КРАПІВЕНЬСКАЕ ПОЛЕ

8 верасня − 500-годзе перамогі войска Вялікага княства Літоўскага над войскам княства Маскоўскага. 500-годзе Аршанскай бітвы. Дата, важная для ўсёй еўрапейскай гісторыі, але не для беларускай. Дакладней, не для сённяшняй, рэжымнай гісторыі, у галоўным музеі якой выдзеленая асобная зала для Аляксандра Лукашэнкі - і нават куточка не знайшлося для Канстанціна Астрожскага...
І тым не менш: у той бітве на Крапівеньскім полі продкі беларусаў спынілі нашэсце на нашу зямлю. Па сутнасці з перамогі пад Воршай і пачалася гісторыя Беларусі ў яе сённяшніх межах. Гісторыя балючая, складаная, заблытаная, перакручаная - як бы свая і не свая... Але крэўна знітаваная з крэўным.

КРАПІВЕНЬСКАЕ ПОЛЕ
(Фрагмент)

На Крапівеньскім полі вятры.
Палыны. На далоні патры −
Загарчыць. Торгне сутаргай, болем.
Тут вякі праплылі, як віры па Дняпры,
За палкамі палкі
тут прайшлі ваяры,
Змагары, што накрытыя полем.

На Крапівеньскім полі трава. Крапіва.
Тут крыві напілася Масква,
Татарва з крыжакамі ў хаўрусе...
Тут над імі
усімі
паўстала Літва −
І абрушылася ў Беларусі!..

...Хто цяпер мы?.. Фантомы. Няўлоўцы.
Славу продкаў забралі літоўцы,
Гонар продкаў палякі ўзялі,
Нас з гісторыі
пылам змялі,
І пад край, пад фінал, у канцоўцы
Мы − ударнікі па нарыхтоўцы
Гураў гною на роднай зямлі!

Ціск нармальны. І дыхаем роўна.
Па-тутэйшаму ўсё. Памяркоўна.
Мы забыліся ў сценах турмы,
Як ваярылі мы пад Дуброўнай,
Як пад Воршаю біліся мы!

На вачах
строй ваярскі радзее...
Кожны золак надзеяй ірдзее
Вырваць дух наш з халопства, з ярма,
Але ўсе спадзяванні дарма:
Не паўторыцца слаўная дзея,
Безнадзейная наша надзея,
Бо ў надзеі народа няма!

Дзе мы дзелі
літоўскую долю?
Веліч продкаў? Іх вольную волю,
Што яны аплацілі крывёй?

Як гарчыць палыном на Крапівеньскім полі −
І пячэ крапівой!..

І пячэ крапівой!

08.09.14 22:47



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў