ДЭПАРТАЦЫЯ СУМЛЕННЯ

Дэпартацыя за перавышэнне хуткасці − гэта, канешне, know how самай відушчай у свеце беларускай Феміды, кара якой спасцігла гэтым разам праваабаронцу Алену Танкачову. Гэта яшчэ адзін крок на шляху дэпартацыі з нашай краіны не толькі законнасці, але й чалавечнасці, годнасці, сумлення. Хоць дзеля праўды трэба сказаць, што перавышэнне хуткасці аднойчы ўсё ж было...
Неяк Алена патэлефанавала: «Я выпадкова з жанчынай пазнаёмілася, улюбёнай у вашы вершы. Дапамагла ёй з крамы дахаты сумку паднесці, разгаварыліся. Яна ва ўзросце, не надта здаровая і вельмі адзінокая. Калі б вы зайшлі да яе хоць на паўгадзіны, у яе было б паўгадзіны радасці…»

Яна прыехала, завезла да той жынчыны - колішняй дыктаркі беларускага радыё. Мы доўга сядзелі, гаварылі, пілі гарбату, чыталі вершы, гарталі ў фотаальбомах пражытае жыццё… Не заўважылі, як звечарэла, а ў восем вечара я абвязкова мусіў быць дома - пад наглядам крымінальна-выканаўчай інспекцыі. «Ну пабудзьце яшчэ трошкі, вы ж бачыце, як яна шчаслівіцца, а я вас даімчу, паспеем», - казала і казала Алена, якая проста ззяла праз тое, што выйшла так, як яна хацела, што ў доме, дзе жыла самотная адзінота, хоць на нейкі час пасялілася радасць.
Дахаты яна мяне сапраўды даімчала…
Дык вось як вы мяркуеце: сярод тых, хто «кляпаў справу», рыхтаваў дэпартацыю, хто ўчыніў непрыхаваны здзек над Аленай Танкачовай, ёсць хоць нехта, ну хоць адзін, хоць адна, хто затраціў бы дзень свайго жыцця на тое, каб падараваць хвіліну радасці незнаёмаму, хвораму, адзінотнаму чалавеку?..
Наўрад ці. Каб так было, у нас была б іншая краіна.

06.11.14 0:31



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў