ВОСЬ НЕЯК ТАК

Звычайна я забываюся на такіх людзей. Выкідваю іх з памяці, як выкідваюць смецце. Нехта з іх мяне несправядліва судзіў, нехта вартаваў, нехта катаваў, нехта супраць мяне лжэсведчыў... Не хачу ні помніць, ні называць іх імёны, прозвішчы. Нібы іх не было. Але бываюць выпадкі, калі трэба назваць.


24 сакавіка супраць мяне лжэсведчылі ў чарговым судзе інспектар Цэнтральнага РУУС г. Мінска капітан міліцыі Аляксандр Кухта, а таксама байцы АМАПу Алег Баразноў і Андрэй Кампаніец. І я забыўся б на іх, як на ўсіх астатніх, калі б адзін з іх не запатрабаваў у судзе, каб я, беларус, размаўляў на “нормальном русском языке”. Беларуская мова для беларускага міліцыянта не нармальная. 


Я не ўпершыню (ды каб толькі я!), нават не ў дзесяты раз сутыкаюся са знявагай нацыянальнай годнасці. І заўсёды, кожны раз – з боку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. МУС і КДБ. Нібы іх наўмысна гэтаму навучаюць. 


Некалі я ўжо звяртаўся да кіраўнікоў гэтых ведамстваў, генералаў Куляшова і Зайцава з тым, каб яны спынілі гэтую ганебную практыку. Без толку. Іх не стала – практыка засталася. Цяпер публічна звяртаюся з тым жа да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і старшыні Камітэта дзяржбяспекі Валерыя Вакульчыка. Калі таксама без толку, што ж...


Магчыма, ні Вакульчык, ні Шуневіч ні з чым падобным асабіста не сутыкаліся і не ведаюць, не ўяўляюць, што адбываецца ў душы, што ўзнікае ў сэрцы чалавека, зняважанага ў ягонай нацыянальнай годнасці. Таму тлумачу: узнікае жаданне ўгрызціся зубамі ў горла таго, хто абразіў, зняважыў у табе найсвятое, спрадвечнае, крэўнае, і не расціскаць зубы датуль, пакуль ён не сканае. 


“Вось неяк так...” – як кажа сённяшняя моладзь. І гэткія пачуцці, такія эмоцыі выклікаюць не ворагі, якія напалі на Беларусь з поўначы ці поўдня, усходу ці захаду, а вашы супрацоўнікі. У большасці людзі, якія нарадзіліся беларусамі, а сталі ненавіснікамі ўсяго беларускага. Чаму і як яны такімі сталі? І дзе, калі служылі ў беларускім войску, служаць у беларускіх сілавых структурах?..


Я магу і зразумець, і нават дараваць (Бог усім суддзя) і лжэсведчанні, і несправядлівыя прысуды, і здзекі, і катаванні – барацьба. Але не гэта... Не глумленне на маёй зямлі над маімі святынямі. Гэтага ніхто не даруе, калі мае нацыянальны гонар, чалавечую годнасць...

Усіх, хто мае гонар і годнасць, у кім б’ецца беларускае сэрца, заклікаю 25 сакавіка на святкаванне дня Волі, якое пачнецца а 17.00 ускладаннем кветак да помніка Янку Купалу. 


Жыве Беларусь!

25.03.16 15:52



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў