НЕХТА МЯНЕ ПЕРАЖЫВЕ

             

Сёння, у апошні дзень студзеня, ветраны і марозны, развітанне з Генадзем Грушавым...

У чарадзе страт апошняга часу гэтая страта адна з найбалючых.

Ён быў блізкі мне. Вельмі блізкі. Адзін з нямногіх, чыё меркаванне заўсёды было важным для мяне. Гэтаксама важным, як меркаванне Рыгора Барадуліна ці Генадзя Бураўкіна, якія разам з Грушавым сталі заснавальнікамі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”

Чалавек высокага інтэлекту і незвычайнай моцы духу, Грушавы са смяртэльнай хваробай жыў такім напоўненым жыццём, якім жыве не кожны, як ён казаў, клінічна здаровы. Доктар філасофіі, прафесар, старшыня фонда “Дзецям Чарнобыля”, дэпутат Вярхоўнана Савета 12-га склікання, ён спавядаў філасофію практыкі, умеў не толькі думаць, але і рэалізоўваць задуманае.  І галоўным праектам ягонага жыцця была незалежная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь. Гэты праект ён мог бы рэалізаваць, калі б ачоліў яго, стаў прэзідэнтам Беларусі, але чамусьці ён ніводнага разу не зрабіў такой спробы, дапамагаючы ў гэткіх спробах іншым. Менавіта ён істотна паўплываў на маё рашэнне пайсці ў палітыку - і менавіта яна, палітыка, паўплывала ўрэшце на нашы адносіны: апошнім часам у іх узнікла аддаленасць.

Ні ён, ні я не выяўлялі гэтага публічна, таму пра гэта можна было б і не казаць, але... Але адносіны нашы заўсёды былі гранічна шчырымі, і я не бачу прычын, па якіх цяпер павінна быць неяк інакш.

Праз тое, што мы аддаліліся, не было добра ні яму, ні мне. І ён, і я разумелі, што палітыка не вартая нашага сяброўства, але...

Але характары. Усмешлівасць і мяккасць не заміналі яму быць рэзкім, катэгарычным. Упартым.

Мой характар таксама не з воску злеплены. Абодва чакалі, хто зробіць першы крок...

У маім мабільным тэлефоне захаваліся нашы апошнія ліставанні.


Пн, 23 дек., 19:28

Някляеў - Грушавому

«Як заўсёды, запрашаем цябе на Каляды. Кампанія табе знаёмая: Акудовіч, Бураўкін, Вайцюшкевіч (у яго выйшаў новы альбом, дык на Каляды як бы прэзентацыя), Дранько-Майсюк ды яшчэ пара добра знаёмых табе людзей».

Ср, 25 дек., 15:36

Грушавы - Някляеву

«Яшчэ раз са святам! Збіраўся да цябе напаследак. Але бачу, што не хапае ў мяне сілаў залезці на твой пяты паверх. Такія вось справы… Можа, убачымся як-небудзь. Гаспадыні і гасцям – нізкі паклон. І прабач, калі што».

Чт, 26 дек., 12:02

Някляеў - Грушавому

«Ты ні ў чым ні прад кім – ва ўсякім выпадку перада мной - не вінаваты, так што няма мне чаго табе прабачаць… Я табе толькі ўдзячны. Шкада, што не пасядзелі ў застоллі на Каляды. Але ведай, што я, што Вольга сказалі б табе: ты дарагі нам чалавек. Дай табе Божа сілы!»

Чт, 26 дек., 13:10

Грушавы - Някляеву

Дзякуй за добрыя словы. Можа, яшчэ пасядзім. Гасцінцы, што я ўчора сабраў для вас, чакаюць свайго часу…»


Як па-рознаму ўспрымаюцца гэтыя словы ДА таго, што сталася, і ПАСЛЯ...  Божа, як па-рознаму!

Цяпер позна казаць якія-небудзь іншыя. Таму паўтару тыя, якія хацеў сказаць у святы вечар: ты дарагі мне чалавек.

У мужчынскіх размовах ты не любіў квяцістых слоў, на жыццё і смерць глядзеў спакойна, разважліва, як і належыць філосафу. Таму на развітанне - чатыры вершаваныя радкі на кнізе прозы “Знакі прыпынку”, якую надпісаў я табе на Каляды.


Рэчка ў пясок. Лісце ў траву.

Рыба ўсплыве. Нерат парве.

Некага я перажыву.

Нехта мяне перажыве.

31.01.14 13:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў