ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ БЫКАВА

"Са шпіталю, дзе ляжаў Васіль Быкаў, 22 чэрвеня ўвечары патэлефанаваў мне прафесар Генадзь Мураўёў. Недзе пасля шасці. Сказаў, што ў яго праблема, якую ён не ведае, як вырашыць. І хацеў бы са мной сустрэцца, каб параіцца.

Ён прыехаў з Бараўлянаў, сустрэліся і пайшлі па горадзе...

Быкаву засталося жыць, можа, да заўтра. Ён гэта адчуў і папрасіў Мураўёва, каб яго завезлі дахаты. Бо хоча памерці ў сваім ложку.
Ува мне ўсё сцялася: «Дык завязіце, Генадзь Мікалаевіч. Я б завёз, магу зрабіць гэта з вамі».

Мураўёў сказаў, што Быкаў, адключаны ад сістэмы штучнай падтрымкі жыцця, можа памерці і хутчэй за ўсё памрэ ў машыне.
Тут была праблема... Для доктара яшчэ якая... Я спытаў: «А што Ірына Міхайлаўна?..» Мураўёў адказаў, што нічога. Ці Васіль Уладзіміравіч з ёй пра гэта не гаварыў, ці яна баіцца і таксама не ведае, якое прыняць рашэнне. Яна ж яшчэ спадзяецца...

Васіль Быкаў з жонкай Ірынай Міхайлаўнай


Я сказаў Мураўёву, што, канешне, узяць такое на сябе ён не можа. А сам вырашыў паехаць і пагаварыць з Ірынай Міхайлаўнай.
Не паспеў... Па дарозе, забегшы дамоў пераапрануцца, зазірнуў да Ніла Гілевіча. Проста словам перакінуцца, бо раптам стала ўсіх шкада, а ён гаротна адзіноціўся: ягоная жонка памірала ад той жа хваробы, ад якой паміраў Быкаў. Перагаварылі, я выйшаў — і ў пад’ездзе сустрэў суседку, якая сказала, што мяне шукаюць, толькі што дамоў званілі: Васіль Уладзіміравіч памёр.

Было каля дзевяці вечара... Суседкай, якая паведаміла мне пра смерць Васіля Быкава, была пляменніца Уладзіміра Караткевіча. Можа, і няма ў тым нічога, але нешта ёсць... Асабліва, калі прачытаць ва ўспамінах Быкава, як не даваў яму Караткевіч сумаваць, суцяшаў ва ўсіх жыццёвых клопатах і казаў, што абодва яны ў кнігах сваіх будуць жыць у народзе. Дадаючы, праўда, што сам народ, калі таго не захоча, можа і не жыць".


З кнігі "Знакі прыпынку".


22.06.15 14:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў