КАБ ЗЯМЛЯ ВАС ПРЫНЯЛА...

19 верасня 1991 году бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Сярод нямногіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія не падтрымалі гэтае рашэнне ВС, быў дэпутат Лукашэнка (устрымаўся пры галасаванні). Цікава, што пазіцыю сваю ён аргументаваў… павагай да Канстытуцыі, у якой пры змене дзяржаўнай сімволікі трэба было памяняць адпаведныя артыкулы. А праз чатыры гады, стаўшы прэзідэнтам РБ, на Канстытуцыю ён напляваў − і адмяніў (праз рэферэндум, хоць Канстытуцыя не дазваляла гэтага) нацыянальны сцяг, нацыянальны герб, а заадно й нацыянальную мову. Тым самым у Беларусі была адмененая па сутнасці сама Беларусь – і гэта ёсць ні што іншае, як нацыянальная здрада, злачынства, за якое той, хто гэта здзейсніў, падлягае суду. І калі нават ён, усе яны, хто знічтажаў, зневажаў (і да гэтай пары зневажае!) нацыянальныя святыні, неяк выкруцяцца сёння, дык не выкруцяцца заўтра: ніхто, нічым і ніяк не адкупіцца ад суда гісторыі.
Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.

У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас —
Вярніце Мову!

Няма пачаткау і канцоў,
Усё — працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сцяг!

Улады сверб, што вас скубе,
І славы сверб —
Пакіньце ўсё сваё сабе,
Вярніце Герб!

Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.




19.09.14 19:36



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў