Свабода — гэта калі ўзнікае вера і знікае страх

10 верасня Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька правялі “пікет за свабодыя і справядлівыя выбары”. Але гэта ўхвалілі не ўсе нават з дэмакратычнай супольнасці.
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч нават заклікаў арганізатараў пікету: “Не рабіце гэтага болей! Абрыдла ўжо! Кемлівыя і разважлівыя людзі ўсё зразумелі пра гэтыя "выбары", і адвярнуліся ад іх. Засталіся экзальтаваныя, рамантычныя, наіўныя. Вы дадаеце ім марнай надзеі, і адштурхоўваеце ад сябе кемлівых і разважлівых”.
Naviny.by звярнуліся да паэта, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева з пытаннем, ці ёсць яму што адказаць на такую заяву. 


— Ёсць. Найперш тое, пра што не прамінае магчымасці нагадаць сам спадар Мацкевіч: “Думаць пра нешта і думаць нешта — гэта не адно і тое ж”. 


Палітыка філосафа і філасофія палітыка — розныя рэчы. 

Ад філософа і метадолага ніхто не чакае нічога, апроч філасофіі і метадалогіі. І ў адносінах да яго — гэта навука. А ў адносінах да палітыка — балбатня. Ва ўсякім разе, для большасці. Колькі і пра што б палітык ні разважаў, ад яго чакаюць дзеянняў. І калі б той жа Статкевіч хоць як, але не дзейнічаў, дык палітычны капітал, які ён заўмеў, годна прайшоўшы праз турму, вельмі хутка стаўся б пылам.
Спадар Мацкевіч хоча страціць свой філасофска-метадалагічны капітал? Не выглядае на тое. Наадварот, усяляк намагаецца да яго хоць нешта дадаць. Таму і напісаў пра пікет з гледзішча “кемлівага і разважлівага чалавека”. Але калі ты кемлівы і разважлівы, дык не мусіш таго, чаго не хочаш сам, хацець ад іншага. Ці гэткая тэза не мае дачынення да філасофіі?.. 


— Ну, Мацкевіч жа разважае не столькі пра пікет, колькі пра ягоныя наступсты. І нават дбае пра ваш імідж: “Той маленькі натоўп, што атрымаўся на "карцінцы", не варты часу, энергіі і намаганьняў лідараў нацыянальнага ўзроўню. Вы ствараеце шоў, якое патрэбна Лукашэнцы і Ярмошынай. Кожнае такое шоў, кожны такі фарс, кожны скандал, кожная "карцінка" дадае пэўную колькасць тых, хто прыйдзе на ўчасткі 11 кастрычніка”. Вось што ён сцвярджае… 

— У філасофіі, як і матэматыцы, ёсць сцверджанні, якія карысныя не самі па сабе, а для доказу іншых сцверджанняў. І калі матэматыка патрабуе, каб яны абавязкова былі даказанымі, дык філасофія да гэтага не абавязвае. Што і дазваляе спадару Мацкевічу сцвярджаць, нібы заклік да няўдзелу ў выбарах, дзеля чаго і праводзіўся пікет, “дадае пэўную колькасць тых, хто прыйдзе на ўчасткі 11 кастрычніка”. І потым на падставе гэтай тэзы ён даводзіць усе астатнія. 

 З чаго раптам? 


200 чалавек, якія прыйшлі на пікет, сказалі НЕ “выбарам”. Тыя тысячы людзей, да якіх дайшла інфармацыя пра заклікі на пікеце, таксама скажуць “выбарам” НЕ! Дык для чаго яны пойдуць на выбарчыя ўчасткі? Каб даказаць сцверджанне філосафа Мацкевіча? 

 Я з павагай стаўлюся да спадара Уладзіміра, мне цікава з ім размаўляць. Ён на дзіва ўпарты ў сваіх высновах — і мне імпануе ягоны характар. Але не меней імпануе іншае: у нейкі момант прызнаць, што пераўзбудзіўся, пераўпарціўся. Так, напрыклад, было, калі ён даводзіў мне, што ўсе мае высілкі ў стварэнні руху “За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі” марныя. А напрыканцы нашага дыялогу ледзьве не запісаўся ў актывісты руху. 


Я разумею, што філосафу не месца ў натоўпе, але раю: спадар Уладзімір, хадзіце ў натоўпы! У гушчар людзей, якія на вашых вачах акрыляюцца тым, што вы называеце “марнай надзеяй”. 

А ведаеце, чаму акрыляюцца? Бо ў сэрцах іх узнікае вера — і знікае страх. І гэта дае адчуванне свабоды, якое нясуць яны іншым. Я адчуваў гэта на нашай Плошчы, адчуў на Майдане, за што па скон буду яму ўдзячны. І менавіта праз гэта ніхто мне не давядзе, што Плошча, Майдан — памылка. Я магу згадзіцца, і згодны з вамі, што ў Кіеве і Мінску памыліліся палітыкі. Але не Плошча і Майдан. Хто не хоча выходзіць на іх — не выходзіць. Не памыляецца. 


Памятаеце максіму, якую выказаў Карл Бёрнэ, які нарадзіўся ў няволі і ў няволі памёр? «Быць свабодным — гэта нiшто; стаць свабодным — гэта ўсё». І, наколькі я помню, Бёрнэ — філосаф, якога спадар Мацкевіч паважае.     Читать полностью: http://naviny.by/rubrics/elections/2015/09/11/ic_articles_623_189726/

 

 

 

.
11.09.15 21:50



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў