МЫ БЕЛАРУСЫ?..

Не надта шматлюдна, калі не сказаць зусім не шматлюдна было 20 снежня а 6-й вечара на літаратурных чытаннях каля музея Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці Мінска. Нават таварышы ў цывільным не праглядваліся. Мусібыць, пайшлі святкаваць дзень чэкіста.

Дзе вы, абаронцы музея?.. Людзі, якім не абыякавы лёс роднай мовы, нацыянальнай культуры? Таксама нешта святкуеце? Што?..

Ці за пяць дзён выдыхнуліся?.. 
А украінцы на Майдане стаяць.

Мы беларусы? Насамрэч? Ці толькі ў гімне, які нам дастаўся з савецкіх часоў?..

Сёння апроч "Пагоні" Багдановіча, я прачытаў на прыступках музея яшчэ два вершы. Свае. Вось яны (для тых, каго не было - і хто не чуў).

***
Што затужылі,
воi, мужчыны? 
Волi ўдыхнулi — i дух заняло?
Як там i што там нi стане з Айчынай — 
Горай не будзе, бо лепш не было.

Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах, 
Збегала шлях чаўнаком, нiбы ў кроснах, 
Кiдаючы невiдушчы народ
З пасткi на захадзе ў пастку на ўсход.

Можа, вiдушчымi стануць нашчадкi? 

Шляху няма. 
Нi канца, нi пачатку. 
Прывiдам — у пустату з пустаты — 
Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткi, 
Непадкаваныя б’е капыты.

***
Не названых
нас няма.
Колькi слоў-званоў нi гушкай — 
Не здабыўшыя iмя 
Абыходзяцца мянушкай.

Рот кармiлi — род звялi. 
Значавалi лёс пад плотам. 
Не здабыўшыя зямлi 
Абыходзяцца балотам.

Не названых
нас няма.
Над Радзiмай мы, як вырай. 
А на ўсход i захад выбар — 
Толькi воля цi турма.

Толькi цьмяны бунт крывi 
Ў скронi кiнецца раптоўна: 
Назавiся. Назавi. 
Безназоўным. Безназоўна.
.
20.12.13 23:10



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў