ЗАПАЛІМ СВЕЧКІ ПАМЯЦІ

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя 132 (па спісе на сённяшні дзень) беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі. Усяго ж пад сталінскія рэпрэсіі падпала прыкладна столькі ж беларусаў, колькі загінула ў Другой сусветнай вайне.  
Нагадваю, што 29-га а 18.30 збіраемся каля будынку КГБ (пр.Незалежнасці, 17), каб ушаваць іх памяць.
Многія пытаюць, што браць з сабой? Сцягі, харугвы?.. Не. Толькі свечкі, лампадкі. Не будзе мітынгу, не будзе прамоўцаў і прамоў. Хвіліна маўчання. Даніна памяці.
Яшчэ пытаюць, як быць з законам “больш за трох не збірацца”?
У нармальнай краіне не можа быць законаў, якія б забаранялі ўшанаваць памяць загінулых. Родных і блізкіх. Па крыві, па духу. Запаліць свечкі там, дзе іх не стала. Замінаць гэтаму могуць толькі дзікуны. Такія ж, якія стралілі ў патыліцы паэтам у 37-м.
Сённяшнія супрацоўнікі КГБ кажуць, што яны - не тыя. Іншыя. Калі так, дык няхай выйдуць да нас не з дубінкамі, а са свечкамі - і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. Толькі тады можна будзе паверыць, што ў нашай краіне нешта можа змяніцца. А пакуль на могілках, дзе пахаваныя ахвяры жудасных сталінскіх рэпрэсій, будуюцца дамы для забаў, а да помніка “жалезнага Фелікса”, аднаго з сімвалаў тэрору, ускладаюцца кветкі, паверыць у змены цяжка. Увогуле немагчыма, бо, як сведчыць досвед іншых краін і народаў, з гэткай жахлівай мінуўшчыны можна выйсці толькі праз ачышчэнне, праз пакаянне.
28.10.15 20:03



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў