На беразе iншага часу

Уладзіміру Арлову - 60!

Ён родам з Полацку, я - з Крэва. Гэта знакавыя месцы гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Зямля, у якой нашы карані.

Дрэвы нашага жыцця гайдалі, хілілі ў розныя бакі вятры часу. Іншым разам здавалася, што галінамі, якія мы яшчэ й самі абсякалі, нам адзін да аднаго ніколі ўжо не дацягнуцца, але карані, пераплеценыя ў стагоддзях, трымалі нас побач. І, дзякуй Богу, утрымалі.

Сёння ўсім нам трэба трымацца каранямі. Галіны, шаты могуць хіліцца на ўсход і на захад, але каранямі мы павінны ўчапіцца ў нашу зямлю так, каб ніякія вятры нас не вырвалі, каб мы выстаялі. А каб выстаяць, трэба ведаць, скуль мы ёсць і хто мы, што за намі не пустата, а вялікая гісторыя. І яшчэ, каб выстаяць, трэба непахісна верыць, што перад намі вялікая будучыня. Дык вось менавіта дзеля таго, каб мы ведалі і верылі, жыве і піша кнігі Уладзімір Арлоў.

Я ведаю, што вышэй за пранізлівую любоў да Полацку, вышэй за крэўную любоў да Крэва, мацней за веру ў беларускую будучыню, ні ў яго, ні ў мяне няма нічога. Таму мы разам, нягледзячы на ўсё, што было зроблена, каб мы былі паасобку.

Як часта ён бывае ў Полацку, гэтак часта я бываю ў Крэве. Еду, каб пагукацца з продкамі на камянях Крэўскага замка, памаўчаць з імі на могілках. І нядаўна там, на крэўскіх могілках, успомніў верш Уладзіміра Арлова “На беразе іншага часу». Верш кароткі, дзесятак радкоў, але аўтар паспявае пражыць у іх чатыры жыцці.
Вось што такое, дарэчы, паэзія.

Вершам пад такою ж назваю, напісаным у Крэве, я віншую Уладзіміра Арлова з юбілеем, жадаючы яму пражыць яшчэ не адно жыццё…

НА БЕРАЗЕ ІНШАГА ЧАСУ

                     Уладзіміру Арлову

Нараніцы прачнуцца ў Крэве
І, як упершыню ў жыцці,
Па садзе, што ў птушыным спеве,
Да родных могілкаў прайсці.

З дзядамі пасядзець, з бацькамі,
Спытаць, як спалі гэту ноч?..
Пасля глядзець, як над крыжамі
Плывуць аблокі часу ўзбоч.

Пайсці назад праз лес, праз жыта,
Праз поле, поўнае трысця,
І зразумець, што ўсё пражыта,
Спазнана ўсё, апроч жыцця.

Жнівень 2013, Крэва.
25.08.13 17:59



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў