РАЗВІТАННЕ З РАДЗІМАЙ

25 верасня - 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтара знакамітага “Паланэза”. Выдатнай музыкі, бліскучай мелодыі, якая прэтэндавала ў пачатку 90-х на тое, каб стаць гімнам назалежнай Беларусі.
Калі б стала, дык усё ў нас даўно было б інакш. Бо нішто гэтак не ўплывае на нашы пачуцці, памкненні, як музыка. Бо пад такую, еўрапейскую музыку дыктатура не танцуе. Яны маршыруе пад савецкую.
Але ўжо відаць, што стамілася на маршы.
Усе цішэй гучыць барабаны і літаўры савецкага гімна.
Усё выразней - мелодыя Агінскага…


Фальварак Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне, на зямлі старажытнай Нальшы,

дзе быў напісаны паланэз "Развітанне з Радзімай"


УРЫВАК З ПАЭМЫ “ПАЛАНЭЗ”

На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж,

і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч з ім —

Ягайла, пяты сын Альгерда...


— Калі не ведаеш, дык ведай, —
Прамовіў ён. — Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам —
І ў нас няма прад ёю доўга.


А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедзімін
Заваяваў сталіцу вількаў.


Праз гэты доўг — супроць Масквы —
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб  л е с  Вялікае Літвы
Не стаўся  л ё с а м  Беларусі!


Ды ўсё дарма... Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў...
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто — народ? Вы што — дзяржава?
Адкуль, калі няма слядоў?


Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.


Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной —
І тая назва стала вамі.


Вы — беларусы?
Хто такія?
Ёсць Польшча,Жмудзь, Літва, Расія —
Як вы ўшчаміліся сярод?
Адкуль з’явіліся? З балот?
З чаго зляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен, такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ.


І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы не горш?..


Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць?
Ці біцца ў грудзі —
Ці ўстаць
за крэўны край
грудзьмі?


25.09.15 12:13



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў