Адкрыты лiст беларускiм мiлiцыянтам

Таварышы міліцыянты!

20 кастрычніка 2014 года двое з вас у каторы раз мяне затрымалі. Як заўсёды, без ніякай прычыны. Калі не лічыць прычынай тое, што на вуліцы імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа каля дома, у якім жыў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, я казаў па-беларуску.

Да гэтага я звык. Вам кажуць - вы робіце. Такая служба. Але ёсць тое, да чаго звыкнуць немагчыма. Амаль кожны раз у кожным пастарунку нехта з вас патрабуе, каб я размаўляў не на сваёй мове. Адны ад мяне, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, патрабуюць “говорить по-русски», іншыя - «на человеческом языке». Тое самае адбылося пры сённяшнім затрыманні, чаму ёсць сведкі: двое затрыманых са мной журналістаў.

Сёння я сарваўся на крык.

Дарма.

Але дасталі.

Я стаміўся зачытваць вам артыкулы Канстытуцыі, тлумачыць закон, мае правы. Усё без толку, бо ўсе правы толькі ў вас, а ў мяне - ніякіх. І ўсё ж адно права я маю: бараніць сваю чалавечую годнасць. Мой нацыянальны гонар беларуса, гонар маіх продкаў, якія нарадзіліся на гэтай зямлі з Богам дадзенай мовай, на ёй маліліся, з ёй жылі і паміралі. І не вам яе ў мяне адымаць.

Вось і ўвесь закон.

Гэта не чалавечы закон. Боскі. Калі ён і далей будзе парушацца, мы ўсе, і паэты, і міліцыянты, пройдзем па гэтай зямлі бясследна. Памрэм нікім. Проста здохнем.

Сёння адзін з тых міліцыянтаў, якія мяне затрымалі, гэта зразумеў. І загаварыў на той мове, на якой размаўляў я. І нічога з ім не сталася: як быў, гэтак і застаўся маёрам.

Другі, старшы лейтэнант, няхай праз сілу, але прабачыўся, і даў слова афіцэра, што…

Зрэшты, не ў гэтым справа. Сёння зацеплілася ўва мне надзея, што ўсе вы некалі зразумееце нешта пра Беларусь. Пра тое, што насамрэч з ёй адбываецца. Ці калі не ўсе, дык ва ўсякім разе тыя, у каго кукарда не наўпрост да лоба прышпіленая.

Да наступных сустрэч,

Уладзімір Някляеў.

 

 

.
21.10.14 21:53



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў