КОМПЛЕКС САЛАНЕВІЧА

З кнігі «Знакі прыпынку»


Старацца казаць праўду, старацца пісаць праўду… А як бы гэта і казаць, і пісаць праўду, не стараючыся?.. Ці магчыма яно ўвогуле, калі праўду трэба сказаць не пра іншага пра сябе?..

Мудрыя рабіць гэтага не раяць.

«Ніколі не распавядайце пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім — прыўкрасяць». 


Кожны раз, як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так згадваецца гэтая выснова Канфуцыя, у слушнасці якой я пераконваўся не аднойчы. 



І тым не менш... 



«Калі я зазіраю ў самога сябе, у найцёмныя свае глыбіні, і бачу ў іх сябе самога такім, які я ёсць, то ўсе астатнія людзі, якімі б яны ні былі, здаюцца мне анёламі», — пачуў я неяк ад Андрэя Клімава. Вось праўда, якую ведае пра сябе кожны, але прызнацца ў якой знаходзяць у сабе мужнасць нямногія. 



Гэта датычыць як кожнага асобнага чалавека, гэтак і народа, краіны...

Дзіўную даў нам Бог краіну. Усё ў ёй нібыта ёсць — у водах рыбы, у лясах звяры і птушкі, у гарадах і вёсках жыхары, якія самі сябе беларусамі называюць, а ладу беларускага, з якога само па сабе было б зразумела, нашто ўсё тут і дзеля чаго, няма і няма. І спрадвеку ў тым нехта вінаваты — то рускія, то палякі, то габрэі... Толькі не мы самі, о, не! Дзесяць мільёнаў не вінаватых у тым, што жывуць у айчыне без Айчыны, на таямнічай зямлі з цьмянай, нібыта чужой, гісторыяй і замглёнай, нібыта не сваёй, будучыняй. 



Гэта зусім не характарызуе нас як нейкіх выкапняў. Стаўленне беларусаў да саміх сябе, да самаідэнтыфікацыі — ніякі не ўнікальны выпадак у гісторыі, так заўсёды было. Народ да нацыі вялі і прыводзілі ягоныя лідэры. 



З нацыянальнымі лідэрамі маем мы гэткія ж праблемы, як і з нацыяй, бо адно з другога вынікае. 



Хто ў нас мог так сказаць пра беларусаў (а значыць, пра сябе), калi яны выбралi Лукашэнку, як пра грузiнаў сказаў Мераб Мамардашвiлi: «Калi грузiнскi народ абярэ Звiяда Гамсахурдзiя, я пайду супраць грузiнскага народа»? Хiба Васiль Быкаў гэтак мог сказаць, каб яго пачулi — больш нiхто. Але і ён не сказаў. А тым больш нiхто не прамовіў, як той жа Мамардашвiлi: «Ёсць рэчы болей важныя, чым нацыя: iсцiна вышэй за нацыю». 


Ісціна — там і тады, дзе і калі ёсць адказнасць. Але, на жаль, гісторыя чалавецтва — гісторыя дактрын, безадказных падробак пад ісціну.

Што, апроч мужнасці, трэба мець, каб сказаць: iсцiна вышэй за нацыю? Трэба мець нацыю. І менавіта сумневы ў тым, што мы яе маем (грузіны, маўляў, нацыя, а беларусы — хто іх ведае), змушаюць нас замест размовы з народам весці правакацыйныя спрэчкі пра тое, ці ёсць яна, нацыя, ці ёсць ён, беларускі народ, ці нічога гэтага няма?

Не сёння яно пачалося — і ўсё ніяк не сканчаецца. 



«...Народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы ёсць зарука жыццёвасці і энергіі жыцця... Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі». (Фёдар Дастаеўскі). 



Калі беларус Дастаеўскі, які стаў нацыянальным рускім геніем, гэта напісаў? Паўтара стагоддзя таму! А нам дасюль настойліва даводзяць, што самостойнай беларускай мовы, культуры, гісторыі, а значыць, самастойнага беларускага народа не існуе. І неверагодна, але многія з нас ківаюць: “Так-так, няма нас, няма...” І не адно дурні ківаюць. Адзін з найвядомых беларусаў (стопрацэнтны, як ён сам пра сябе казаў, беларус) І. Саланевіч (удзельнік антысавецкага падполля, аўтар трактату “Народная манархія”) таксама ківаў: так-так... «Нашых беларускіх самастойнікаў я ведаю як аблупленых. Уся гэтая беларуская самастойнасць ёсць своеасаблівы комплекс непаўнавартасці». 


Вось яно, карэннае, вызначальнае ў адносінах да нас: непаўнавартасныя. У мове, культуры, гісторыі, дзяржаўнасці... І калі б тое даводзілі толькі чужыя. Дык не: даводзяць і свае. Як антысаветчык Саланевіч (беларуская самастойнасць ёсць комплекс непаўнавартасці), гэтак і homo soveticus Лукашэнка («па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага»). 



Цяпер трэба ўспомніць Андрэя Клімава, зазірнуць у сябе самога і прызнацца ў тым, у чым прызнавацца не варта, але што ж... Я таксама ў сваіх «цёмных глыбінях» лавіў сябе на «комплексе Саланевіча», на адчуванні непаўнавартасці беларусаў як нацыі, як народа. Адчуў я гэта на Дзяды 1988 года па дарозе на Курапаты, убачыўшы, як побач з могілкамі, дзе ў зямлі ляжалі мёртвыя, паслаліся на гэтай жа зямлі, хто стаўшы на калені, хто сеўшы на кукішкі, жывыя. Паслаліся перад сілай, шэрай у шэрых шынялях, што насоўвалася на іх па полі, дзе яны спыніліся на мітынг. Нехта спрабаваў выпрастацца, падняцца, каб прарваць тую сілу, яе шэрыя ланцугі, але ўсе астатнія крычалі: «Сядайце! Няхай яны ідуць    сядзем перад імі! Нічога не робім! Сядай, Беларусь!». 



І Беларусь села. У холадным полі пад сцюдзёным ветрам, пад колкім, што ляцеў дробным шротам, снегам... 



Уражаны, я хацеў напісаць, што нельга перамагчы на каленях, на кукішках! Але я быў разам з усімі... і напісаў не пра сядзячы мітынг, а пра маўклівы. 



Мы ведалі, пра што маўчалі з імі, 


Жывыя з мёртвымі і мёртвыя з жывымі. 


І ўпершыню, маўклівы сцяўшы рот, 


З натоўпу глянуў люд. Амаль народ. 


Мне казалі пасля: «Якая ў вершы сіла, якая вера!» А я не мог сказаць, што напісаны ён праз бяссілле, праз нявер’е... 



Было гэта 25 гадоў таму, толькі аднойчы — і болей ніколі. Але не-не дый кальне тое адчуванне іголкай пад сэрцам. 



Вось з чым трэба нам сканчаць раз і назаўсёды! З адчуваннем бяссілля, з нявер’ем. Маўляў, што мы можам? Ды ўсё! І ўжо многае змаглі. 



Сярод усіх даволі расплывістых вызначэнняў нацыі (агульнасць псіхалагічнага складу, гісторыі, культуры, самасвядомасці) ёсць і вызначэнне дакладна акрэсленае: «Нацыя — гэта народ, арганізаваны ў дзяржаву». Хіба мы не маем гэтага? Маем. І няхай хто заўгодна з чужых даводзіць нам, што нас няма, і хай для некага са сваіх не зусім гэтакі ў нас, як некаму хацелася б, народ і не такая, як некаму марылася, дзяржава, але і народ, і дзяржава ёсць! І будзе ўсё астатняе, што павінна быць у працавітага народа ў сучаснай дзяржаве, калі будзем помніць Дастаеўскага: «Народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы ёсць зарука жыццёвасці» — і пазбавімся «комплекса Саланевіча».

З Новым годам! 


31.12.13 11:46



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў