ГАВАРЫ ПРАЎДУ!

Сто гадоў таму пачалася Першая сусветная вайна: 28 ліпеня 1914 года аўстра-вугорскія войскі перасеклі сербскую мяжу, іх артылерыя абстраляла Белград.
75 гадоў таму (1.09.1939) нападам Нямеччыны (Трэцяга рэйху) на Польшчу пачалася Другая сусветная…
Канкрэтны дзень, у які пачалася Трэцяя сусветная, вызначыць цяжка. Але відавочна, што пачаткам яе стаў напад Расіі на Ўкраіну. Днём жа, у які вайна пачалася, можна лічыць любы вясновы дзень 2014 года. У тым ліку 3 сакавіка, калі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сказала прэзідэнту ЗША Бараку Абаму, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін “страціў сувязь з рэальнасцю, жыве ў іншым свеце”.
Праз гэта ўсе мы, рускія і ўкраінцы, аўстрыйцы і сербы, беларусы і немцы, палякі і амерыканцы можам апынуцца ў іншым свеце. Калі не перастанем маніць самім сабе: не, вайны няма (гэтага, уцягнутая ў палітычную эквілібрыстыку Захаду і Ўсходу, наўпрост не прызнае нават аб’ект агрэсіі - Украіна), а ёсць, маўляў, толькі лакальны канфлікт, тэрарыстычная аперацыя - увогуле нешта такое, што да нас як бы не мае дачынення. Хоць насамрэч ёсць самая сапраўдная, бязлітасная, крывавая вайна, якую агульнымі высілкамі неадкладна трэба спыніць у яе разгаранні, перарастанні ў сусветны кашмар...
Чаму не спыняецца вайна? Бо не спыняецца мана. Татальная, у сваіх выявах пачварная. І самае пачварнае тое, што ў большасці сваёй мы смакуем гэтую ману! Смакуем і кроў “раскрыжаванага трохгадовага хлопчыка”, і кроў, якую "укры-бандэраўцы" для нечага высмакталі з людзей, пакідаўшы пасля іх трупы ў збіты "Боінг..."
“Калі пачынаецца вайна, першаю яе ахвяраю падае праўда”, - сказаў адзін з найлепшых сыноў Беларусі Алесь Адамовіч. І яшчэ адзін з найвялікіх беларусаў Васіль Быкаў ягоныя словы пацвердзіў: “Сумніўная гэта справа - шукаць праўду на вайне”.
Яны ведалі, што казалі...
Менавіта яе, праўду, мы павінны зратаваць, не даць ёй упасці ахвяраю ні ў Данецку, ні ў Берліне, ні ў Маскве, ні ў Кіеве, ні ў Вашынгтоне, ні ў Мінску, калі хочам выжыць. Не зратуем яе - загінем. Бо гэта - вайна.
Гавары праўду!


...Мой родны горад Смаргонь як бы не меў ніякага дачынення да забойства ў 1914 годзе ў нейкім Сараеве нейкага Франца Фердынанда... І тым не менш вось што праз гэта з маім горадам сталася...
На фота: Смаргонь, 1916 год.

.
28.07.14 22:51



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў