ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ

З кнігі “ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ”

* * *

Усё, што дае нам Бог, — гэта тое, што мы робім самі.


* * *

Творчасць гэта больш чым жывапіс, музыка, паэзія. Яна практыкаванні ў свабодзе.

* * *

Там, дзе ты не сам герой, там няма герояў.

* * *

Усе і кожны, хто мог давесці нешта, даводзілі, што пекла — гэта яны. З іх жахлівымі жарсцямі. Не кажучы найістотнага: іх жахлівыя жарсці, іх пекла — насамрэч рай.

Жан-Поль Сартр першы сказаў найістотнае: «Пекла — гэта іншыя».


* * *

Усё было б інакш, калі б чалавек не прыдумаў, што паселены ён на зямлі ў ролі прадстаўніка неба.

* * *

Фраза для нечага: «Развялі тысячу кралёў — і ўсе патрыёты! А здохнуць як кралі…»

* * *

Грузін сябе найлепей пачувае, з’еўшы шашлык з віном, а беларус — зжэршы беларуса з г…ом.

Асаблівасці нацыянальнай кухні.

* * *

Сто, калі не тысячу разоў мне казалі, што я не на тым шляху, не на тым баку, бо ўсяму беларускаму, найперш мове з літаратурай, наканавана скананне.

Няхай так.

Але я ў тым не буду вінаваты.

* * *

Пра дзіця можна сказаць: «Цела малое, а душа ж уся». Даўно гэта нашу — і нікуды не ўстаўляецца. Мусібыць, дастатковае само па сабе.

* * *

Жывое і абортнае.


* * *

20-гадовы сябар (у 40 гадоў расстраляны) літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Сяргей Фамін пачынае адзін са сваіх вершаў:

За вакном задыхаецца вецер…

Далей у вершы абы-што, але гэты радок - якая метафара таго часу!..

І сённяшняга.


* * *

Еўропа святкуе Каляды, а я — дзяжурны па дзявятай камеры ўнутранай турмы беларускага КДБ. Пад вечар скрыгоча ключ у замку, расчыняюцца дзверы: «Мусор!»

Выносіць з камеры смецце — абавязак дзяжурнага. «Быстро, б..! Бегом, б..!» У абдымку са сметніцай выскокваю ў прыбіральню, дзе ў змерзлых выкідах чалавечай жыццядзейнасці бачу абрывак газеты. Скарыстаны ў клазеце шматок.

У турме, дзе цябе спрабуюць растаптаць, абязволіць, вельмі цяжка вытрываць, не маючы ўяўлення пра тое, што адбываецца за турэмнымі сценамі. Ізаляваны ад усялякай інфармацыі, ты сквапна ловіш любое слова турэмшчыкаў, адчайна намагаешся прачытаць нешта ў іх абыякавых вачах. А тут раптам ¾ шматок газеты… І ўправа, у заляпаную кардонку выкідваючы смецце, я ўлева выварочваю шыю і разбіраю на газетным абрыўку ў жоўтых расплывах апошнія словы: «Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко».

Мне горла перахапіла…

У людзях нельга вынішчыць чалавечае. Яно незнішчальнае. Яго не вытравіць, не спаскудзіць ні брудам, ні лайном. З-пад бруду, з-пад лайна яно прарываецца хараством. І калі ў чым-небудзь ёсць на зямлі паэзія, дык у гэтым.

Пра дзіця можна сказаць: «Цела малое, а душа ж уся». Даўно гэта нашу — і нікуды не ўстаўляецца. Мусіць, дастатковае само па сабе.

* * *

«Сяджу на нарах, як кароль на імянінах…»

Сеўшы, як у той блатной песні, на нарах, падумаў вось пра што.

У новай кнізе «Кон», што выйшла перад Плошчай, за якую я на нарах, перавыдадзеныя таксама вершы з ранейшых кніг. З «Адкрыцця», з «Вынаходцаў вятроў», са «Знаку аховы», з «Прошчы». Як бы ўзноўленыя мінулыя гады, лёс, жыццё.

Некалі з новымі вершамі будзе перавыдадзены «Кон».

Будзе перавыдадзеная «Прошча».

А хто і калі перавыдасць Плошчу?

Ніхто і ніколі.

Плошчы не перавыдаюцца.


* * *

Тлусты, чырванаморды, азызлы пасля відавочнай учарашняй п’янкі пракурор горада Мінска з прозвішчам балотнай птушкі гэтак напінаўся, абвяшчаючы мне пастанову пра арышт, што я падумаў: «Зараз лопне ў порткі». Ён крыкнуў, яшчэ болей надзьмуўшыся: «Увести!» — і калі мяне прывялі ў камеру, я ўспомніў, што фразу «Не лопні ў порткі» прыдумаў для гераіні аповесці «Вяртанне Веры», але не скарыстаў, дык вось яна самому мне прыдалася, — і засмяяўся.

Сакамернікі кінуліся з абдымкамі. Вырашылі, што мяне вызвалілі з-пад варты.

Людзі, якіх ты прыдумаў, жывуць разам з табой.


* * *

Кожны ў турме лічыць сябе лішнім, выпадковым. Зняволеным ні за што. Праз памылку. Праз несправядлівасць. Адна турма так не лічыць, даводзячы табе, што ты тут невыпадкова. Што гэта не памылка, а лёс. І аднойчы ты заўважаеш, што нешта турэмнае падобнае на тваё, а нешта тваё падобнае на турэмнае.

Лёс прымаюць такі, які ёсць.


* * *

Мне мой дзед Ясь казаў, калі я нецярплівы быў: «Некалі ты дазнаешся, што мудрасць — гэта трыванне».

Доўгай дарогай прыйшоў я да разумення таго, што ён казаў.


* * *

Лёгкой жизни я просил у Бога,Лёгкой смерти надо бы просить.

Я аднекуль ведаў, што гэта радкі Івана Буніна (хоць нідзе ў Буніна іх не чытаў), і ва ўспрыняцці маім яны, гэтыя радкі, цалкам супадалі з іменем аўтара. Як бліскучае з бліскучым. Аказалася, аўтар Іван, але не Бунін. Іван Тхаржэўскі. І радкі з аўтарам перасталі супадаць.

Больш за тое, прачытаўшы ўвесь верш, напісаны Тхаржэўскім па матывах Хафіза:

Лёгкой жизни я просил у Бога:
Посмотри, как мрачно все кругом.
Бог ответил: Подожди немного,
Ты ещё попросишь о другом.
Вот уже кончается дорога,
С каждым годом тоньше жизни нить.
Лёгкой жизни я просил у Бога,
Лёгкой смерти надо бы просить,

я раптам са здзіўленнем заўважыў, як у суседстве з кепскімі радкамі (у тут усе радкі, апроч двух, кепскія) пабляклі і бліскучыя радкі. Жыццё (такое, як у Буніна, ці, скажам, у Каржавіна), якое ўяўлялася за гэтымі двума радкамі без ведання радкоў астатніх, ператварылася ў нішто.

Не ўсё трэба дапісваць.

Не ўсё трэба дачытваць.

Не ўсё трэба дажываць.



                                                                                                                                          (Прэзентацыя кнігі 27 снежня ў Арт-сядзібе).

27.12.13 16:09



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў