ВАЙНА І МІР. Да гісторыі пытання


Я не пра раман «Вайна і мір» рускага пісьменніка Льва Талстога, аналага якога вось ужо 20 гадоў дамагаецца Лукашэнка ад беларускіх літаратараў. Я пра тую вайну, якую пачаў ён калісьці супраць нацыянальнай літаратуры - і пра цяпер прапанаваны мір.

План вайны быў складзены тагачасным (1998 г.) ідэолагам, беларусафобам, палкоўнікам Замяталіным. План меў на ўвазе раскол адзінай на той момант беларускай пісьменніцкай арганізацыі і экспрапрыяцыю яе маёмасці. Лукашэнка план ухваліў. Рэалізацыя яго была даручаная генералу Чаргінцу. Палкоўнік Замяталін разлічваў на яго як на генерала, а Лукашэнка - як на будучага аўтара рэмейку рамана "Вайна і мір", у якім меркаваў паўстаць царом Аляксандрам.

Разлікі Замяталіна апраўдаліся. Чаканні Лукашэнкі - не.

Бывае.

Ну ды не гэтак яно важна. Важней: у чым прычыны абвешчанай пісьменнікам вайны? Вось што ў той час сказаў пра гэта сам Лукашэнка на нарадзе сваёй вертыкалі.

"Ну что это за отношение у некоторой даже интеллигенции, у этой "рады" пісьменнікаў?.. Втихую приняли резолюцию накануне Нового года. Побежали на этот "дэмакратычны" бандыцкі сход, зачитали резолюцию. Для чего?.. О каком суверенитете, о какой независимости мы здесь говорим? Надо же быть разумными людьми!.. А если "рада" пісьменнікаў хоча быць незалежнай - с завтрашнего дня, Владимир Петрович (Заметалин), сделайте ее незалежнай! Вот и все! (Аплодисменты.)

Не тот президент - пусть выбирают себе другого... Мы еще разберемся с этим вопросом".

Разабраліся. Старшыня Саюза пісьменнікаў змушаны быў з'ехаць з краіны.

"Дэмакратычны бандыцкі сход" - гэта Кангрэс за незалежнасць Беларусі, на якім і была зачытаная рэзалюцыя Рады Саюза пісьменнікаў:

«Стварэнне "адзінай" расійска-беларускай дзяржавы будзе значыць на практыцы далучэнне Беларусі да Расіі. Змяненне дзяржаўнага статусу Рэспублікі Беларусь з'яўляецца не чым іншым, як iгнараваннем нацыянальных iнтарэсаў, і не можа лічыцца легітымным, бо супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Сёння Лукашэнка не пытае: "Аб якім суверэнітэце, пра якую незалежнасці мы тут гаворым?" Сам толькі пра гэта й вяшчае. Умеў бы вершы пісаць, казаў бы вершамі, ды закінуў іх яшчэ ў маладосці. Вось і вырашыў усё-ткі запрасіць тых, хто пісаць умее. Не адных генералаў. І прапанаваў мір.

Як вядома, нават кепскі мір лепшы за добрую сварку. Таму наўрад ці варта яго адвяргаць. Але прыняць яго можна толькі з адной умовай: вярнуць нарабаванае! І не толькі Дом літаратара ў Мінску, Дом творчасці на Іслачы, пісьменніцкую паліклініку, але і павагу дзяржавы да беларускіх пісьменнікаў, самаадданымі намаганнямі якіх і была сфармаваная ў пачатку мінулага стагоддзя сама беларуская ідэя - і зробленыя першыя крокі да беларускай дзяржаўнасці.

.
23.10.14 19:35



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў