ВЕЧНАЯ АДСУТНАСЦЬ

Смерць - вечная адсутнасць, якая страшней за смерць.
9 дзён па Генадзю Бураўкіну...
Больш за тры месяцы няма Рыгора Барадуліна...
Сказаць, што без іх адзінотна - не сказаць нічога...
Але верш не пра гэта. Не пра іх смерць, а пра тое, чым яны жылі.
І з чым сыйшлі...



***
Па маёй, па тваёй, па чужой ці па нашай віне
Беларусь у знявазе, мане, у сабачым лайне.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком роднай мовы карміў,
Баіў байкі яму -
Там у кожным паэтавым сне
Бай хадзіў па сцяне
У чырвонам сваім каптане...

Баю-бай, баю−бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія. Некаму польскія сны.
У сваім каптане той жа Бай над калыскаю той,
Толькі з мовай чужою - душою чужой і крывёй.

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.
Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе,
на лёне,
на белым, як смерць, палатне...
7.06.2014


08.06.14 10:47



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў