ВЫРАЙ

Учора пайшоў з жыцця мастак Георгі Скрыпнічэнка, а сёння ўслед за ім адляцеў у незваротны вырай актор Сяргей Журавель.

Гэта ўжо не барадулінскае, маё пакаленне...

Недзе гадоў дзесяць таму мы з Георгіем прыйшлі на спектакль “Арт” (пастаўлены Пінігіным), у якім Журавель выконваў ролю чалавека, пра якога ягоны сябар казаў: “Ён з тых, хто ніяк не можа змірыцца з сучаснасцю, і чамусьці ганарыцца гэтым”.

Калі пасля спектакля сядзелі ў кавярні, Георгі сказаў: “Я таксама...” “Што ты таксама?..” – спытаў Сяргей. “Змірыцца не магу, – адказаў Георгі. – Хоць ганарыцца тут няма чым”.

Г. Скрыпнічэнка. Аўтапартрэт.

Яны не ганарыліся, але не зміраліся. З пошласцю не зміраліся, халтурай, з сучасным пафігізмам. Прафесійна, высока служылі мастацтву – і спраўдзілі сваё творчае і чалавечае прадвызначэнне.

Дзякуй ім за тое, што я адчуваў, абдымаючы іх пры сустрэчах і развітаннях.

С. Журавель у ролі Кутузава.

І больш сяброў — і менш... Такая справа...

I зойме раптам адзінота дых,

I ты вярнуць хацеў бы нават тых,

Каго вяртаць даўно не маеш права.

Як на слупах пажоўклыя аб'явы,

У памяці размыты твары іх,

Былых каханых і сяброў былых;

I іх вяртаць — балючая забава.

Яны прайшлі, як вёсны альбо зімы,

Яны ў трамваях пралятаюць міма,

Ніхто з іх нават не зірне назад,

Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,

Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,

Але ніяк не пазбягаем страт.

14.08.15 17:59



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў