ПАДМУРАК, НА ЯКІМ СТАІМ!

             


Музей Тадэвуша Касцюшкі ва Ўрочышчы Марачоўшчына пад Косава – муляж. Стары дом згарэў, новы пастаўлены ў 2004 годзе. Але пастаўлены ён на падмурку, на якім насамрэч стаяла сядзіба Касцюшкаў. І сапраўдны, з векавечных камянёў падмурак робіць сапраўдным усё астатняе.



На 270-я ўгодкі нашага нацыянальнага героя мы правялі тут нараду берасцейскіх сяброў руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць!”



“Беларусь, – казалі на нарадзе, – пакуль шмат у чым падобная на муляж. Муляжныя сцены, дах, але падмурак – сапраўдны! Ён закладваўся яшчэ ў часы Касцюшкі, Каліноўскага (“Люблю Беларусь!”), умацоўваўся ў 1918 (БНР!), 1990 і 1991 (Дэкларацыя і Закон аб незалежнасці).



Здараліся часы, калі пад попелам з галавешкамі гэтага падмурку і не відно было. Але ён быў! І Беларусь не скончыцца, не згіне, мы зратуем яе, калі не дадзім, не дазволім парушыць нашу дзяржаўнасць, нашу незалежнасць! Падмурак, на якім стаім!

05.02.16 13:53

Уладзiмiр Някляеў