НАРОДНЫ

24 лютага - дзень народзінаў Рыгора Барадуліна. Народнага паэта.

Ён народны не таму, што гэтае званне яму некім нададзенае. Ён адзін з нямногіх, хто гэтаксама як Колас, як Купала ўвабраў у сябе ці ні ўсю беларускую спрадвечнасць. Увесь народны дух.
Ён быў паэтам - і яшчэ ён быў тым, кім перастаў быць наш абрабаваны, у якога аднялі мову, народ. Моватворцам. І некалі беларусы да зямлі паклоняцца за гэта свайму Паэту. Запознена, але што ж, калі няма прарока ў сваёй Айчыне, калі народ пакланяецца ідалам, жыве не праўдай, а падманамі. Калі, як напісаў Барадулін, “яшчэ шкадуе сон зярнят сяўніца”.
Зрэшты, хто з нас не падманваўся? Які народ?.. Які чалавек?.. Само жыццё - хіба не падман? Прычым, ці ні найвялікшы. Вось яно ёсць - і вось яго не стала, як і не было...


ПАДМАНЫ ПРАЗРЫСТАЙ ВАДЫ

Р. Б.

Ты ўспомні: прыйшлі мы сюды,
Глядзелі ў глыбіні і высі
Дасяжныя. Так пачаліся
Падманы празрыстай вады.

На ёй мы шукалі сляды
Анёлаў, абутых і босых.
Так доўжыліся ў нашых лёсах
Падманы празрыстай вады.

Сляды прывялі ў нікуды.
Самкнуліся, ціха сыйшліся,
Як вейкі, глыбіні і высі,
Падманы празрыстай вады.


Здымкі праз гады:
Адзін з першых здымкаў - і адзін з апошніх...

24.02.15 16:29



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў