АДЗІН, ЯК ЧАС

   10 красавіка - 40 дзён па Рыгору Барадуліну. Сёння ён рушыў, як напісаў у адным са сваіх вершаў і як сябры назвалі выдадзеную да ягоных саракавінаў кнігу, у неба пехатою...


…На ўзыходзе сонца мы стаялі на ўзлеску пад Каралішчавічымі і глядзелі на мураша, які бегаў па пні ўчора спілаванай сасны. Ён бег і бег кругамі па колцах дрэва, пашыраючы кругі ад стрыжня да абалоні, не падбіраючы нічога ні для сябе, ні для мурашніка - і немагчыма было вызначыць мэту гэтага бегу.

“Гады лічыць”, - сказаў Барадулін.

Для яго было зусім натуральна, што мураш, бегаючы па колцах на пні спілаванага дрэва, лічыць гады, якія яно пражыло. Бо сапраўдны паэт - гэта цэласнае ўяўленне свету. Непадзельнае ў вялікім і малым, чалавечым і мурашовым - у жыцці і смерці.

“Смерці няма”, - сказаў ён напрыканцы жыцця.

Калі на Бутаўскіх кладах у Вушачах хавалі ягоную маці, ён, тады яшчэ малады, адышоў ад магілы і стаў кідаць у неба сасновыя шышкі. Немагчыма было вызначыць мэту гэтага дзеяння - як бег мураша па крузе. Але на небе быў Бог. А ў зямлю апускалі маці.

Пасля ён напіша, што маці - суперніца смерці. І выдыхне вершы з выяўленнем такой любові да жанчыны, якая падаравала яму жыццё, такога жалю праз яе страту, якіх ніхто ў паэзіі да яго не выяўляў.

              У фізічных высілках чалавек здольны не на шмат большае, чым мураш. Калі нават нешта закіне ў неба. А ў высілках духоўных ён можа наблізіцца да Бога.

“Паэт будуе сам сябе, як храм…” - сказана Барадуліным не ў маладосці - на схіле веку. Калі ўжо з’явілася адчуванне, што ён “адзін, як час”.

Да зоркі лёсу Пазычаным ценем Прывязаны, Я пасуся тут…

Хвароба, якая ў апошнія гады бязлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі - не закранула дух, розум, талент. Бог не даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радка, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін - светлы, ясны, высокі, пранізлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова.

              Калі яго апускалі ў зямлю, клалі побач з маці, сонца ўжо схавалася - і над кладамі, над вершалінамі соснаў хутка-хутка ўзышоў, нібы ўскрыліў, маладзік. Не выпадкова ўскрыліў: першая кніга Рыгора Барадуліна пазначаная маладзіком. Бог пра гэта не забыўся. І новенькі, толькі што адкаваны серпік маладога месяца здаваўся залатой прыступкаю, стаўшы на якую Барадулін і пайшоў ад нас. Так, як звык: пехатаю. Туды, дзе ягоная маці Куліна, ягоныя сябры Быкаў і Караткевіч: у неба.

10.04.14 8:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў