СА СВЯТАМ ПЕРАМОГІ!

Перамогу ў Другой сусветнай вайне ўвесь свет святкуе 8 мая. У дзень, калі быў падпісаны акт капітуляцыі фашысцкай Германіі.

Савецкі Саюз святкаваў перамогу асобна ад усяго свету. Не толькі таму, што акт капітуляцыі па маскоўскім часе быў падпісаны дзевятага мая. Савецкі Саюз, Сталін зрабіў гэта яшчэ й дзеля таго, каб падкрэсліць, прадэманстраваць сваю особную, асаблівую, выключную ролю ў вайне і перамозе. Тое ж самае, як пераемніца СССР, дэманструе і Расія. Асабліва Расія сённяшняя, дзе спраўляюць баль, гатовыя развязаць трэцяю сусветную вайну, шавіністы, якія, выбраўшы для сябе гістарычна сумнеўныя сімвалы, крычаць на ўсіх плошчах і вуліцах: “Гэта мы! Гэта мы, а не вы перамаглі!..”

А два з паловай мільёнаў беларусаў, якія загінулі ў вайне, не перамаглі? Мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці, якія былі знішчаныя, спаленыя ў десяці тысячах беларускіх паселішчаў, не перамаглі? Іх крывёй, іх жыццямі аплачаная найвялікшая ў сучаснай гісторыі перамога. І яна — наша! Мы не адымаем і не збіраемся адымаць яе ў іншых, але тут, у Беларусі, па якой агнём пракацілася, мечам прайшла вайна, яна, перамога ў гэтай вайне, наша! І тут, у нас, мы нікому яе не збіраемся аддаваць!

Пра трагедыю вайны, пра кошт перамогі найлепш напісаў Васіль Быкаў. Ён, салдат Другой сусветнай, пісьменнік, вялікі сын Беларусі першы сказаў пра вайну і перамогу праўду. Менавіта таму актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” прыйшлі ў дзень Перамогі на ягоную магілу. Прыйшлі, каб ушанаваць памяць загінулых, выказаць найглыбокую ўдзячнасць жывым. Дзядам, бацькам — ветэранам, якіх усё меней і меней, якія адлятаюць і адлятаюць у вырай апошнімі сівымі жураўлямі…

Спытае нехта: “Як жывеш?..”

І ты ў адказ кіўнеш: “Нічога”.

Пасля спытай сябе самога:

Як ты жывеш? Ці так жывеш?

Прыдзі да Вечнага агню

І моўчкі, стаўшы на калені,

Правер агнём сваё сумленне

На праўду і на чысціню.

Калі ж устанеш прысягнуць

Усім, хто не вярнуўся з бою,

Ты не шукай іх за спіною -

Яны наперадзе ідуць!


.
09.05.14 11:57



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў