ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ

У траўні 86-га года, калі я прыехаў у Чарнобыль, там тварыўся суцэльны бардак: усё нібыта ахоўвалася — і не было ніякай аховы, можна было залезці хоць у сам рэактар. Яшчэ нават не пазбіраныя былі, выбухам выкінутыя з рэактару, кавалкі графітавых стрыжняў, — і ўбачыў я не жалезных робатаў, а жывых людзей, апранутых у халаты хімабароны (нібыта супрацьрадыяцыйныя) маладых салдацікаў, смертнікаў, якія звычайнымі шчыпцамі з падоўжанымі ручкамі тыя графітавыя кавалкі збіралі. Яны збіралі сваю смерць, але не разумелі, што рабілі, а тыя, хто разумеў і пасылаў іх на гэта, — разумелі, пасылалі і маўчалі. Маўчалі доўга, а калі ўжо вымушаны былі нешта казаць, дык казанка тая ў вуснах самага галоснага кіраўніка дзяржавы Гарбачова скіравалася да захаду, да перапалоханых немцаў, французаў, бельгійцаў, але не да сваіх. Убачыўшы ўвесь гэты жах, я спытаўся ў акадэміка Веліхава, які кіраваў тады (разам з акадэмікам Легасавым) усімі і ўсім у Чарнобылі: ну як, скажыце, такое можа быць?!. І ён даволі доўга тлумачыў мне сутнасць закону вялікіх лічбаў... Пасля тлумачэнняў я сказаў яму, што зразумеў-такі сутнасць гэтага складанага закону: бабы новых народзяць.

Пазней, ужо пад восень, я паехаў у Чарнобыль з кінагрупай, і мы знялі там фільм, у якім цэнзары з Міністэрства сярэдняга машынабудавання — назву ж якую прыдумалі для атамнай прамысловасці! — пакінулі толькі тое, што сведчыла пра гераізм і патрыятызм (што, безумоўна, было), але без аніякіх салдацікаў са шчыпцымі... Перад гэтым былі знішчаныя стужкі, знятыя групай, у якую ўваходзіў мой сябар Анатоль Ярась — ён памёр ад раку.

Наш фільм ніякавата было глядзець, але і нічога ўжо нельга было ў ім выправіць, адзнятыя матэрыялы ў нас пазабіралі. Тады з іншай творчай групай я сабраўся ў Маскву, каб зрабіць тэлепраграму з акадэмікам Легасавым, але, пакуль мы збіраліся, ён скончыў жыццё самагубствам  — павесіўся. Нехта казаў: менавіта праз тое, што сталася ў Чарнобылі (Легасаў быў адным з праектантаў рэактара), нехта называў іншыя прычыны…

Знялі мы ўрэшце тэлепраграму з акадэмікам Веліхавым, які, усяляк зацямняючы сутнасць праблемы, усё стараўся пераскочыць на высакалобую балбатню… Але ўсё ж на некаторыя пытанні быў змушаны адказаць наўпрост. Я спытаў: «Калі б нават не ў 30-кіламетровай зоне, а ў 100-кіламетровай аддаленасці ад яе, дзе-небудзь на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне жыў нехта з вашай сям'і, што б вы зрабілі?..» — і ён, пакруціўшыся трохі вакол рознаўзроўневых дозаў радыяцыі, усё ж адказаў: «Вывез бы, бо жыць там нельга. Калі, вядома, жыць, а не паміраць…»

А мы жывем. І колькі б кіламетраў ні пазначылі чыноўнікі межамі “зоны”, але ўся Беларусь апынулася ў ёй. У той ці іншай ступені.

Здавалася б, пасля гэтага ўся Беларусь, усе беларусы павінны былі стаць самымі актыўнымі ў свеце праціўнікамі “мірнага атама”, дык не! Будуем – ужо самі ў сябе! – яшчэ адзін Чарнобыль...

Чаму так? Чаму тыя, хто прыняў гэтае рашэнне, не саромеюцца даводзіць, нібы Чарнобыль не такі ўжо страшны, як яго малююць, а невялікія дозы радыяцыі могуць нават пайсці на карысць? А таму яны не саромеюцца гэта даводзіць, бо доўжаць традыцыі той дзяржавы, у якой і выбухнуў Чарнобыль, у якой машыны, зброя, наогул любое жалеза мела свой кошт, сваю цану, і толькі чалавечае жыццё не каштавала нічога. Дык вось дзеля таго, каб гэтую традыцыю скончыць, каб найпершай каштоўнасцю стала ў нашай краіне чалавечае жыццё, нам і трэба выходзіць на Чарнобыльскі шлях…

 

 

.
26.04.14 14:29



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў