МАЙДАН

Сёння гадавіна Майдану.


Што адбылося на Майдане?.. Народ скінуў уладу, каб займець свабоду.

Што з гэтага выйшла іншая рэч.

Чаму так выйшла?.. Бо ўлада і свабода могуць суіснаваць толькі ў тым выпадку, калі абмежаваная адна і абмежаваная другая.

Хто толькі і што толькі пра свабоду і ўладу ні пісаў, ні казаў... Мне запомнілася тое, што сказаў Карл Людвіг Бэрнэ.


Пра ўладу: “Тайна ўлады ў тым, каб ведаць: іншыя яшчэ болей баязлівыя, чым мы”.


Пра свабоду: “Быць свабодным гэта нішто; стаць свабодным гэта ўсё”.


Калі ты нарадзіўся ў гета (а Бэрнэ не толькі нарадзіўся ў гета ў Франкфурце, але і памёр у гета ў Парыжы), дык, кажучы гэтак пра свабоду, ты, мусібыць, ведаеш, што і пра што кажаш.


А большасць проста не ведае... Можна сто, тысячу разоў паўтарыць: “Свабода! Свабода! Свабода!” і нават не ўяўляць, што гэта такое.

Свабода не паняцце, як бы ўдала ні было яно сфармуляванае. Свабода адчуванне. І я назаўсёды буду ўдзячны Майдану за тое, што адчуў яе, свабоду. І цяпер ведаю, што яна сапраўды ёсць.

21.11.14 22:52

Уладзiмiр Някляеў