальнай мовай той дзяржавы, у якой ён выконвае абавязкі амбасадара, дасюль не зафіксафана ў гісторыі дыпламатыі - Вы можаце ганарыцца эксклюзіўнасцю абвінавачвання. Падмуркам сваёй дзейнасці як амбасадара Швецыі Вы зрабілі культуру - і дасягнулі бліскучага палітычнага выніку. Менавіта ў гэтым нечакана для многіх выявіўся Ваш унікальны талент дыпламата. Сёння можна сцвярджаць, што шведскі ўрад, міністрэрства замежных спраў, накіраваўшы прадстаўніком Швецыі ў Беларусь менавіта Вас, зрабілі беспамылковы выбар. Калі спытаць: чаму беларускі рэжым гэтак помстліва абышоўся з Вамі? - нельга знайсці адказу выключна ў палітыцы. У ёй не здарылася, не сталася нічога незвычайнага. Палітыка ўсіх амбасадараў краін Еўразвязу была і застаецца скансалідаванай, асобныя амбасадары выказваліся ў адносінах да беларускай улады значна больш жорстка, чым Вы. Значыць, прычына не ў тым. Прычына нават не ў падзеях апошняга часу: палёце шведскага самалёта ў падтрымку свабоды і правоў чалавека ў Беларусі, сустрэчы шведскай спявачкі з сем'ямі беларускіх палітвязняў. Гэтыя падзеі проста паскорылі рашэнне, прынятае дыктатарам раней, калі ён убачыў, наколькі небяспечная для закрытага грамадства Ваша адкрытасць. Вы выйшлі за межы ўмоўнасцяў, звыклых для традыцыйнай дыпламатыі, сталі публічнай, папулярнай асобай беларускай культуры і палітыкі, займелі фенаменальны поспех. А там, дзе з аднаго боку фенаменальны поспех - там з другога боку фенаменальная зайздрасць. Рэўнасць, якая нараджае нянавісць. Дыктатура, апроч усяго астатняга, - неверагодна раўнівая. Яна патрабуе, каб любілі толькі яе - і нічога больш, і нікога іншага. Усеабдымная ўсенародная любоў, яе імітацыя, масавая дэманстрацыя на шэсцях і парадах - фізіялагічная патрэба дыктатуры. Без гэтага яна засыхае, гіне, таму ўсеабдымнай любові патрабавалі і патрабуюць усе дыктатары, вялікія і малыя. Яны п'юць яе, як вампіры кроў, і ненавідзяць усіх і кожнага, хто забірае ў іх, ці можа забраць хоць кроплю гэтай любові.  Вы забралі не адну кроплю… Менавіта праз неспадзяваную,  нечаканую любоў, якую  Вы прынеслі са Швецыі тысячам беларусаў, тысячы беларусаў палюбілі Вас. Рэжым сыйдзе - любоў да Вас, да Швецыі і шведаў застанецца. За гэта варта быць высланым. Адзін з вядомых беларускіх музыкаў сказаў адразу пасля Вашай высылкі, што некалі Стэфану Эрыксану будзе стаяць помнік каля шведскай амбасады ў Мінску, а беларусы сваім дзецям будуць расказваць пра яго легенды і казкі. Магчыма, адна з казак будзе пачынацца так: «Даўным-даўно жыў-быў на нашай беларускай зямлі добры, разумны, вясёлы і прыгожы швед. Як і ўсе шведы, ён вельмі любіў Швецыю. А яшчэ ён любіў Беларусь. Ён любіў яе так моцна, як любіць Беларусь мала хто з беларусаў…» Дзякуй Вам! Чакаем Вас у Беларусі! Уладзімір Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь..
07.08.12 13:05



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў