НІ Ў ЯКІЯ АПАЗІЦЫЙНЫЯ КААЛІЦЫІ Я НЕ ЎСТУПАЮ

Я ПРЫЙШОЎ ПАДТРЫМАЦЬ МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА. 
НІ Ў ЯКІЯ КААЛІЦЫІ Я НЕ ЎСТУПАЮ

Заява на прэсавай канферэнцыі

Ніколі яшчэ я не перажываў такой невыноснай, як сёлетнім летам, спёкі, і не адчуваў такога невыноснага, як гэтым летам, сораму. Гэткага вострага, што калі б не прысутнасць у нашым грамадска-палітычным жыцці Мікалая Статкевіча, сораму было б не стрываць. І я прыйшоў на сённяшнюю прэсавую канферэнцыю, каб яшчэ раз публічна падзякаваць Мікалаю Статкевічу за ягоную мужнасць, якая дамагае тым, хто мае сорам і сумленне, не падаць духам, трываць, адчуваць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць.

Апроч таго, я прыйшоў падтрымаць Мікалая Статкевіча - кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Ён кандыдат у прэзідэнты яшчэ з 2010 года. Вызваліўшы яго як палітвязня, цяперашні беларускі рэжым сам прызнаў яго палітвязнем - што б там ні было напісана ў паперы пра яго вызваленне. А значыць, сам рэжым прызнаў, што права выбіраць і выбірацца Мікалай Статкевіч пазбаўлены незаконна, і пакуль гэтае ягонае права не будзе адноўленае, датуль ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыццца законнымі, быць прызнанымі. І датуль ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі не можа ў іх удзельнічаць, калі толькі ён не здрадзіў дэмакратыі і не перайшоў на бок рэжыму.

Урэшце я прыйшоў падтрымаць палітыка, які вырашыў зрабіць спробу хоць нейкага аб’яднання апазіцыйных сіл. Але тут ёсць праблема. Яна палягае ў тым, што я заявіў пра свой выхад з апазіцыі - і пакуль не бачу ніякагэ сэнсу ў яе вяртацца. Я заявіў таксама, што спыняю свой удзел у палітычнай кампаніі пад назвай прэзідэнцкія выбары - і не бачу ніякіх падстаў для таго, каб пераглядаць рашэнне...

Мы знайшлі ў гэтым паразуменне - і дамовіліся так: ні ў якія кааліцыі, палітычныя альянсы, групоўкі апазіцыі я не ўступаю. Ні ў якім разе. Я ўжо там быў. Досыць. Я займаюся стварэннем грамадскага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” - і буду займацца гэтым далей. Але ва ўсім, у чым будзе патрэбная мая дапамога, я гатовы Мікалаю Статкевічу дапамагаць. І там, дзе гэта будзе неабходна, у барацьбе за нашыя грамадзянскія правы, за дэмакратычную Беларусь, за яе сапраўдную незалежнасць, у акцыях пратэсту супраць антынацыянальнай палітыкі рэжыму, на пікетах, мітынгах, паўсюль, дзе трэба будзе стаяць плячо ў плячо, мы будзем разам. 
28.08.2015, 
Мінск.

.
28.08.15 14:51



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў